Сенненскія лялькі-калядоўшчыцы пакарылі Мінск
А іх аўтары — народныя майстры Беларусі Іна Стычынская і Тамара Кучынская — узнагароджаны дыпломамі за 1 месца на рэспубліканскай выставе «Калядныя ўзоры».
На працягу снежня-студзеня ў сталічнай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна можна было ўбачыць лепшыя вырабы нацыянальных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх у Мінск з усіх куточкаў краіны прывезлі члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Сёлетняя выстава па ліку дзевятнаццатая, аднак першая ў дзейнасці Сенненскага Дома рамёстваў. У канцы мінулага года тры супрацоўніцы ўстановы атрымалі пасведчанні членаў найбуйнейшага рэспубліканскага творчага аб’яднання: майстар Вольга Квашко, кіраўнік клуба народных майстроў «Натхненне» Тамара Кучынская і дырэктар Дома рамёстваў Іна Стычынская. Апошнія дзве майстрыхі і прадставілі Сенненшчыну на выставе ў Мінску. Пачын стаў паспяховым. Іна Віктараўна і Тамара Міхайлаўна аказаліся ў ліку васьмі пераможцаў з Віцебскай вобласці.
Расслабляцца майстрыхам рана. Толькі скончылася адна выстава, а ўжо трэба рыхтавацца да другой. Летам іх чакаюць у Віцебску на выставе «Зямля пад белымі крыламі», прысвечанай 20-годдзю Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Упэўнены, сенненцы і на гэты раз прыемна здзівяць усіх наведвальнікаў сваім невычэрпным талентам і высокім майстэрствам.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: І.Стычынская і Т.Кучынская і іх конкурсная праца — лялькі-калядоўшчыцы.