Міласэрнасць і суперажыванне – прафесійныя якасці супрацоўнікаў сацыяльнай службы Сенненшчыны

Сваё прафесійнае свята работнікі сацыяльнай абароны адзначаюць 5 студзеня, калі яшчэ працягваюцца навагоднія святы, а вернікі славяць Божае Нараджэнне. «І гэта лагічна. Вам даводзіцца працаваць з людзьмі, якім патрэбна дапамога. Не толькі матэрыяльная, фізічная. Яшчэ больш старым, нямоглым, патрэбна цяпло вашых сэрцаў, ваша душэўная спагада,» — заўважыў Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, выказваючы словы віншавання сацыяльным работнікам ад імя шматлікіх гасцей, што прыйшлі на сустрэчу, наладжаную ў сувязі са святам. Былі на ёй і ветэраны службы,  і, зразумела, прадстаўнікі калектываў устаноў, якія займаюцца налічэннем і выплатай пенсій, дапамог, дапамагаюць адзінокім састарэлым і інвалідам па месцы жыхарства, у аддзяленнях кругласутачнага і дзённага знаходжання, займаюцца працаўладкаваннем і прафесійнай перападрыхтоўкай.

  Дарэчы: на пачатак 2011 года ў Сенненскім раёне налічвалася 9 383 атрымальнікі пенсій і дапамог, у тым ліку 7004 пенсіянеры, 422 атрымальнікі дапамог па догляду за інвалідамі I групы альбо асобамі, што дасягнулі 80-гадовага ўзросту.

 У раёне пражываў 81 удзель­нік Вялікай Айчыннай вайны.

 У жыцці гэтых людзей асаблівую ролю адыгрывае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 83 работнікі якога даглядаюць 420 чалавек, аказваючы ім 17 відаў паслуг. У аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Ходцах і Багданаве жыве 52 чалавекі сталага ўзросту. Высокую запатрабаванасць мае аддзяленне дзённага знаходжання, якое працуе ў Сянно. А вось наведваюць яго і жыхары раёна. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі працуе 5 гурткоў, для іх родных — клуб «Надзея».

 Ва ўстановах, дзе супрацоўнікі маюць непасрэдны кантакт з людзьмі сталага ўзросту ці пакрыўджаных лёсам, працуюць незвычайныя асобы, гатовыя не толькі суперажываць чужому гору, але і дапамагчы канкрэтнымі справамі, дзеяннямі, паступкамі.

 Віктар Дзергачоў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама, упэўнены — міласэрнасць і суперажыванне з’яўляюцца абавязковымі прафесійнымі якасцямі сацыяльных работнікаў. Відаць, менавіта таму яшчэ ніхто і ніколі за час існавання ўстаноў упраўлення не паскардзіўся на  сацработнікаў. У сваім выступленні Віктар Дзергачоў называў і канкрэтныя прозвішчы. Асаблівай добрасумленнасцю вызначаюцца Валянціна Суднік, Ірына Чэчатава, Надзея Валадкевіч, Людміла Зелентава. У 2011 годзе ордэнам Тусналобавай-Марчанкі была ўзнагароджана Люся Грытчанка. Годам раней калектыў ТЦСАН быў занесены на раённую Дошку гонару.

 Маюць дасягненні і іншыя ўстановы, аддзелы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У лістападзе мінулага года работа па выкананню комплекснай праграмы па абслугоўванню насельніцтва Сенненскага раёна правяралася міжведамаснай групай, складзенай з прадстаўнікоў міністэрстваў працы, сацыяльнай абароны, фінансаў і іншых службаў. Яны пабывалі ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, мелі зносіны па месцы жыхарства ветэранаў. Вывучалася работа ўсіх службаў упраўлення, райвыканкама. У рэшце рэшт раён атрымаў станоўчую ацэнку.

 Пра паспяховую работу сацыяльнай службы раёна сведчыць і той факт, што напярэдадні прафесійнага свята шэраг супрацоўнікаў заахвочаны Падзякай старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама: Алена Кірсаненка, начальнік ад-дзела сацыяльна-працоўных адносін; Людміла Лобава, якая працуе ў аддзеле занятасці; Наталля Леўчанка — яна абслугоўвае на даму 12 чалавек, сярэдні ўзрост якіх складае 76 гадоў; Наталля Рачкоўская, малодшая медыцынская сястра аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Ходцах; Вольга Нікалаева, якая працуе ў аддзяленні дзённага знаходжання, вядзе гурток для інвалідаў.

 Поспех у любой сферы дзейнасці ў многім залежыць ад умення наладзіць кантакты з іншымі службамі. Для сацыяльнай работы гэта справядліва ўдвайне і яскрава праявілася пры арганізацыі сустрэчы ў сувязі з прафесійным святам сацработнікаў. Мерапрыемства падрыхтавалі і ўвасобілі з дапамогай работнікаў Дома культуры і школы мастацтваў. Невялікі канцэрт далі самадзейныя артысты, людзі, якія працуюць у самых розных галінах вытворчасці. А можа, усё намнога прасцей? На ўзроўні падсвядомасці мы помнім, што некалі таксама будзем старымі. Будзем мець патрэбу ў дапамозе.

Наш кар.

 На ЗДЫМКАХ: началь­нік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віктар Дзергачоў уручае падзяку Вользе Нікалаевай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *