Сбором улиток на Сенненщине займутся предприниматели

Закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абыходжання з аб’ектамі расліннага свету» быў прыняты яшчэ 17 мая мінулага года. Аб некаторых асаблівасцях, што датычаць кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады мы гутарым з Аляксандрам Якубовічам, начальнікам Сенненскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 — Аляксандр Васільевіч, у Сянно, ды і ў іншых населеных пунктах раёна нярэдка можна бачыць: выдалілі дрэвы, кусты — на іх месцы з’явіўся газон, яшчэ праз некаторы час — кветнік. Як гэтыя дзеянні стасуюцца з новай нарматыўна-прававой базай, якая рэгулюе дзеянні чалавека ў адносінах да прыроды?

 — Заканадаўства не забараняе выдаленне ці перасадку аб’ектаў расліннага свету. Праўда, згодна з ч.2 арт.37 Закона «Аб раслінным свеце» кусты, дрэвы ў населеных пунктах высякаюцца толькі тады, калі іх немагчыма перасадзіць. Калі ж немагчыма пазбегнуць выдалення, прадугледжваюцца кампенсацыйныя выплаты ці пасадкі. Пры гэтым перавага аддаецца кампенсацыйным пасадкам. Зрэшты, выпла­ты таксама выкарыстоў­ваюцца дзеля гэтых мэт.

 На выдаленне, перасадку аб’ектаў расліннага свету трэба атрымаць дазвол. Толькі ў асобных выпадках такі дазвол атрымоўваць не трэба.

 — Хто ў раёне сочыць за выкананнем заканадаўства, якое рэгулюе абыходжанне чалавека з прыродай? Да каго трэба звяртацца за дазволам на выдаленне дрэваў? Нарэшце, якая роля належыць тут грамадскасці. У рэдакцыю, ды і да вас, у інспекцыю, нярэдка звяртаюцца людзі, не згодныя з дзеяннямі ўлад, юрыдычных асоб у прыроднай сферы…

  — Звароты такія на самай справе ёсць, і нямала. Каб іх не было, перш чым вырашаць на камісіі, выдаляць ці не тое ці іншае дрэва, трэба забяспечыць правядзенне абмеркавання з грамадскасцю. Рашэнне камісіяй прымаецца толькі з улікам меркавання людзей.

 — Грамадскасць іншы раз, пагадзіцеся, дзейнічае на падставе эмоцый. Улічваць толькі суб’ектыўныя меркаванні было б няправільна. Якая арганізацыя ўпаўнаважана праводзіць экспертызу ў сферы экалогіі? Да каго трэба звяртацца, калі дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане, калі, нарэшце, яго трэба абрэзаць, каб надаць больш эстэтычы выгляд.

  — У райвыканкаме для гэтага створана спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, экалагічных арганізацый, райвыканкама. Але і гэтая камісія павінна ўлічваць меркаванне грамадскасці. Прызнаць дрэва аварыйным могуць толькі спецыялісты ў галіне азелянення ці лясной гаспадаркі.

 — Узаемадзеянні чалавека з прыродай шматгранныя. Да таго ж, чалавек лічыць прыроду сваёй кладоўкай. Нарыхтоўка грыбоў, ягад, іншых  дзікарослых раслін – што змянілася тут?

 — За аснову ўзаемадзеяння юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права на закупку, нарыхтоўку дзікарослых раслін ці іх частак, з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады бярэцца заяўны прынцып. Маеш права займацца нарыхтоўкай — займайся. А вось іншыя віды спецыяльнага карыстання (сенакашэнне, пасьба жывёлы, нарыхтоўка сокаў і інш.) здзяйсняюцца толькі на падставе рашэння райвыканкама і райсавета аб прадастаўленні права спецыяльнага карыстання аб’ектамі расліннага свету.

 — Прыродныя рэсурсы — бязмежныя, бо яны аднаўляльныя пры разумнай эксплуатацыі. Хто вызначае ліміты на нарыхтоўку грыбоў, ягад, іншых дароў прыроды?

 — Гэта прэрагатыва Мінпрыроды па ўзгадненні з НАН Беларусі. У тэрмін да 15 студзеня кожнага года пра  аб’ёмы нарыхтоўкі паведамляецца юрыдычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам, якія плануюць займацца такой дзейнасцю. Паведамленне атрымліваюць і мясцовыя органы ўлады. Летась, напрыклад, райспажыўтаварыства нарыхтавала 16,2 тоны чарніц, 0,5 тоны грыбоў. Лясгас актыўна нарыхтоўваў бярозавы сок — 45 тон. Нарыхтоўкай дароў прыроды гэтыя арганізацыі будуць займацца і сёлета. Акрамя гэтага, жаданне весці нарыхтоўку вінаградных смаўжоў выказаў індывідуальны прадпрымальнік. Галоўнае тут не ўзяць лішняга, не нашкодзіць прыродзе.

Гутарыў  Аляксандр ЛАЗЮК.