В Мошканском сельсовете Сенненского района экология стоит на первом месте

                                                     Візітоўка

Вытворчая сфера прадстаўлена ААТ «Кругляны», ДП «Саўгас імя Машэрава».

 На пачатак 2011 года ў 30 населеных пунктах жыло 2267 чалавек, у тым ліку ў аграгарадку Машканы —1008. Тут жа сканцэнтравана асноўная частка працаздольнага насельніцтва — 660.

 Сярод жыхароў сельсавета шмат пенсіянераў — 608: у тым ліку 3 — інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 7 — удзельнікі, 2 — сем’і загінуўшых; адзінокія — 23, пенсіянеры, якія жывуць адзінока — 340.

 Навучальныя ўстановы: Машканская ДАСДСШ імя Гараўца; Канстантоўская пачатковая дзіцячы сад — школа; Машканская музычная школа.

 Культура прадстаўлена Домам культуры ў Машканах, 4 клубамі і 4 бібліятэкамі.

 Гандальная сфера — гэта 11 магазінаў райспажыўтаварыства, магазін саўгаса імя Машэрава. 18 населеных пунктаў абслугоўваецца аўталаўкамі. Сістэма бытавога абслугоўвання: КПП у Машканах і Канстантове.

 Медыцына: амбулаторыя і бальніца сястрынскага догляду ў Машканах, 2 ФАПы — у Канстантове і Круглянах.

 Акрамя гэтага ў Машканах працуюць аддзяленне № 167 ЦБП № 218 ААТ «ААБ Беларусбанк», лясніцтва ДЛГУ «Віцебскі лясгас», аддзяленне паштовай сувязі, пажарна-аварыйны пост № 10.

 На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца ўгоддзі паляўнічай гаспадаркі «Марка-Сэрвіс», які з’яўляецца вытворчым участкам аднаго з буйнейшых вытворцаў абутку ў Беларусі.

 

 

Наша гордасць і наша боль

Чаму прадпрыемства выбрала наваколіцы Машканоў для арганізацыі паляўнічай гаспадаркі? Таму ёсць простае, але дастаткова пераканаўчае тлумачэнне: мясцовыя лясы багатыя дзічынай, а прырода адрозніваецца разнастайнасцю і экалагічнай чысцінёй, нягледзячы на інтэнсіўнае развіццё ў сельсавеце сельскагаспадарчай вытворчасці на працягу апошняй чвэрці мінулага стагоддзя. Спачатку ў мясцовым саўгасе  быў пабудаваны свінакомплекс. Некалькі гадоў таму запушчана ў эксплуатацыю буйнейшая ў раёне малочнатаварная ферма, дзе каровы ўтрымліваюцца ў памяшканні круглы год. Падобныя вытворчыя аб’екты могуць вельмі прыкметна ўздзейні­чаць на экалогію. Іншая справа, што пры дакладным функцыянаванні ачысных збудаванняў, тэхналагічнай утылізацыі вытворчых адходаў гэтыя ўздзеянні мінімальныя.

 «На адстойніках, куды скідваецца вадкая фракцыя, што выдаляецца з гною са свінакомплекса, водзіцца рыба, гняздзяцца качкі, якіх ловяць, на якіх палююць. Не чуў, каб нехта з мясцовых аматараў-рыбакоў ці паляўнічых скардзіўся на якасць пры спажыванні іх мяса», — расказвае Леанід Шаеў, старшыня Машканскага сельскага Савета дэпутатаў і заўзяты паляўнічы.

 Зразумела, за такім станам навакольнага асяроддзя стаіць напружаная праца. Па словах Валерыя Макарэвіча, галоўнага спецыяліста раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскагаспадарчае прадпрыемства шмат зрабіла, каб зменшыць негатыўнае ўздзеянне на прыроду. У прыватнасці, на свінагадоўчым комплексе ў разы стала менш выкарыстоўвацца вады, актыўна прымяняецца сухая падсцілка. Вядзецца маніторынг падземных вод, які сведчыць пра адсутнасць якіх-небудзь адхіленняў ад санітарных норм ці пагаршэнне якасці пітной вады. У той жа час супрацоўнік інспекцыі лічыць, што ў Машканах галоўнай экалагічнай праблемай з’яўляюцца ачысныя збудаванні, якія прымаюць сцёкі з жылога сектара населенага пункта. «Згодна з праграмай па развіцці аграгарадка была запланавана іх рэканструкцыя. Наша служба сваю частку праекта прафінансавала. Закуплена неабходнае абсталяванне. А вось саўгас імя Машэрава сродкі на экалагічны аб’ект ніяк не можа знайсці. У выніку сцёкі фактычна напрамую скідваюцца ў меліярацыйны канал».

 Прычына спынення рэканструкцыі ачысных збудаванняў крыецца ў фінансавых праблемах, якія мае дзяржаўнае прадпрыемства. Незавершаны аб’ект не можа быць перададзены на баланс РУП ЖКГ, вычарпаны магчымасці па пашырэнні жыллёвага будаўніцтва ў аграгарадку. Але сітуацыю ў саўгасе не лічаць тупіковай. Кіраўніцтва спадзяецца, што праблема будзе вырашана пасля таго, як ДП «Саўгас імя Машэрава» стане вытворчым падраздзяленнем Віцебскага мясакамбіната.

Чалавечы аспект экалогіі

 Прыроднае асяроддзе церпіць не толькі ад вытворчай дзейнасці чалавека, недагледжаных ачысных збудаванняў. У апошнія гады сур’ёзнай экалагічнай праблемай стала ўтылізацыя цвёрдых бытавых адходаў, сярод якіх пераважаюць полі­этылен і іншыя  падобныя па саставу матэрыялы. Пры раскладанні яны выдзяляюць шкодныя рэчывы больш небяспечныя для чалавека, чым, напрыклад, радыёактыўнае выпраменьванне. Менавіта таму выканкам Машканскага сельскага Савета дэпутатаў шмат працуе над павышэннем экалагічнай культуры насельніцтва. Работа вядзецца праз старэйшын, у час сельскіх сходаў, праз установы адукацыі і медыцыны, работнікаў жыллёва-камунальнай службы. Яшчэ адзін аспект — практычная работа, накіраваная на арганізацыю збору бытавога смецця, ліквідацыю несанкцыянаваных звалак. Больш месяца працавала тэхніка Сенненскага ПМС, РУП ЖКГ, саўгаса імя Машэрава, каб ліквідаваць стыхійную звалку непадалёк ад Машканоў. Размешчаная ў палях севазвароту дзяржаўнага прадпрыемства, яна не толькі замінала працы тэхнікі, засмечвала наваколле. Плошча яе ўсё павялічвалася, яе не раз падпальвалі.

 Ліквідавана пляцоўка для часовага захоўвання цвёрдых бытавых адходаў каля вёскі Карчэўшчына. Аб’ект існаваў законна. Іншая справа, што месца для яго размяшчэння было выбрана няўдала — вакол поле, побач лес. Пасля ліквідацыі пляцоўкі было вырашана гэтае месца засадзіць лесам. Ідэя належыла старэйшыне вёскі Віктару Латышаву. Рэалізавалася яна з дапамогай работнікаў Обальскага лясніцтва.

 Да нядаўняга часу стыхійна ўзнікшыя звалкі смецця існавалі непадалёк многіх вёсак сельсавета. Ярошкі, Канстантова, Кругляны — гэта пералік толькі тых, што ліквідавалі апошнім часам. «Каб смецце вяскоўцы не вывозілі за ваколіцы населеных пунктаў, трэба арганізоўваць збор смецця, — упэўнены Леанід Шаеў.— Як гэта зроблена ў Обалі, Круглянах, Канстантова, Карчэўшчыне, дзе зборам смецця займаецца Обальскі ўчастак РУП ЖКГ, у Машканах і Ярошках — Машканскі ўчастак. У адных вёсках устаноўлены кантэйнеры, недзе па графіку працуе спецыяльная тэхніка камунальнікаў. «У бліжэйшы час збор смецця будзе наладжаны ў Дубаўцах, Стрыгах, іншых вёсках. Вясковыя старэйшыны, у прыватнасці Людміла Ільючэнка, вядзе з людзьмі растлумачальную работу. Вяскоўцам давядзецца плаціць камунальнікам некаторую суму грошай,» — не хавае Леанід Шаеў.

 Вада — крыніца здароўя

 Жыхары большасці вёсак сельсавета пітную ваду атрымліваюць з калодзежаў ці з артэзіянскіх свідравін, праз сістэмы падачы, пабудаваныя за савецкім часам. Маніторынг, які рэгулярна праводзяць спецыялісты РЦГЭ, яшчэ ні разу не выяўляў вялікіх адхіленняў ад нормы. Іншы раз вада, праўда, не адпавядае стандарту па колеру і мутнасці. У ёй, як і ў цэлым па раёне і Беларусі, павышанае ўтрыманне жалеза.

 А вось у вёсцы Кадукова новая свідравіна ўведзена ў эксплуатацыю толькі ў пачатку мінулага года. Ваду з яе выкарыстоўваюць як вяскоўцы, так і на мясцовай жывёлаводчай ферме. Ёсць спадзяванне, што ў Машканах у бліжэйшыя гады будзе пабудавана станцыя абезжалезвання. Спадзяванні на гэта грунтуюцца на дзяржаўнай праграме, якая прадугледжвае будаўніцтва падобных аб’ектаў ва ўсіх аграгарадках краіны.

 Школьны сад

 Стан прыроднага асяроддзя ў значнай ступені залежыць ад чалавека, яго культуры, якая ў сваю чаргу закладваецца ў сям’і і школе. Ёсць спадзяванні, што сённяшнія машканскія школьнікі будуць больш экалагічна адукаванымі, чым іх бацькі. Падставу для гэтага дае той факт, што нядаўна рукамі вучняў і настаўнікаў мясцовай школы пасаджаны сад. Каля 400 дрэваў высаджана непадалёку ад новых шматпавярховых дамоў, некалькі дзясяткаў — на тэрыторыі навучальнай установы. Як заўважыў яе дырэктар Худавердзі Куліеў, саджанцы набыты за сродкі, заробленыя вучнямі школы, высаджаны іх рукамі, будуць даглядацца дзецьмі. «У гэтым гарантыя выхаваўчага поспеху, бо любы пасыл, нават самы бездакорны, дае эфект, калі ён замацоўваецца працяглы час», — упэўнены педагог.

 У школе існуе яшчэ адзін экалагічны праект — школьнае лясніцтва. Разам з настаўнікам біялогіі і работнікамі мясцовага лясніцтва вучні атрымліваюць тэарэтычныя веды аб прыродзе і ўзаемадзеянні чалавека з ёй, займаюцца практычнай дзейнасцю: садзяць лес, майструюць шпакоўні і сінічнікі, кармушкі для зімуючых птушак.

 Пройдзе яшчэ не адзін дзясятак гадоў, пакуль зашумяць высаджаныя дрэвы. А вось адносіны да прыроды ў машканскіх дзяцей, якія садзілі кволыя парасткі, ужо змяніліся. Яны не зломяць высаджаныя дрэвы, не заб’юць птушанят, не кінуць пад ногі смецце. Гэта іх зямля, упрыгожаная, дагледжаная іх рукамі.

Старонку падрыхтаваў Аляксандр ЛАЗЮК.

НА ЗДЫМКАХ: старэйшына вёсак Канстантова і Карчэўшчына Віктар Латышаў (злева); сад, высаджаны машканскімі школьнікамі.