ОНИ РОДИЛИСЬ В НОВЫЙ ГОД
Свой чарговы, 50-ты, День нараджэння і Новы, 2012,год Таццяна Кузьмініч, жыхарка Сянно, зноў сустрэне на рабочым месцы. — Таццяна Фёдараўна нарадзілася 1 студзеня, а працуе яна з 1975 года дыспетчарам ў ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Зразумела, магла б падмяніцца хоць на гэты раз. Калегі ў просьбе не адмовілі б, але…
— Што тут зробіш, калі мне так пашанцавала нарадзіцца? — усміхаецца Таццяна Фёдараўна. — За гады працы я прызвычаілася да такога рэжыму. Дзень нараджэння і Новы год на рабочым месцы я сустракаю не першы раз.
А вось у дзяцінстве два святы ў адзін дзень прыносілі нават прыемныя сюрпрызы. У школе дзяўчынцы абавязкова давалі два наборы цукерак.
— Звычайна гэта былі карамелькі, пранікі, загорнутыя ў газетную паперу, — успамінае Таццяна Кузьмініч. — Ды і іх смак помніцца да гэтай пары.
Цукеркі ўручалі Дзед Мароз і Снягурка ў класе, дзе ставілі школьную ёлку, дзе збіраліся ўсе навучэнцы Сукрэмненскай пачатковай школы і іх бацькі. Салодкія ласункі ў тыя гады дзецям куплялі рэдка. Але дзеці спяшаліся не толькі за імі. Хацелася акунуцца ў навагоднюю мітусню, паскакаць у карагодзе разам з казачнымі героямі вакол ёлкі. Ёлка таксама не была так шыкоўна ўпрыгожанай, як зараз. Тым не менш радаваліся ёй дзеці магчыма яшчэ больш, бо цацкі на дрэве былі выраблены іх рукамі.
Навагоднюю ёлку абавязкова ставілі і ў хаце. Бацька Таццяны Фёдараўны быў лесніком. