Юбилейная «Утренняя звезда» поставила свои рекорды

Дзве суботы запар сцэна раённага Дома культуры была аддадзена  юным сенненцам — удзельнікам раённага фестывалю «Ранішняя зорка». Сёлетні год для фэсту стаў юбілейным. Не дзіва, што фестываль 2012 года вызначыўся сваімі рэкордамі па колькасці намінацый. Акрамя трох традыцыйных — «Маладыя галасы» (для спевакоў), «Рытм і прыгажосць» (для танцораў), «Чароўны мікрафон» (для вядучых) — арганізатары дадалі яшчэ дзве: «Выяўленчае мастацтва і дэкаратыўна-прыкладная творчасць» і «Тэатр моды».

Удзел у іх прынялі юныя артысты з 19 школ раёна. Свае калектывы прадставілі таксама Сенненскі цэнтр дзяцей і моладзі і Багушэўскі дом творчасці. У цэлым за два дні гледачы і журы паглядзелі і паслухалі больш за 80 нумароў, у тым ліку 42 песні, 7 харэаграфічных кампазіцый, 22  выступленні ў размоўным жанры і 4 модныя прэзентацыі. У фае РДК працавала выстава дзіцячых малюнкаў і вырабаў.

Журы юбілейнага фестывалю таксама было адметным. Ацэньваць выступленні канкурсантаў давялося прызёрам «Ранішняй зоркі» мінулых год: выкладчыку Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыі Ляхновіч, студэнту  інстытута журналістыкі БДУ Дзмітрыю Судніку, навучэнкам Беларускай Акадэміі культуры Алене Матузенка і Ксеніі Рыбчанка, Віцебскага музычнага вучылішча Анастасіі Рукаль. Спецыяльнасці, якія вывучаюць былыя ўдзельнікі фестывалю, лепшым чынам сведчаць пра яго знакавасць для тых, хто пачынае шлях у творчасці. «Ранішняя зорка» стала першай прыступкай для кагосьці ў прафесіі  і на вялікай сцэне. Пераможца 2003 года ў намінацыі «Маладыя галасы», а сёння член журы Кацярына Калбянок сама вучыць дзетак асновам спеваў, з’яўляючыся кіраўніком аддзялення эстраднага вакалу Старадарожскай ДШМ (Мінская вобласць).

Акрамя таго, у якасці суддзяў выступілі загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета раённага аддзела адукацыі Святлана Кляпцова (старшыня журы), медатыст РАА Жанна Падалінская, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аляксандр Абушкевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №2 г.Сянно Людміла Гарбачова, кіраўнік вакальнай студыі Сенненскага ЦДіМ Анастасія Таненя.

Сярод ганаровых гасцей фествалю — намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.

Вядучымі фэсту сталі Андрэй Макараў (таксама былы ўдзельнік «Ранішняй зоркі», а сёння студэнт 5 курса ВДУ імя Машэрава), навучэнцы СШ №2 г.Сянно Вадзім Мядзведзеў, Ілья Несцяронак і Ксенія Васілёнак, якая выступіла ў ролі чароўнай «Ранішняй зоркі».

Па традыцыі фестываль праходзіў у два этапы. Першы дзень спаборнічалі прадстаўнікі сярэдняй узроставай групы. У другі  — выступілі самыя маленькія канкурсанты і старшакласнікі.

З кожным годам узровень фестывалю расце. Нумары ўражваюць сваёй прафесійнасцю: прадуманыя пастаноўкі, эфектныя падтанцоўкі, яскравыя касцюмы. Бачна, што да дзіцячага фэсту года яго ўдзельнікі рыхтуюцца доўга і настойліва.

На сцэне РДК панавала адразу трохмоўе. Але на якой бы мове — беларускай, рускай ці англійскай — не звярталіся канкурсанты, амаль усе іх выступленні прысвячаліся роднай Беларусі і малой радзіме — Сенненшчыне. Сёлетні год для раёна таксама юбілейны. Сянно адзначае сваё 570-годдзе. І гэты факт удзельнікі конкурсу не абышлі  ўвагай.

Сярод яркіх выступленняў былі адзначаны дуэты Яны Шэгідзевіч і Марыі Шубка, Алы Латышавай і Анастасіі Бялко, вакальныя нумары Арыны Доўгай, Ніны Міхайлоўскай, ансамбляў «Мелодыя», «Вакаліна», «Музычная капель» і інш. У намінацыі «Рытм і прыгажосць» парадавалі групы «Ручаёк надзеі», «Лілітоны», «Гарошынкі». Сярод лепшых у «Чароўным мікрафоне» сталі Юрый Шальнёў, Вераніка Казлова, Кацярына Матусевіч і інш. Уразілі гледачоў модныя калекцыі Сенненскай школы-інтэрната, Сенненскага ЦДіМ, Студзён­каўскай і Багданаўскай школ.

Мастацтвам маляваць і ствараць рукамі здзівілі навучэнцы СШ №1 імя З.Азгура, школы-інтэрната, ЦДіМ, Ульянавіцкай школы.

Лідарамі па колькасці прадстаўленых удзельнікаў і нумароў сталі абедзьве сенненскія, Машканская школы, Сенненская школа-інтэрнат, Сенненскі ЦДіМ.


Юбилейная «Утренняя звезда» поставила свои рекорды: 2 комментария

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *