Работники Сенненского ЗАГСа определили демографический портрет Сенненщины

На пачатак 2011 года насельніцтва Сенненскага раёна складала 25092 чалавекі: Сянно — 7795, Багушэўск — 2981, сельскія населеныя пункты — 14316. Толькі за апошнія дзесяць гадоў насельніцтва Сенненшчыны скарацілася больш чым на 7 тысяч чалавек. Асабліва хутка змяншаецца колькасць вяскоўцаў.

                                                               З вёскі ў горад

Змяншэнне насельніцтва звязана з перавышэннем колькасці памерлых над народжанымі. Асабліва гэта яскрава праяўляецца ў сельскай мясцовасці. «Людскія страты» тлумачацца яшчэ і міграцыйнымі плынямі, што скіраваны з вёсак і невялікіх гарадоў у буйныя эканамічныя цэнтры.

 У 80-я гады дваццатага стагоддзя колькасць памерлых і народжаных была прыкладна роўная, а з 1986 па 1988 дзяцей нараджалася нават больш, чым адыходзіла людзей з жыцця. У 1987 годзе натуральны прырост насельніцтва склаў 181 чалавек: нарадзілася 633 дзіцяці, памерла — 652 жыхара раёна.

 З пачаткам 90-ых гадоў колькасць народжаных паступова змяншаецца, памерлых — расце. Максімальная страта насельніцтва была зафіксавана ў 1999 годзе — 521 чалавек. У наступныя гады розніца паміж памерлымі і народжанымі стала некалькі змяншацца. У 2010 го­дзе яна склала 411 чалавек (616 — 205), у 2011 — 366 чалавек. Па раёне было зарэгі­стравана 568 смярцей, 202 нараджэнні. У райцэнтры смяротнасць перасягнула нараджальнасць на 34 чалавекі (125 памерла і 89 нарадзілася), у Багушэўску — на 56 (72 і 16), у сельскіх населеных пунктах — на 276 (373 і 97).

                                                     Сардэчная прычына

Сярод прычын, што выклікаюць смерць, першае месца (50 %) займаюць хваробы сістэмы кровазвароту (інсульт, ішэмічная хвароба сэрца, сардэчна-сасудзістая недастатковасць, хранічная недастатковасць крывазвароту). Другое месца ў структуры смяротнасці належыць старасці. У агульнай колькасці памерлых 15 % складаюць асобы, узрост якіх дасягнуў 80 гадоў і больш. Новаўтварэнні, пухліны, у тым ліку злаякасныя — таксама даволі распаўсюджаная прычына смерці.

 Застаецца высокай смяротнасць па прычыне атручэння алкаголем. Пры гэтым усё часцей ад гэтага паміраюць жанчыны: у 2008 годзе алкаголем атруцілася 15 жыхароў раёна, сярод іх жанчын было дзве, у 2009 — адпаведна 15 і 4, у 2011— 16 і 6.

 Шмат сенненцаў завяршаюць жыццёвы шлях у працаздольным узросце. Па райцэнтры гэта 23 % ад агульнай колькасці памерлых, па Багушэўску — 36 %, сельскай мясцовасці — 21. Сярод названай катэгорыі памерлых таксама пераважаюць мужчыны. Так, летась з 28 жыхароў Сянно іх было 24, з 26 багушэўцаў — 22. У праца­здольным узросце жыхары раёна найчасцей гінуць ад знешніх прычын: ў ДТЗ, на пажары, утапіліся — 25, з прычыны алкагольнага атручэння — 16, скончылі жыццё самагубствам —15.

                                                           Жыццё працягваецца

У 80-я гады дваццатага стагоддзя ў раёне нара­джалася да 500 дзяцей у год, летась — 202: у Сянно — 89 (51 хлопчык і 38 дзяўчынак), у Багушэўску — 16 (12 і 4), сельскай мясцовасці — 97 (52 і 45).

 Усяго па раёне хлопчыкаў нарадзілася на 28 больш. Такім чынам, захавалася тэндэнцыя апошніх трох гадоў. Найменшая колькасць дзяцей нарадзілася ў Беліцкім сельсавеце — 5 і ў Нямойтаўскім, Студзёнкаўскім, Ходцаўскім — па 9, найбольш — у Машканскім — 19 і Какоўчынскім — 17.

 Большасць народжаных — 112 дзяцей — сталі першымі ў сям’і, 64 — маюць брата ці сястру, 19 — нарадзіліся трэцімі, 5 — чацвёртымі, 2 — пятымі. Як бачна, сучасныя бацькі аддаюць перавагу не дзецям, а больш высокаму сямейнаму дастатку, спакушаюцца магчымым кар’ерным ростам на працы, больш лёгкім і камфортным жыццём. Да таго ж, большасць жанчын уносяць у сямейны бюджэт немаленькі ўклад.

                                                             Бацькі. Хто яны?

Летась найбольш — 29 дзяцей — нарадзілася ў студзені, у астатнія месяцы — па 11-13. У 70 % дзяцей маці мелі ўзрост ад 18 да 29 гадоў, 23 % — 30 гадоў і старэй, 2 % (чацвёра дзяцей) — маладзей 18 гадоў. Большасць дзяцей нара­джаюцца ў бацькоў, якія жывуць у шлюбе. У няпоўных сем’ях нарадзілася 51 дзіцяці, ці 25 % ад агульнай колькасці народжаных. Зрэшты, многія пары аддаюць перавагу так званаму «грамадзянскаму» шлюбу. Такое сужэнства сёння ўспрымаецца спакойна нават людзьмі старэйшага пакалення, не кажучы пра моладзь, якая такім чынам бароніцца ад зневажальнай судовай працэдуры скасавання шлюбу. Нараджэнні пазашлюбных дзяцей абумоўлены і дзяржаўнай палітыкай падтрымкі маці-адзіночак. У рэшце рэшт у большасці выпадкаў бацькоўства ўсё роўна ўстанаўліваецца. У 2010 годзе такая працэдура была праведзена ў адносіне 29 дзяцей, наро­джаных пазашлюбам. Звычайна гэта робіцца на падставе ўзаемнай заявы бацькоў. Сталі пачашчацца выпадкі, калі жанчына ў судовым парадку прыцягвае мужчыну да выканання бацькоўскіх абавязкаў. У 2010 годзе такіх выпадкаў у раёне было 3, летась — 5.

                                                Шлюбаў усё больш

  Пры гэтым рост наглядаецца на працягу ўсіх апошніх гадоў. Калі ў 2008 годзе быў зарэгістраваны 151 шлюб, у 2009 — 175, то ў 2010 — 186, 2011 — 206. Цікава, што летась 4 жаніхі і 3 нявесты мелі ўзрост звыш 60 гадоў. Шлюбны ўзрост зніжаўся толькі адной асобе. Найчасцей — 46 % мужчын і 58 % жанчын — ствараюць сям’ю да 25 гадоў, 34 % мужчын і 26 % жанчын — ва ўзросце 26 і 35 гадоў, 70 пар бралі шлюб упершыню.

 Летась зарэгістравана 8 шлюбаў з іншаземцамі і адной асобай без грамадзянства. Найчасцей у Сенненскім раёне шлюб бяруць грамадзянне Расіі і Украіны.

 На жаль, сямейныя пары не толькі ствараюцца. У 2011 годзе на падставе рашэнняў судоў скасавана 89 шлюбаў, ці 43 на 100 утвораных. Заўважым, што ў 2000 годзе на 100 шлюбаў прыходзілася 92 скасаванні, у 2001 — 87.

 Асноўнай прычынай, якая разбурае сям’ю, застаецца п’янства мужчын. Аднак у апошнія гады ўсё часцей суды задавальняюць заявы аб скасаванні шлюбаў па прычыне жаночага алкагалізму. Часцей сталі разбурацца сямейныя саюзы па прычыне адсутнасці агульных інтарэсаў і поглядаў на жыццё, узаемапаразумення, непрыязных адносін, страты пачуццяў. Сустракаюцца выпадкі, калі сям’я распадаецца, бо муж не падтрымлівае яе матэрыяльна, не прымае ўдзел у сямейным жыцці, выхаванні дзяцей, або па прычыне амаральных паводзін аднаго з сужэнцаў.

 Як бачна, дэмаграфічная сітуацыя ў параўнанні з пачаткам новага стагоддзя некалькі палепшылася: змяншаецца колькасць памерлых, больш стала рэгістравацца шлюбаў і нараджэнняў дзяцей, менш скасоўваецца шлюбаў. Тым не менш яна за­стаецца складанай і патрабуе вырашэння многіх сацыяльных праблем.

 Вольга МЯЛЕШКА,

начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *