Неизвестные герои неизвестной войны. На Сенненщине вернули имя ещё одного участника войны в Афганистане

24 снежня мінулага года Аляксею Цярэню, ураджэнцу вёскі Ледневічы нашага раёна, споўнілася б 50 гадоў. І пасля гэтага цудоўнага юбілею жыццё магло быць доўгім і шчаслівым. Але лёс па-свойму адмерыў гады. Аляксей так і застаўся ў памяці блізкіх, знаёмых і сяброў маладым. Не пабудаваў дом, не пасадзіў дрэва, не вырасціў сына. Хаця «чужая» вайна забрала жыццё не адразу…

 Пасля заканчэння Ледневіцкай васьмігодкі хлопец паступіў ў Аршанскае вучылішча металістаў №122.  Потым працаваў слесарам механазборачных работ на Мінскім мотавелазаводзе.

 З Мінска ў красавіку 1981 года яго прызвалі на тэрміновую службу ў армію. У ваенкамаце няўдала пажартавалі: хлопцы з гэтай каманды паедуць служыць у «цёплыя краіны».

 Пасля месячнага «курса маладога байца» ў г.Тэрмез Узбекскай ССР камандаванне вырашыла, што маладое папаўненне падрыхтавана да ваенных дзеянняў. Так Аляксей Цярэня трапіў у самае пекла афганскай вайны — правінцыю Кандагар, кулямётчыкам разведроты.

 Шмат разоў хадзіў на перахват караванаў са зброяй, прыкрываў агнём калоны нашай бронятэхнікі і «наліўнікаў» (машыны-запраўшчыкі).

 На вайне ўсюды небяспечна, ніколі не ведаеш, дзе падпільноўвае цябе смерць. Але, бадай, яшчэ страшней за смерць было рыхтаваць да адпраўкі «груз 200». Не раз, ужо «на гражданке», у жудасных успамінах і снах зноў прыходзілі тыя спякотныя дні, калі пасля падрываў і душманскіх засад даводзілася па частках збіраць целы сваіх таварышаў-салдат, з якімі зусім нядаўна размаўляў, дзяліўся цыгарэтай. Іх адпраўлялі дадому ў цынкавых трунах. А дома зусім не гэтых халодных скрынак чакалі маці. Жывымі і здаровымі чакалі  збалелыя сэрцы сваіх крывіначак, такімі, якімі  адпраўлялі   выконваць  воінскі абавязак перад Радзімай.

 А на вайне гінулі. І не толькі ад куль ці разрываў мін і снарадаў. Аднойчы Аляксей з сябрам купілі на рынку бананы: хацелася паспытаць незвычайны для таго часу ў нашай краіне фрукт.  Аляксея тэрмінова выклікалі да камандзіра, і ён не паспеў пачаставацца. А таварыш з’еў сваю долю і памёр — дзіўныя плады аказаліся атручанымі.

 Сябры і знаёмыя захавалі яшчэ і такі ўспамін салдата: у гарах у час жорсткага боесутыкнення ён аказаўся пад перакрыжаваным кулямётным абстрэлам. Выратавацца тады ўдалося сапраўды цудам. З-пад агню выпаўзаў, вужом выкручваючыся паміж камянёў, так шчыльна прыціскаючыся да іх, што камуфляжная форма сцёрлася ў шматкі.

 Такіх крывавых старонак вайны было шмат… Нечалавечае нервовае напружанне і атрыманая ў час выбуху кантузія не прайшлі бясследна. Да «дэмбеля» Аляксей не даслужыў роўна месяц. Яго камісавалі і прызначылі групу інваліднасці. Кампенсацыяй за страчанае здароўе сталі медаль «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа» і Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі дружалюбнай дзяржавы.

 …Сын вярнуўся ў бацькоўскую хату. Але нядоўга радаваліся маці і бацька. Не хацела вайна «адпускаць» іх Аляксея. Падарванае здароўе ўсё больш пагаршалася. Праз шэсць гадоў воіна-афганца Аляксея Валянцінавіча Цярэні не стала. Пахавалі яго з воінскімі ўшанаваннямі на могілках роднай вёскі.

 Таццяна Буракова.

 Рэдакцыя выказвае ўдзячнасць за прапанаваныя звесткі і дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла кіраўніку спраў Какоўчынскага сельвыканкама Сяргею Мікалаевічу Цярэню.

 На здымку: Аляксей Цярэня на вайне.