Магазін вясковы не горш за гарадскі

Вольга Вядзмедзева і Айна Буш, загадчыца і прадавец магазіна вёскі Літусава Сенненскага райпо, кожны дзень ідуць на работу з жаданнем, працуюць з натхненнем, хаця такое слова, здавалася б, складана прымяніць да дзейнасці гандлёвых работнікаў. Але паназіраўшы за тым, як абслугоўваюць пакупнікоў Вольга Вячаславаўна і Айна Гунтараўна, лёгка ўпэўніцца, што гэтыя людзі сапраўды на сваім месцы, бо працуюць з задавальненнем, знаходзяць добрыя словы для кожнага наведвальніка.

   Дарэчы, калі б чытачу ўдалося апынуцца нейкім дзівосным чынам у памяшканні літусаўскага магазіна, ён ніколі б не здагадаўся, што гэта гандлёвае прадпрыемства вясковае. Мноства прамысловых тавараў, добры асартымент харчовых, выкладка на вітрынах па ўсіх правілах гандлю, сучаснае абсталяванне наво­дзяць на думку, што трапіў у гарадскую краму.

 «Свой магазін мы «зрабілі» самі», — і жартам, і ўсур’ёз гаворыць загадчыца. Гэта «зрабілі» азначае высокую рэпутацыю, добры імідж гандлёвай кропкі. Вопыту і ўмення працаваць у сферы гандлю Вользе Вя­дзмедзевай не займаць. Раней трымала прыватны бізнэс, мела ўласныя магазіны. Свая справа навучыла простай ісціне: калі асартымент адпавядае попыту, будзе і выручка. Даведзены райспажыўтаварыствам план, калектыў магазіна выконвае заўсёды. Неабходны тавар на паліцах ёсць,  таму і ў пакупніках няма недахопу. За дзень у краму прыходзяць да 300 чалавек. Гандлёвая кропка абслугоўвае, акрамя Літусава, чатыры навакольныя вёскі. Улетку да вяскоўцаў прыязджаюць з гарадоў дзеці і ўнукі. У мясцовую зверагаспадарку часта наведваюцца госці з іншых краін. Прыходзяць яны і ў магазін. Таму прадаўцы, каб было не сорамна перад іншаземцамі, заўсёды трымаюць марку. Добры настрой — такі ж неад’емны атрыбут у рабоце, як, напрыклад, вагі, сцелажы для тавараў. Гэты стыль поўнасцю падтрымлівае Айна Гунтараўна, нягледзячы на тое, што выхоўвае чатырох дзяцей, значыць клопатаў хапае і дома.

  Сваю важкую лепту ў поспех калектыву ўносіць і грузчык-уборшчыца Наталля Сцяпанаўна Сапега. Чысціня і ўтульнасць, своечасовая дапамога прадаўцу — яе справа.

 Пакупнікі, з якімі давялося пагутарыць, задаволены абслугоўваннем. Ніхто не змог прыпомніць ні аднаго выпадку якіх-небудзь парушэнняў правілаў гандлю ці непаразуменняў з прадаўцамі.

 Прыемна адзначыць, што добрая работа не застаецца незаўважанай. Сёлета партрэт загадчыцы магазіна Вольгі Вядзмедзевай будзе змешчаны на раённай Дошцы гонару.

 Таццяна Буракова.

На здымку: загадчыца магазіна в.Літусава Вольга Вядзмедзева (злева) і прадавец магазіна Айна Буш абслугоўваюць пакупніцу.