Прыватныя соткі – у агульны севазварот сельгасарганізацый

  Напэўна, ніхто з вяскоўцаў з алоўкам у руцэ не падлічваў, у што абыходзіцца яго кашальку вырашчанае на прысяд­зібным участку зерне,бо ўсё роўна, здаецца, уласнае — дзешавей. І толькі таму, што затраты на яго вытворчасць расцягваюцца па часе, а калі ёсць сілёнка, то яны зусім здаюцца  мізэрнымі. Выпісаў у гаспадарцы каня, ці дамовіўся аб цяглавай сіле з суседам-вяскоўцам, які трымае кабыліцу, і за дзень управіўся: узараў участак у 20-30 сотак, пабаранаваў яго,  пасеяў, зноў пабаранаваў глебу, каб птушкі не выдзяўблі насенне, і чакай ураджаю.

  А калі ў двары няма працаздольнага мужыка, а ўдава жадае мець мяшок-другі ўласнага зерня для курэй ці поспу, як кажуць у Сянно, для парсючка, трэба шукаць староннюю дапамогу, у тым ліку ісці да кіраўніцтва ААТ ці КУСГП з просьбай аб аказанні падобных паслуг. І, трэба сказаць, што сельгасарганізацыі ў дапамозе вядзення і развіцця падсобных гаспадарак грамадзянам не адмаўляюць, але робіцца ўжо гэта пасля завяршэння грамадскіх работ, што па тэрмінах не заўсёды задавальняе заказчыка. Гэта іншы раз вяскоўцамі ўспрымаецца як нежаданне дапамагчы, выклікае крыўду, а часам і скаргу ў вышэйстаячыя інстацыі: райвыканкам, аблвыканкам, Камітэт дзяржкантролю і нават у Адміністрацыю Прэзідэнта.

 Хочаш не хочаш, а аказваць сельгасарганізацыям дапамогу ў апрацоўцы ўчасткаў, што знаходзяцца ў асабістым карыстанні грамадзян, з кожным годам становіцца складаней. І справа тут не ў жаданні, а ў тым, што ў распараджэнні адкрытых акцыянерных таварыстваў і камунальных унітарных сельгаспрадпрыемстваў практычна не засталося малагабарытнай тэхнікі: трактароў тыпу Т-16, ДТ-20, Т-40, МТЗ і інш. Тое ж самае і з прычапным інвентаром.

 А як трэба ўспрымаць факт, калі на лапіку ў 20-30 сотак (няхай крыху і больш) «круціцца» трактар К-700 або нейкі энерганасычаны «Беларус», скажам, з васьмікорпуснымі ці большымі плугамі? Правільна! Як  безгаспадарчасць і галавацяпства. Агрэгату, які па даўжыні дасягае дзясятак метраў і крыху меншым па шырыні, бывае нават складана пад’ехаць да ўчастка з-за гаспадарчых пабудоў, пладовых і іншых дрэў, камянёў. Словам, заўсёды ёсць небяспека пашкодзіць дорагакаштуючую тэхніку.

 Яшчэ больш напружаная і нервовая абстаноўка складваецца ў вёсцы ў перыяд жніва. Прынцып аказання дапамогі той жа: спачатку грамадскае, потым — прыватнае. Тэрмін абмалоту карэкціруе і надвор’е. Нячаста, але былі ў раёне выпадкі, калі ў стажку пшаніцу ці ячмень абмалочвалі мышы і пацукі, або ўраджай ішоў пад снег.

 Дзе выхад са становішча? Ён вельмі просты і эфектыўны. Участкі, на якіх грамадзяне вырошчваюць зерневыя, уключыць у агульны севазварот мясцовых сельгасарганізацый. Для прыкладу, у ААТ «Бяленева» 100 гаспадароў прыватных падворкаў вырашылі вырошчваць па 0,5 гектара збожжавых культур. На падставе адпаведных дакументаў (дагавораў) гаспадарка ў сваім севазвароце выдзяляе плошчу ў 50 гектараў (на такім масіве і камбайну з дзевяцімятровай жняяркай можна развярнуцца), на якой вядзе ўгнойванне і апрацоўку глебы, сяўбу ўласным насеннем, апрацоўвае пасевы супраць хвароб і шкоднікаў, убірае і падпрацоўвае ўраджай сваёй тэхнікай і за свае сродкі. Потым па цане, каб не мець страт, дастаўляе ўраджай, прапарцыянальна ўключанай у севазварот плошчы, на кожнае прыватнае падвор’е. І ні ў каго галава не баліць: у кіраўнікоў, што трэба біць дорагакаштуючую тэхніку на сотках вяскоўцаў, у грамадзян, што іх куры ці парсюкі  застануцца без зерня.

 Мабыць, спрацавала ўласніцкая псіхалогія: гэта маё, а там — яшчэ невядома. Аднак на заклік мясцовых улад  перайсці на больш прагрэсіўны і эфектыўны спосаб вядзення падсобнай гаспадаркі адклікнуліся летась у ААТ «Какоўчына» толькі тры гаспадары-прыватнікі. А шкада! Выгада відавочная. Ва ўсякім разе — нервы на месцы. Неўраджай можа надарыцца і на ўласным агародзе, а кошт тых паслуг, за якія грамадзяніну давядзецца заплаціць за вырошчванне зерневых у севазвароце гаспадаркі, наўрад ці перавысіць  затраты на прыватным  участку.

Міхаіл БЯЛОЎ.