Сенненскія бібліятэкі рыхтуюцца святкаваць юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа

Беларусь рыхтуецца да 130-гадовага юбілею з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. Юбілей класікаў беларускай літаратуры адзначаць і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсачках нашай краіны. Бібліятэкі Сенненшчыны таксама маюць намер дастойна сустрэць слаўную дату.

У цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме распрацаваны гадавы план мерапрыемстваў, прысвечаных песнярам беларускага слова.

У сельскіх бібліятэках раёна аформяць выставы, падборкі літаратуры пра жыццё і творчасць Я.Купалы і Я.Коласа. Пройдуць бібліяграфічныя агляды іх твораў, літаратурна-музычныя кампазіцыі, тэматычныя семінары, літаратурныя гадзіны, вечары, конкурсы.

У Яноўскай сельскай бібліятэцы будзе праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя «Купала і Колас — песняры беларускай зямлі». На тэматычны семінар «Спявай, звіні, купалаўская ліра» аматараў творчасці паэта запросіць Пламенская бібліятэка. У Какоўчынскай і Чырвонасельскай пройдуць літаратурныя вечары «Нам засталася спадчына». Свае веды пра жыццё і творчасць беларускіх песняроў змогуць паказаць удзельнікі конкурсаў пад назвай «Волаты слова народнага», якія будуць арганізаваны ў Канстантоўскай і Нямойтаўскай бібліятэках.

Мерапрыемствы да юбілею класікаў беларускай літаратуры пройдуць у кожнай бібліятэчнай установе раёна.