Скарбы Раснянскага краю

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Вёска Расна Нямойтаўскага сельсавета знаходзіцца на паўднёвым-усходзе раёна. Ад Сянно да Расна — 25 км. На адлегласці 1 км ад вёскі праходзіць чыгунка Орша-Лепель.

 Насельніцтва вёскі складае 75 чалавек. З іх 40 — у працаздольным узросце, 30 — пенсіянеры і 5 дзеці.  Інфраструктура: ФАП, магазін, бібліятэка, клуб-музей.

 

                                               Роснае месца

 Служыў у мясцовага пана верны аканом Пётра. Ніхто не крыўдзіўся на яго, бо быў ён чалавекам спагадлівым, чулым. Дазваляў сялянам раней з працы сыходзіць, калі на тое былі іх патрэбы. Пан таксама быў задаволены аканомам. А аднога разу ўвогуле расчуліўся і паабяцаў ніколі Пётру са службы не праганяць. На што апошні адказаў прымаўкай: «Панская ласка, жончына праўда, сынава жальба — усё толькі да парога». Праз колькі часу аканом украў у пана гусака. Дазнаўся пра гэта гаспадар і паабяцаў «злодзея» павесіць. Вось тут і нагадаў Пётра пану пра яго абяцанні. «Твая праўда, аканом, — сказаў пан. — Што тая кветка росная-росна, якая на сонца трапляе, так і чалавек заўсёды ад людзей залежыць. Сваё слова я стрымаю: дам табе надзел добрай зямлі і там будуйся».

 Пабудаваў Пётра хутар, які назваў Росна. Пазней назву перайначалі ў Расна.

 Згодна тапанімічнага слоўніка В.Жучкевіча, у  аснове назвы ляжыць народнае найменне расліны — расянка, расна.

 Як гусі ў музей прывялі

 Першымі, каго мы сустрэлі ў ранішняй вёсцы, сталі… гусі. Магчыма, нашчадкі таго самага гусака, з якога і пачалася гісторыя мястэчка. Як у той дзіцячай песеньцы: «Адзін — шэры, другі — белы…». Толькі звалі пярнатых — Густаў і Аўгустына. Іх гаспадыня — у вёсцы асоба відная, дырэктар Раснянскага клуба-музея.    Галина Скаблова родам з гэтых краёў. Жыла спачатку ў Віцебску, Сухумі. У 1995 годзе вярнулася на малую радзіму. Так, аператар лічбавага-праграмнага забеспячэння ўзначаліла вясковы клуб. Дарэчы, некалі гэтую пасаду займала яе маці. Не дзіва, што першым аб’ектам нашага падарожжа стаў клуб-музей.

 Будынак калісьці быў адмі­ністрацыйным. Адчуваецца, што сёння ён мае патрэбу ў капітальным рамонце. Тым не менш, праца тут вядзецца. Ладзяцца мерапрыемствы, выставы. Маленькія раснянцы наведваюць гурток вышыўкі, краязнаўчы клуб «Родныя вытокі». Непрывабнае знешне збудаванне хавае ў сабе сапраўдную скарбніцу даўніны. Экспазіцыя музея ўразіць нават спрактыкаванага даследчыка.  А калісьці ўсё пачыналася з аднаго дубовага стула, які стаяў у сельскім савеце. Яго Галіна Лявонаўна літаральна выпрасіла, спасылаючыся на  гістарычную каштоўнасць. Сёння ў музеі налічваецца больш за 1000 экспанатаў — прылады працы, рэчы ўжытку, вырабы народных рамёстваў. Штосьці прыносіла сама, аддавалі суседзі, знаходзіла разам з дзецьмі падчас краязнаўчых экспедыцый. Шмат чаго цікавага трапляецца ў закінутых хатах. Многія прадметы, да слова, мясцовай вытворчасці. У ХІХ стагоддзі ў Расне працавалі прадпрыемствы па вырабе цэглы, бандарня, кузня. Ёсць прыстасаванні, якія хоць зараз у работу. Напрыклад, старажытныя кросны ці радыёпрайгравальнік ажно 1957 года выпуску.

 У пошуках  святой вады і чортавага камня

 Хоць азёрамі Раснянская зямля не багата, але затое адметная сваімі крыніцамі. Гэта яшчэ ў 1907 годзе адзначыў у сваёй кнізе «Сенненскі павет Магілёўскай губерні» Кірыл Анікіевіч. Ля адной з крыніц  пабывалі і мы. Зарослы мхом калодзеж стаіць на беразе вірлівай Абалянкі. Вада ў ім лічылася святой. Шмат паломнікаў ішлі сюды за збаўленнем ад хвароб, пакут. Нашы продкі меркавалі: дно крыніцы выслана срэбрам, што і надавала ва­дзе гаючую сілу. Праўда, сёння не варта ныраць у кало­дзеж у пошуках «драгметалу». Гэта ўсяго толькі байка. А вось у тым, што вада там і сапраўды празрыстая, незастойная, мы ўпэўніліся ўвачавідкі.

 Вясковыя могілкі — месца, па словах Галіны Лявонаўны, не менш старажытнае.  Згодна  з мясцовым павер’ем,  знойдзены на іх «гвозд» (цвік) з драўлянага крыжа валодае лекавай сілай.

 Яшчэ адзін помнік прыроды, авеяны легендамі, ляжыць на мяжы Расна і Вароніна. «Чортаў» камень — другі па велічыні валун у Беларусі. Па паданнях, жыў на тым месцы добры Чорт -кравец. Людзі прыносілі яму тканіну, а той шыў адзенне. Аднойчы хцівы чалавек загадаў Чорту: «Пашый мне ні тое, ні сёе!». Пакрыўдзіўся кравец на людзей і знік назаўсёды ў балоце. Як напамін, засталіся на валуне выявы нажніц і манет. Неаднаразова спрабавалі людзі змераць глыбіню забалочанага вадаёма, нават вадалазы ныралі, але ні разу так і не дасталі да дна. Кажуць, у дрыгве жудасці розныя блюзняцца. На жаль, пабачыць цуд прыроды нам не пашанцавала. Дарогу ў той дзень замяло і рызыкаваць транспартам мы не сталі. Вырашылі, прыедзем сюды летам. Не дабраўся наш журналісцкі «экіпаж», усё па той жа прычыне, і да курганоў, якія месцічы называюць «напалеонаўскімі». Насамрэч, гэта стара­жытныя пахаванні крывічоў. 

Цёмнае мінулае і  «светлая» будучыня

 Гэта сёння Расна — вёска на мяжы знікнення. А калісьці тут размяшчаўся цэнтр Раснянскага сельсавета. Яшчэ раней у ХІХ стагоддзі — цэнтр воласці Сенненскага павета. Месцілася тут праваслаўная Сафійская царква, якую, па словах вяскоўцаў, спалілі ў 1941-ым, і сёння ад яе засталі­ся толькі скляпенні. Паблізу стаяў фальварак шляхціца Плавінскага. Па ўспамінах бабулі, нашага гіда, раснянскія паны жылі небагата, да людзей ставіліся добра. Сёння ад панскай сядзібы застаўся падмурак ды рэшткі саду. Праўда ці не, але расказваюць, што ад панскага дома да чыгуначнай станцыі ішлі падземныя хады.

 Калісьці стаяла ў вёсцы і карчма. Многія ўпэўнены, што на тым месцы можна знайсці скарбы. У наш час тут нават бачылі «чорных» капальнікаў.

 У 1941-ым годзе ў вёсцы размяшчаўся штаб 5-га механізаванага корпуса Чырвонай Арміі. Нямала раснянцаў пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Германію было  вывезена 165 жыхароў, загінула — 320. У пачатку вёскі на брацкім пахаванні стаіць абеліск, у памяць  аб тых, хто абараняў радзіму.

 За савецкім часам Расна стала цэнтрам моцнай гаспадаркі — калгаса-мільянера «Чырвоны пуцілавец». Цяпер застаецца толькі ўспамінаць пра былую веліч. Вёска была цалкам «укамплектавана»: аптэка, бальніца, дзіцячы сад, пошта, 4 магазіны, школа, не кажучы ўжо пра фермы, канюшні, цялятнікі, мехдвары. Сёння амаль усе гаспадарчыя пабудовы знішчаны. А з сацыяльных аб’ектаў засталіся толькі магазін, бібліятэка, ФАП, клуб-музей. Замест пошты сюды прыязджае паштовая машына, два разы на тыдзень ходзіць аўтобус.

 У 2007 годзе канчаткова закрылася школа.  Будынак выстаўлена на аўкцыён. Былі прапановы адкрыць тут вытворчасць ці зрабіць базу адпачынку, але пакуль справа з месца не зрушылася.

 Раснянскія «каралі»

 Усё жыццё адпрацавала ў Раснянскай школе Ніна Ільінічна Падалінская. Некалі ўраджэнка Магілёўшчыны, выпускніца педінстытута, трапіла сюды па размеркаванні. Выйшла замуж і засталася ў вёсцы назаўсёды. Вось ужо 15 гадоў жанчына на пенсіі. Але былая праца настаўніка геаграфіі і біялогіі адлюстравалася ў хобі. За сценамі вясковай хаты хаваецца кветкавае багацце. Адных толькі пакаёвых раслін у Ніны Ільінічны  больш за 40 відаў. А ўвесну-ўлетку падворак ператвараецца ў вялізны квітнеючы букет. Нездарма яе дом лічыцца ўзорным. Пра кожную кветку яна можа расказаць літаральна ўсё: як даглядаць, чым карысная. Хто не ведае, што самыя лепшыя гарбузы на Віцебшчыне растуць у Расне, на агародзе спадарыні Падалінскай. Яны не раз упрыгожвалі старонкі абласной газеты «Народнае слова». А нас гас­цінная гас­падыня пачаставала смачнымі і карыснымі гарбузовымі семкамі. 

 Вёска Расна — адна з самых прыгожых на Сенненшчыне. Магчыма, невыпадкова мы знайшлі яшчэ адно меркаванне пра паходжанне назвы з  царкоўнаславянскай мовы «ряса» — упрыгажэнне. Быццам шыкоўныя каралі упрыгожваюць вёску шматлікія ўзгоркі, разгалістыя бярозы, багатыя дзічынай лясы. Як свярджаюць месцічы, ласі ды кабаны падыходзяць да самых падворкаў.  У ельніку, кажуць, нават жыве мядзведзь.

Пасляслоўе

  Па дарозе ў горад  сустрэлі медсястру Раснянскага ФАПа Алену Ступаневіч. Жанчына спяшалася да маленькага пацыента ў вёску Пацкава: «Дзіця нешта закашляла». Дзевяць год яна ездзіць (калі на аўтобусе, калі «добрыя людзі падвозяць») з Сянно, дзе жыве, на працу ў Расна. Участак, які абслугоўвае медработнік, вялікі — 18 кіламетраў. Большасць з 260 чалавек — пенсіянеры, самі да ФАПа не дойдуць. Таму хадзіць даводзіцца самой, уласнымі ножкамі. Хутка ў Багданаве павінна нарадзіцца дзіцятка. Да немаўляці Алене Ступаневіч прыйдзецца наведвацца часта. Хочацца, каб такіх прыемных візітаў у яе з кожным разам станавілася больш. Можа тады забурліць жыццё ў Раснянскім краі.

Падарожнічалі Вольга БАНДАРЭВІЧ і Ала ЯКАЎЛЕВА.