Жительница Сенно родила двойню

За апошнія гады колькасць на­раджэнняў двайнят у свеце значна ўзрасла. У нашым раёне  за апошнія пяць год у пяці сямей нарадзіліся двайняткі.

З’яўленне дзіця ў сям’і — вялікая радасць. А калі  з’яўляецца адразу двое — двайная радасць, такімі словамі пачала ўрачыстую рэгістрацыю нараджэння Вольга Мялешка, начальнік аддзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама. 5 студзеня маладая сям’я Аляксандра і Святланы Гарбачовых папоўнілася адразу двума членамі. Маленькія волаты-блізняткі, Арцём і Мікіта, вагой 3040 і 3090 гр, з’явіліся на свет з розніцай усяго ў 2 хвіліны. Такому падарунку лёсу маладыя бацькі бязмежна рады.

Святлана — бухгалтар Сенненскай ЦРБ, Аляксандр працуе вадзіцелем у ПМК-64. Будучая маці адчула лёгкі шок, калі падчас ультра-гукавога даследавання ёй паведамілі, што пад сэрцам яна носіць адразу два жыцці.

Для жанчыны самае вялікае шчасце — быць маці. Святлане ж пашанцавала — яе шчасце памножана на два. Дарэчы,  яе бацька, таксама з двайнят.

Павіншаваць маладых бацькоў і ўручыць падарункі ў дзень рэгістрацыі дзетак у раённым аддзеле ЗАГС сабраліся калегі Аляксандра і Святланы па працы. З падарункам прыйшлі і Алена Мяцеліца, Алена Дзергачова, Наталля Бярговіна, якія ад імя раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» павіншавалі сям’ю з нараджэннем немаўлят.

Ала ЯКАЎЛЕВА.