В два раза выше. В сельском хозяйстве Сенненщины наметили новые планы

Сёлета сельгасарганізацыі раёна для выканання плана дзяржзакупак, каб мець поўную забяспечанасць жывёлагадоўчай галіны канцэнтраванымі кармамі, павінны атрымаць 122 тысячы тон збожжа. Прыгадаем, што гэта ў два разы больш за леташні валавы намалот. Рост па вытворчасці бульбы прадугледжаны ў 2,4 раза, ільновалакна — у 1,4 і масласемя рапсу — у 6,2 раза. Апошняя культура ў мінулым годзе не перанесла зімоўку, таму  такі амбіцыёзны прагнозны паказчык прадугледжаны на гэты год.

На аснове  павышэння ўраджайнасці ўсіх культур у раслінаводстве, новыя высокія рубяжы вызначаны  і ў жывёлагадоўлі. Надаіўшы ад кожнай каровы па 5 тысяч кілаграмаў малака за год, трэба забяспечыць яго вал у колькасці 44580 тон (рост да папярэдняга года 121 працэнт і больш), у вытворчасці жывёлы і птушкі  прырасці на 27 працэнтаў.

Са значным ростам спрагназаваны паказчыкі па рэнтабельнасці прадаж, павышэнні грашовай выручкі, зніжэнні сабекошту прадукцыі і стратнасці вытворчасці.

Маніторынг страт па выніках мінулага года паказаў наступную карціну: у некаторых адкрытых акцыянерных таварыствах і камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемствах займаюцца ўяўнай  эканоміяй, якая, акрамя паглыблення і абвастрэння эканамічнай сітуацыі ў галіне, нічога не дае. Вось некалькі прыкладаў. Летась у раёне ялавымі засталіся 2039 кароў. Гэта значыць, што столькі галоў матачнага статка не далі прыплоду. Плюс, вядома, прадуктыўнасць, якая ў  ялавай каровы на 35-40 працэнтаў ніжэйшая, чым у той, якая ацялілася. Страты па прычыне ялавасці па раёне ў мінулым годзе дасягнулі 4,5 мільярда рублёў.

Нават па сённяшніх мерках — лічба астранамічная. А цяпер давайце паглядзім на яе фоне на зарплату аператараў па штучнаму асемяненню кароў. У лістападзе 2011 года ў ААТ «Пурплева»  яна складала нямногім больш 900 тысяч рублёў, у ААТ «Студзёнка», «Бяленева» — 1 мільён рублёў, у КУСГП імя Гараўца — 800 тысяч рублёў. Ну, скажыце, хто з асемянатараў будзе выкладвацца на працы за такія грошы? Дарэчы, адпаведна рэкамендацыям упраўлення райсельгасхарчу, асемянатарам, якія толькі ўзяліся за работу і не маюць паказчыкаў па выхаду цялят ад кароў і цёлак, павінен устанаўлівацца месячны пасадавы аклад з улікам даплаты за выхадныя дні ў памеры 1300 тысяч рублёў.

Мізэрная аплата працы не стымулюе работу.  Можа таму  ў ААТ «Ульянавічы» ялавымі летась засталіся 125 кароў (страты — 267 мільёнаў рублёў), ААТ «Белая Ліпа» — 133 каровы не ацяліліся (-281 мільён рублёў), ААТ «Сінягорскае» — адпаведна 111 кароў і 200 мільёнаў рублёў. Для параўнання, у  ПП «Дружбінец» толькі 9 кароў не далі прыплоду.

Важны рэзерв павелічэння надояў і валавой вытворчасці малака — групы раздою, якія павінны своечасова фарміравацца, жывёла ў іх корміцца па асаблівым рацыёне   і на працягу трох месяцаў раздойвацца так, каб потым першацёлка стала высокапрадуктыўнай каровай. Аднак і тут людзей трэба зацікавіць: мінімальнай павінна быць аплата за цэнтнер малака 5849 рублёў, пры рэалізацыі  класам «экстра» — 14929 рублёў.

Мінімальная аплата працы за атрыманне цэнтнера прывагі буйной рагатай жывёлы ў групе прафілакторнага дарошчвання адпаведна рэкамендацый — 61538 рублёў. Між тым, у ААТ «Пурплева» плацяць усяго 38840 рублёў, ААТ «Ульянавічы» — 50693 рублі. Ці не таму на асобных фермах сярэднясутачныя прывагі на дарошчванні не дасягаюць і двухсот грамаў у суткі. Пры такой прывазе кожны гадаванец падрасце за год  на 73 кілаграмы. А да патрэбнай здатачнай кандыцыі яго давядзецца «карміць» 4-5 гадоў. Якая эканоміка вытрымае?

