В 85 – под венец. Самая необычная свадьба прошла на Сенненщине

Цілі-цілі цеста, жаніх і нявеста! Спявалі напрыканцы студзеня ў Багданаўскім аддзяленні штодзённага знаходжання састарэлых, дзе сустракалі маладажонаў. І нічога, здаецца, няма дзіўнага ў тым, што ў раёне стварылася яшчэ адна сям’я, акрамя ўзросту «маладых». Нявеста мае за плячыма 85 год, жаніху споўнілася 69.

Лёс звёў Уладзіміра Дунца і Ніну Ціханенка мінулай вясной, калі яны патрапілі ў сацыяльную ўстанову. Жывучы на ўсім гатовым, мелі шмат вольнага часу, таму гадзінамі гутарылі, успамінаючы былыя гады, маладосць, любілі разам прагуляцца па вуліцы. Усё часцей і часцей сталі заходзіць адзін да аднаго ў госці, а потым звярнуліся да загадчыцы ўстановы з просьбай: «Пасяліце нас  у адным покоі».

Спачатку Надзея Васілёнак не ўспрыняла ўсур’ёз гэтыя словы. Пажартавалі і  забылі,  думалася ёй, але закаханыя ад сваёй ідэі адмаўляцца не сталі і звярнуліся  ў другі раз.

У хуткім часе Уладзімір Дуец і Ніна Ціханенка падалі заяву аб заключэнні шлюбу ў Какоўчынскі сельскі выканаўчы Савет. А ў апошнюю пятніцу студзеня сталі мужам і жонкай. Пара адкрыла вясельны сезон у сельсавеце.

— Не многія нас зразумеюць, — гавораць маладажоны. — У такім узросце ды пад вянец пайшлі. Сорам які… Але старым таксама хочацца быць камусьці патрэбным. Сужыцельства ў дзяржаўнай установе нам не дазволілі, таму прыйшлося заві­таць у ЗАГС. Закон ёсць закон, — распавядаюць яны, едучы пасля роспісу.

На тварах шчырыя ўсмешкі. Мужчына трымае ў руках пасведчанне аб заключэнні шлюбу. І хоць за плячыма вялікі жыццёвы вопыт, хвалявання не схаваць. Тым больш, што ажаніўся Уладзімір Фёдаравіч упершыню. Не спяшаўся ён абзаводзіцца сям’ёй, доўгі час ездзіў па заробках, думаў, паспее яшчэ пажыць, але гады праляцелі хутка.

Ніна Аляксандраўна больш за 35 год пражыла ў Янове. Увесь гэты час рупілася ў мясцовай гаспадарцы. Працавала даяркай, цялятніцай. Неаднаразова яе прозвішча гучала сярод імёнаў перадавікоў  сельскагаспадарчай вытворчасці. Была калісьці і сям’я. Толькі сын загінуў зусім маладым, прыёмная дачка выйшла замуж, нара­дзіла дзяцей і да маці заглядваць стала радзей. Потым памёр муж.

Цяжка чалавеку, які прывык увесь час жыць дзеля іншых, застацца ў старасці аднаму. Жаданне быць камусьці патрэбнай, адчуваць побач блізкага чалавека падштурхнула Ніну Ціханенка ў другі раз пайсці пад вянец.

— Пашанцавала вам, Уладзімір, з жонкай. Добры, працавіты і шчыры яна чалавек, — віншуючы маладажонаў зазначыў старшыня Какоўчынскага сельскага Савета Уладзімір Мурашка. І пажадаў новай сям’і дабрабыту, моцнага здароўя і паразумення паміж сабой.

Далучыліся да гэтых слоў загадчыца аддзялення штодзённага знаходжання аграгарадка Багданава На­дзея Васілёнак і сацыяльны работнік Людміла Масаловіч.

Ужо дома маладажонаў чакаў прыемны сюрпрыз. Падапечныя аддзялення сустрэлі іх згодна беларускіх народных традыцый — хлебам-соллю і вясельнымі песнямі.

Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымку: маладажоны Ніна Ціханенка і Аляксандр Дунец.