Праз дзве вайны

Ва ўзросце 90 гадоў пайшоў з жыцця Канстанцін Мікалаевіч Корсакаў. Капітана ў адстаўцы пахавалі з усёй належнай афіцэру пашанай. Салдаты ганаровага каравула 103-й Віцебскай асобнай мабільнай брыгады вынеслі з кватэры труну з целам, вянкі, узнагароды, разам з ваенным аркестрам суправаджалі цела да могілак. Над магілай далі залп.

 Канстанцін Корсакаў быў удзельнікам дзвюх войнаў. На савецка-фінскую ён трапіў добраахвотнікам адразу пасля заканчэння дзесяцігодкі ў Віцебску. Маладому салдату пашанцавала — ён выжыў у той вайне і застаўся служыць у Чырвонай Арміі, у Паўночна-заходняй акрузе пасля падпісання 12 сакавіка 1940 года паміж СССР і Фінляндыяй мірнага дагавора. Быў наводчыкам, механікам у танкавых войсках. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Корсакаў ваяваў на тэрыторыі Украіны, вучыўся ў Сызранскім танкавым вучылішчы, стаў камандзірам танка. Атрымаў некалькі раненняў і кантузій.

 Толькі ў канцы 1946 года ў званні старшага лейтэнанта Канстанцін Корсакаў вярнуўся ў вёску Слабодка Ходцаўскага сельсавета, дзе жыла яго маці. На грудзях ззялі два ордэны Вялікай Айчыннай вайны, баявыя медалі. Арміі было аддадзена сем лепшых гадоў жыцця.

  Некаторы час Канстанцін Корсакаў працаваў у ваенкамаце, выкладаў урокі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў СШ № 1 г. Сянно, Машчонскай СШ. Пазней працаваў дыспетчарам у АТП № 20, інспектарам Белдзяржстраху.

  Пра гэта ў рэдакцыю напісала Р.Л. Ермаловіч, пляменніца ветэрана вайны. Яна вельмі ўдзячна за арганізацыю пахавання ваеннаму камісарыяту і лічыць, што з такой пашанай трэба хаваць усіх, хто бараніў радзіму.

Матэрыял да друку падрыхтаваў Л. ІЎЕЎ.