Багушэўскі хор народнай песні адзначыў свой першы юбілей

Вось ужо на працягу пяці гадоў ён радуе землякоў сваімі выступленнямі.

 У пасёлку вытокі харавога выканання прыпісваюць Аляксею Сінельнікаву, былому дырэктару музычнай школы ў Багушэўску. Яшчэ ў 80-х гадах ён прывіваў любоў да музыкі дзецям, стварыў дзіцячы хор. Як паказвае час, жаданне спяваць у Багушэўску не згасае.

 Сёння кіраўніком хора народнай песні з’яўляецца Аляксандр Вішнякоў, чалавек, які добра ведае сваю справу. У свой час ён 10 гадоў адпрацаваў у Міёрскім Доме культуры, з’яўляўся музычным кіраўніком ансамбля «Талака» пры Віцебскай абласной філармоніі, мастацкім кіраўніком узорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Перапёлачка» гімназіі №3 г.Віцебска, хормайстрам народнага хору «Вясна» Віцебскага зеленгаса, музычным кіраўніком народнага ансамбля «Вытокі» пры абласным навукова-метадычным Цэнтры. Валодаючы бясспрэчным талентам мастацкага кіраўніка, ён змог гарманічна аб’яднаць зусім розных па ўзросце і па здольнасцях людзей. На сённяшні дзень калектыў налічвае 25 чалавек. Тут і настаўнікі, і работнікі культуры, і супрацоўнікі абласной туберкулёзнай бальніцы, і людзі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

 У гэты вечар у выкананні калектыву гучалі цудоўныя песні. Віншавалі юбіляраў, падносілі падарункі і дзякавалі за адданую працу людзі, якія не застаюцца абыякавымі да іх творчасці  — Любоў Трубека, старшыня Багушэўскага пасялковага Савета, Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Ларыса Новікава, начальнік аддзела культуры райвыканкама, вучні багушэўскай сярэдняй школы №2, удзельнікі фальклорнага ансамбля «Медуніца» і іншыя. За раз­віццё нацыянальна-культурных традыцый, актыўную канцэртную дзейнасць хор народнай песні Багушэўска ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, грашовай прэміяй. Своеасаблівым падарункам можна лічыць і сродкі, выдзеленыя Сенненскім райвыканкамам на абнаўленне сцэнічных касцюмаў.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

 Фота аўтара.