Эканамічныя работнікі гаспадарак з аналітыкаў ператварыліся ў звычайных статыстаў: ёсць факт — зафіксавалі. Аналізам з алоўкам і аркушам паперы ў руках займаецца мала хто. А трэба яшчэ бываць у непасрэдных выканаўцаў са сваімі выкладкамі і прапановамі па выпраўленні становішча, папярэджанні страт і пралікаў. Калі гэта і робіцца, то толькі на выніковых сходах.

Затое навучыліся лічыць іншае. Скажам,  патрэбнасць у грошах на студзень бягучага года па разліках эканамічных, бухгалтарскіх і іншых рахунковых работнікаў для нармальнай работы ААТ і КУСГП у цэлым па раёне дасягнулі 15 мільярдаў 538 мільёнаў рублёў (вяртанне займаў, заработная плата, налічэнне «дзіцячых грошай», гаруча-змазачныя матэрыялы, запчасткі, ветэрынарныя прэпараты і г.д.). Лічбу патрэб выдалі «на гара». А хто падлічыў, колькі можна зэканоміць на строгім расходзе паліва адпаведна выкананага аб’ёму работ, на запчастках і рамонтных работах пры своечасовым і якасным тэхнічным абслугоўванні тэхнікі, рацыянальным (прыгатаванне кармасумесей) выкарыстанні ўсіх відаў фуражу, а не на выплаце  зарплаты, якая не стымулюе працоўную актыўнасць і зацікаўленасць людзей у атрыманні больш высокіх рэзультатаў работы.

Разлік грашовых патрэб зроблены па-максімуму. А  вось выручка ад рэалізацыі малака (адзіная зімой прадукцыя, якая паступае што­дзённа) пакрывае патрэбнасці толькі па ААТ «Белая Ліпа» і ААТ «Студзёнка». Астатнія сельгасарганізацыі абавязаны яшчэ рэалізоўваць жывёлу. але мяса БРЖ па выніках 2011 года  стратнае.

Як узняць рэнтабельнасць прадаж? Нічога новага тут сказаць нельга, акрамя банальнасцей: павелічэнне валавай вытворчасці ўсіх відаў прадукцыі, рост якасці, зні­жэнне неабгрунтаваных затрат і, безумоўна, забеспячэнне эфектыўнасці гаспадарання. Летась, ды і сёлета, ні адна сельгасарганізацыя не забяспечыла на ўзроўні 90 працэнтаў таварнасць малака. Па раёне яна была 82,9 працэнта. Яшчэ ніжэйшая таварнасць склалася ў ААТ «Літусава», «Пурплева», КУСГП «Полымя», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

Па прычыне нізкай таварнасці малака раён недаатрымаў у мінулым годзе 4 мільярды 435 мільёнаў грашовай выручкі. 429 мільёнаў яе не паступіла ў грамадскія касы з-за та­го, што значная частка малака рэалізоўвалася першым і другім гатункамі, а не вышэйшым гатункам і класам «экстра». Значныя выдаткі панеслі па гэтай прычыне ААТ «Бяленева», «Какоўчына», «Літусава», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», «ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

Зараз закупачныя цэны на малако нядрэнныя, таму без праблем  можна мець штодзённыя абаротныя срод­кі і рэнтабельную, не менш 20 працэнтаў, як гэта і прадугледжана прагнозам на сёлетні год, галіну. Аднак хтосьці ў пагоні за больш высокім сярэднясутачным надоем лінуў у танк хала­дзільніка вадзіцы, або, прамываючы малакаправод, пусціў памыі туды ж, не задумваючыся, што гэтым зрабіў гаспадарцы мядзведжую паслугу: заліковая колькасць прадукцыі тлустасцю ніжэйшай за базісную (3,6 працэнта) заўсёды будзе меншай, чым фізічная. Плюс яшчэ зні­жаецца шчыль­насць малака і ўтрыманне ў ім бялку. З-за нізкай тлустасці летась ААТ «Ульянавічы» страціла 80 мільёнаў рублёў, ААТ «Сінягорскае» — 119, ААТ «Пурплева» — 95 міль­ёнаў рублёў. У той жа час ААТ «Літусава», ААТ «Бяленева» адпраўлялі на перапрацоўчае прад­­пры­емства малако тлустасцю 3,7 працэнта і дадаткова мелі адпаведна 87 і 117 міль­ёнаў руб­лёў.

Я не спецыяліст у жывёлагадоўлі, не  эканаміст. Аднак нават такі, скажам, дылетанцкі аналіз мінулагодніх рэзультатаў паказвае, што рэзервы росту знаходзяцца на паверхні і галоўны з іх — чалавечы фактар.

Міхаіл БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *