Почему сенненцы предпочитают сдавать телят коммерсантам, а не сельхозпредприятиям?

Летась сельгасарганізацыямі раёна ў насельніцтва было закуплена 224 галавы маладняку буйной рагатай жывёлы, пры тым, што на прыватных падворках, па стану на 1 студзеня 2011 года, утрымлівалася амаль паўтары тысячы кароў. Куды дзеўся астатні маладняк, ні для каго не сакрэт — пад нож пусцілі. І хоць гэты факт даўно не навіна, прыняць, пагадзіцца з ім — цяжка. Селянін падобныя дзеянні ўспрымае як эканамічнае злачынства, яны пярэчаць сялянскай псіхалогіі, прыродзе гаспадара.

 Дык чаму вяскоўцы, якія трымаюць кароў на ўласным падворку, прадаюць маладняк пераважна не сельгасарганізацыям, а так званым камерсантам, што нярэдка на вачах у нядаўніх гаспадароў рэжуць цялят? Адказ на пытанне, як гэта не дзіўна, ляжыць на паверхні — маладняк нашым гаспадаркам не трэба. З агульнай колькасці закупленых летась цялят 50% прыхо­дзіцца на ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Некаторыя гаспадаркі, у тым ліку тыя, дзе адзначаецца значнае невытворчае выбыццё жывёлы, не закупілі ні галавы. Затое сцельных цялушак за год прададзена 145 галоў. У большасці выпадкаў — з растэрміноўкай выплаты, без нейкіх дадатковых умоў. Ну чаму пры продажы сцельнай цялушкі ў дагавор не ўключыць пункт, які абавязваў бы новага гаспадара жывёлы рэалізоўваць цялят сельгасарганізацыі, якая прадала нецель?

 Глянем крытычна на дакументы, што рэгламентуюць узаемаадносіны паміж прадаўцом і пакупніком маладняку. Рашэннем калегіі райсельгасхарчу аб закупе маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва ў 2012 годзе ўстаноўлена даволі высокая закупачная цана — 23 500 рублёў за адзін кілаграм жывой вагі. Акрамя таго, да гэтай сумы дадаецца 2480 рублёў даплаты з рэспубліканскага бюджэту. У суме гэта такая ж самая цана, якую прапануюць прыватныя асобы, што  займаюцца закупам цялят на забой. А калі ўлічыць, што вагу жывёлы яны вы­значаюць не праз вагі, а з дапамогай ленты, то прапанова гаспадарак вы­глядае намнога прывабней. Розніца толькі ў тым, што сельгасарганізацыя грошы плаціць праз месяц, а прыватная асоба — адразу. Зрэшты, сельгас­арганізацыі маюць іншыя козыры. Тым жа рашэннем калегіі гаспадаркам рэкамендавана прымяняць прэміраванне насельніцтва за здадзены маладняк шляхам выдзялення сенажаці. Іншая справа, што гэты пункт ігнаруецца. Ва ўсякім разе ў тыповым дагаворы кантрактацыі, падрыхтаваным ААТ «Сенненскі райаграсервіс», яго няма. Тым самым пад увагу не бярэцца той факт,  што жывёлу на ўласным падворку трымаюць многія пенсіянеры. Ім  за цялят не толькі сенажаць варта было б выдзяляць, а і сена, ці хаця б аказаць дапамогу і скасіць траву.

 Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што сёлета ў раёне прыменены іншы механізм разліку за закуплены ў насельніцтва  маладняк. Да закупу цялят падключана райспажыўтаварыства, якое ўжо пералічыла грошы ААТ «Сенненскі райаграсервіс» за закуплены ў студзені-пачатку лютага маладняк. А гэта азначае, што на днях разлік атрымаюць і людзі. Будзем спадзявацца, што давер вяскоўцаў да супрацоўніцтва з сельгасарганізацыямі адновіцца хутка. Селянін зацікаўлены атрымліваць комплексную дапамогу ў развіцці прысядзі­бнай гаспадаркі: у апрацоўцы зямлі і вырошчванні прадукцыі раслінаводства, умацаванні кармавой базы, нарэшце, у ветэрынарным абслугоўванні жывёлы. Усё гэта ў стане даць толькі грамадскія сельгасарганізацыі і дзяржаўныя спецыялізаваныя ўстановы, а не чалавек, які імкнецца сарваць куш сёння, зараз, не думаючы пра дзень заў­трашні.

 Л. ІЎЕЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *