Юные мастера и мастерицы из СШ №2 г.Сенно – лучшие в области

Якое ж цярпенне і майстэрства трэба мець, каб з больш чым мільёна бісерынак выткаць палатно, годнае звацца мастацкім творам, ці са звычайнага кавалка дрэва стварыць адмысловае разное ўпрыгажэнне для люстэрка! Пра цяжкасці працы іх аўтары сціпла памоўчваюць. Яны ж яшчэ не прафесіяналы, а толькі вучацца. Аднак, гле­дзячы на гэтыя работы, цяжка паверыць, што перад табой плён працы не набітай рукі майстра, а дзіцячыя вырабы.

На Віцебшчыне па прадметнай алімпіядзе па працоўным навучанні за навучэнцамі сенненскай другой школы трывала замацавалася лідарства. Шмат у чым гэта заслуга настаўнікаў — Сяргея Румо і Вольгі Шыдлоўскай. Неаднаразова іх вучні займалі прызавыя месцы. А на гэты раз адразу чацвёра (з шасці тых, хто прадстаўляў наш раён на 3-м абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні) вярнуліся дадому з перамогай. Уладзі­слаў Какуцеў і Вікторыя Падалінская прывезлі дыпломы 2-ой ступені. Вадзім Мядзведзеў і Вера Акулава — дыпломы 3 ступені. Абышлі сенненцаў у нялёгкай барацьбе навапалачане.

Алімпіяда па працоўным навучанні недарэмна лічыцца адной з найцяжэйшых. Аркушам ды ручкай тут не абысціся. Трэба, каб і ў галаве было, і ў руках ла­дзілася.

На працягу пяці дзён у Віцебску ішло спаборніцтва паміж юнымі майстрамі і майстрыхамі. За гэты час падлеткам неабходна было выканаць тэставыя заданні. Сёлета яны былі пашыраны — давялося праявіць веды не толькі па чарчэнні, але і па фізіцы. Практычная частка ўключала выкананне сувенірнага вырабу. Хатнім заданнем сталі вучнёўскія праекты на агульную тэму «Беларусь — мая радзіма». Пано, выкананыя сенненцамі ў тэхніцы разьбы па дрэве (у хлапчукоў), вышыўкай бісерам, крыжам і атласнымі стужкамі (у дзяўчат) уразілі абласное журы. Цяпер задача для «сярэбраных» прызёраў алімпіяды Уладзіслава і Вікторыі, а таксама іх настаўнікаў годна прадставіць раён і вобласць на апошнім, рэспубліканскім, этапе.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: каманда сенненскіх вучняў; работы пераможцаў абласной алімпіяды па працоўным навучанні.