Сенненский “Айболит” увлекается оригами и вязанием

  Сяргей Вераценнікаў — ветэрынарны ўрач-эпізаатолаг ДЛПУ «Сенненская райветстанцыя». На працягу 5 гадоў лечыць жывёлу. Скончыўшы Лужаснянскі сельскагаспадарчы каледж, потым Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, па размеркаванні трапіў у Сянно. І ні кроплі не шкадуе — малая радзіма, як кажуць, і да сэрца бліжэй.

Ветэрынараў у сям’і Вераценнікавых не было, так што гаварыць, быццам бы праца перайшла ад бацькоў, нельга. Але ўсё ж выбар прафесіі не быў выпадковым — сваё увасабленне знайшла  дзіцячая мара лячыць жывёлу.

Працуе Сяргей на гарадскім участку. Аднак, калі яго дапамога спатрэбіцца на раёне, то ад гэтага чалавека не пачуеце: «Прабачце, не атрымліваецца». У любы час — ці то ўдзень, ці то ўночы, — ветурач гатовы выехаць на дапамогу: на 

службовым транспарце, на машыне, матацыкле кліентаў.

 «Для таго, каб працаваць ветэрынарам, мала любіць жывёлу, — гаворыць Сяргей. — Трэба быць моцным, у маральным плане. Быць гатовым да тых сітуацый, калі ты ўжо будзеш бяссільны ў аказанні дапамогі. Спакойна пераносіць ўсялякія ўкусы, абдзіранні братоў нашых меншых. Кожны з нас ведае, на што ідзе».

 Працы шмат. Дзе-небудзь можна абысціся простым аглядам, парадай, вакцынацыяй, а ў некаторых выпадках даво­дзіцца, нават, прыбягаць і да аперацый. Усё, што залежыць ад спецыялістаў райветстанцыі, робіцца. Але з-за недахопу дыягнастычнага абсталявання, часам , чацвераногіх пацыентаў прыхо­дзіцца адпраўляць у Віцебск.

 Для Сяргея падзяка за працу — бачыць здаровую жывёлу і задаволенага гаспадара. Часта хворых прыносяць дзеці, для якіх той самы кот ці сабака можа быць лепшым сябрам. Часам такія абследаванні  ператвараюцца ў аказанне псіхалагічнай дапамогі іх гаспадарам. Менавіта ў такіх выпадках словамі «ўсё бу­дзе добра» ветурач і пачынае агляд.

 Нягледзячы на нялёгкія працоўныя будні, Сяргей знаходзіць месца і любімым заняткам: вязанню і арыгамі — мастацтву складвання фігурак з паперы. Прычым жонка Вольга яго ў гэтым поўнасцю падтрымлівае і іншы раз  дапамагае. Здавалася б, зусім не мужчынскія захапленні, але ў той жа час яны так трапна падкрэсліваюць натуру Сяргея — добрага і безадмоўнага чалавека,  «доктара Айбаліта», які заўсёды спяшаецца на дапамогу.

Ала ЯКАЎЛЕВА.