Выпускники Сенненской школы-интерната прошлых лет дали урок выпускникам 2012 года

2009, 2010, 2011… Больш за 20 выпускнікоў розных гадоў завіталі ў Сенненскую школу-інтэрнат у першую суботу лютага. Вечар сустрэч абяцаў быць насычаным. Канцэрт, экскурсія па навучальнай установе, не абышлося без успамінаў саміх выпускнікоў, настаўнікаў, выхавацеляў, ветэранаў педагагічнай працы. Прыемным сюрпрызам для колішніх навучэнцаў школы стаў фільм, які на працягу двух месяцаў стваралі супрацоўнікі ўстановы. Яны аб’ездзілі многія беларускія гарады і мястэчкі, дзе жывуць, вучацца і працуюць іх выпускнікі. Апошнія стараюцца не ўспамінаць пра абставіны, што прывялі ў статус сіраты. Яны— паўнавартасныя члены соцыуму, шчаслівыя ў працы і сям’і і за гэта ўдзячныя сваёй навучальнай установе.    

 Сённяшнім выхаванцам, можна сказаць, пашанцавала жыць і вучыцца ў лепшай школе-інтэрнаце краіны. Пра такія ўмовы іх нашмат старэйшыя  папярэднікі толькі марылі. Як успамінаў былы дырэктар установы Леанід Казлоў, быў час, калі інтэрнатаўскіх дзяцей пазнавалі па беднай вопратцы. Цяпер таксама пазнаюць, але ўжо па адмысловых уборах. Узяўшы на сябе ўвесь бацькоўскі клопат, супрацоўнікі  імкнуцца як мага лепш падрыхтаваць падапечных да самастойнага жыцця.  Са сцен школы вучні выходзяць ужо з працоўнымі спецыяльнасцямі, здольныя знайсці сваё месца ў жыцці. За 2004-2011 гады Сенненскую школу-інтэрнат закончылі 149 чалавек. Акрамя атэстата аб сярэдняй адукацыі, пасведчанне аб прафесіі швачкі атрымаў 71 чалавек, сталяра — 60, раслінавода —  50, трактарыста-машыніста — 22.

  Выпускніцу 2004 года Вольгу Сімак у школе ўспамінаюць як першую студэнтку ВНУ. З таго часу 19 навучэнцаў атрымалі дыпломы аб вышэйшай адукацыі. Яшчэ 14 вучацца. Выпускнікоў інтэрната можна знайсці ў Віцебскіх  дзяржуніверсітэце імя П.М.Машэрава і  дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў РБ і інш.              

 Многія выпускнікі прыехалі на сустрэчу разам з жонкамі. Не ведаўшыя бацькоўскай ласкі і насуперак пануючаму меркаванню, яны асабліва трымаюцца свайго сямейнага шчасця і захоўваюць школьнае сяброўства. Кацярына Канапелька наведалася ў інтэрнат ужо ў якасці медработніка, якім стала  пасля заканчэння медвучылішча. Сёння разам з мужам жыве ў новай двухпакаёўцы, выхоўвае дачушку.

 Іншыя сумленна працуюць у будаўнічай, сельскагаспадарчай сферах.

 Лёсы выпускнікоў — герояў фільма — сталі відавочным прыкладам для 13 выпускнікоў 2012 года.    

 Менавіта ім прысвячалася другая частка вечарыны. Ініцыятарам мерапрыемства сацыяльна-прафарыентацыйнай накіраванасці выступіла старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Зоя Фаміна. Што чакае выхаванцаў інтэрната за школьнымі сценамі, як будаваць сваё далейшае жыццё — гэтыя пытанні сталі тэмамі круглага стала, за якім сабраліся кіраўніцтва школы на чале з дырэктарам Леанідам Казловым, намеснік старшыні жансавета Алена Мяцеліца адзінаццацікласнікі і былыя выпускнікі.  Запрашалі і бацькоў. Прыехалі толькі двое — мама і тата Алены Пархоменка. У апошні час, адзначаюць выхавацелі, адносіны паміж імі і дачкой наладжваюцца.

 Шчырая размова закранала многія праблемы, якія могуць  ўзнікнуць у будучых выпускнікоў. Па сутнасці, яны аднолькавыя для ўсіх нядаўніх школьнікаў. Гэта новыя ўмовы пражывання і вучобы, незнаёмыя людзі, адсутнасць кантролю. Цяжкасцяў не пазбегнуць, галоўнае, не баяцца звяртацца за дапамогай. Для кагосьці такой падтрымкай стануць родные, для выхаванцаў школы-інтэрната — іх выхавацелі і настаўнікі. Школьныя таты і мамы не забываюць пра сваіх «дзяцей» і вядуць іх па жыцці яшчэ не адзін год пасля заканчэння навучальнай установы.

 Былыя выпускнікі таксама выказалі свае настаўленні малодшаму пакаленню. Супрацоўнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Аляксандр Ярцаў, кіроўца-дальнабойшчык Сяргей Міцкевіч, студэнт 5 курса гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава Ігар Юпатаў ужо прайшлі складаны шлях і даказалі сваю самадастатковасць. 

  Для сёлетніх выпускнікоў адлік часу  ўжо пайшоў. Многія з  трывогай чакаюць раставання са школай, што замяніла ім родны дом. Але пройдзе зусім нямнога часу і яны вернуцца на родны школьны ганак ужо дарослымі і, дальбог, паважанымі людзьмі.                                      

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Выпускники Сенненской школы-интерната прошлых лет дали урок выпускникам 2012 года: 1 комментарий

  • Воскресенье, 8 апр., 2012 в 17:38
    Permalink

    Такие встречи очень полезны.Я уверен, что они окажут только положительное влияние на ребят в осознании своего места в жизни, выбора профессии и понимания того, что они не брошены напроизвол судьбы. Спасибо всем, кто организовывает такие встречи с воспитанникам школы-интернат.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *