Супер-мужчины живут на Сенненщине

У шосты раз на Сенненшчыне прайшоў конкурс «Супер-мужчына».  Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны, адбылося ў раённым Доме культуры. Пачалося яно з выступленняў старшыні райвыканкама Віктара Цапоты і ваеннага камісара Сяргея Пінчука, якія шчыра павін­шавалі мужчын са святам.

Пазнаёміцца з пяццю канкурсантамі, іх візітоўкамі, танцавальнымі нумарамі, убачыць іх у рамантычным вобразе прыйшлі многія. Білеты на канцэрт раскупілі яшчэ за тыдзень.

Больш чым тры гадзіны прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва здзіўлялі гледачоў сваімі  артыстызмам, талентамі.

Настаўнік фізкультуры сенненскай СШ №1  Анатоль Рыбчанка, начальнік групы прызыву на ваенную службу Сенненскага ваенкамата Антон Баталка, майстар па будоўлі філіяла РВУ «Сяннорайгаз» Кірыл Лакотка, дырэктар Нямойтаўскага СДК Андрэй Бірулін і настаўнік матэматыкі і біялогіі УА «Яноўская агульнаадукацыйная дзіцячы сад-школа ім. Л.Цурана» Дзяніс Лубнін з’яўляліся перад гледачамі то ў вобразе султанаў, цароў, папулярных спевакоў, то станавіліся галоўнымі героямі кінастужак. Нумары выконваліся на даволі высокім узроўні. Цяжка было, часам, адрозніць, дзе выступаюць прафесіяналы, а дзе людзі, якія не маюць дачынення да сцэны.

За кожны конкурс журы, у склад якога ўваходзілі жанчыны, выстаўляла балы.  Лепшым прызналі Анатоля Рыбчанку, які стаў «Супер-мужчынам 2012». «Пабалець» за свайго настаўніка прыйшлі вучні. Яны выходзілі разам з любімым педагогам на сцэну і забяспечвалі моцную падтрымку  зала.

Андрэя Біруліна жанчыны назвалі «Містэрам артыстычнасць», і недарэмна. Група «Судьба», у якой спявае мужчына, добра вядомая на Сенненшчыне. Канцэрты, вяселлі, рэдка абыходзяцца без выступлення музычнага калектыву.

Антон Баталка стаў «Містэрам міласэрнасць». Вобраз воіна прысутнічаў ва ўсіх нумарах маладога чалавека. Не засталіся раўнадушнымі гледачы да выступлення яго групы падтрымкі, у якую ўваходзілі толькі дзяўчаты.

Высокі, статны бландын Кірыл Лакотка перамог у намінацыі «Містэр элегантнасць». Ён цудоўна справіўся з вобразам Яшкі-артылерыста з кінастужкі «Свадьба в Малиновке» і заўзята танцаваў.

«Містэрам арыгінальнасць» стаў Дзяніс Лубнін. Яго нумар ад групы падтрымкі «Бюро знаёмстваў» вельмі спадабаўся гледачам.

Усе канкурсанты ўзнагароджаны Дыпломамі і каштоўнымі прызамі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама.

«У нас ёсць пераможца, але няма прайграўшых», — ад імя журы сказала Сняжана Мяцеліца, загадчыца мікрабіялагічнай лабараторыі ДУ «Сенненскі РЦГЭ», калі ўручала падарункі. І сапраўды, той, хто адважыўся выйсці на раённую сцэну і заявіць пра сябе — і ёсць пераможца!

Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымках: (злева направа) Андрэй Бірулін, Кірыл Лакотка, Анатоль Рыбчанка, Дзяніс Лубнін і Антон Баталка; моманты шоу-праграмы.