За 2011 в суде Сенненского района рассмотрено более 700 дел за распитие спиртного в общественных и на рабочих местах

П’яны на рабочым месцы, п’яны на вуліцы, у транспарце, на лаўцы ля пад’езда — відовішча даволі знаёмае для кожнага з нас. Як паведаміла Святлана Сівец, кансультант суда Сенненскага раёна, за 2011 год у судовым працэсе было разгледжана больш 700 адміністрацыйных спраў па арт. 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, гэта значыць, за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў ці піва ў грамадскім месцы альбо з’яўленне ў грамадскім месцы ці на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення.

 — Святлана Пятроўна, як караецца падобнае правапарушэнне судом?

— Штрафам, які налічваецца ў базавых велічынях. Напрыклад, знаходжанне на працоўным месцы ў рабочы час у стане алкагольнага ап’янення (ч.2 арт. 17.3 КаАП) абыдзецца ў суме роўнай ад 1 да 10 базавых велічынь. Хутка базавая велічыня павялічыцца. І нават мінімальнае пакаранне (адна базавая велічыня) стане даволі адчувальным.

 Аматарам выпіць на рабочым месцы  я б хацела нагадаць яшчэ адзін прававы нюанс. У адпаведнасці з дзеючай нарматыўна-прававой базай  лічыцца  парушэннем  знаходжанне на рабочым месцы   пры любой ступені канцэнтрацыі алкаголю ў крыві работніка. Гэта значыць, судом да ўвагі прымаецца сам факт ужывання алкаголю, а не толькі стан алкагольнага ап’янення.

 — Праілюструем на прыкла­дзе…

— У паўсядзённым жыцці піва за алкаголь у нас не лічаць і нярэдка пасля выхадных многія дазваляюць сабе перад выхадам на работу ці на рабочым месцы ўжываць яго. А гэта ўжо з’яўляецца парушэннем кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.

 — Хто часцей за ўсё парушае арт. 17.3? Намалюйце іх сацыяльны партрэт.

 — Большасць складаюць мужчыны. Аднак жаночы алкагалізм імкліва даганяе мужчынскі. У судзе нярэдка разглядаюцца адміністрацыйныя справы ў адносіне да жанчын, якія дазваляюць сабе распіваць алкагольныя напіткі ці з’яўляцца на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. У кастрычні­ку мінулага года па арт.17 ч. 3 КаАП (знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення на рабочым месцы) былі разгледжаны адразу дзве адміністрацыйныя справы ў адносіне да дзвюх работніц жывёлаводчай фермы адной з сельгасарганізацый раёна. На кожную з іх накладзена спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 4 базавых велічынь.

— Можна сказаць яны ўкралі па 140 тысяч рублёў у сваіх дзяцей…

— Так, жаночы алкагалізм нічым не адрозніваецца ад мужчынскага. Але ён небяспечны тым, што амаль не паддаецца лячэнню, жанчына набывае залежнасць ад алкаголю хутчэй, чым прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. У рэшце рэшт, рушыцца ўсё, у тым ліку сям’я.

— У такой сітуацыі цяжка што-небудзь раіць. Тым не менш — што рабіць?

— Не буду арыгінальнай. Нельга быць безуважным да падобнай праблемы. Тыя, хто працуе побач з аматарамі выпіць, павінны адэкватна рэагаваць на ўжыванне алкаголю.  Кіраўнік прадпрыемства, установы, скажам, шляхам дакладнага захавання вытворчай  дысцыпліны, навядзення парадку на рабочых месцах, шляхам павышэння асабістай адказнасці работнікаў, кіраўнікоў вытворчых падраздзяленняў. Такім спосабам можна многіх засцерагчы ад бяды.

 Гутарыў Л. ІЎЕЎ.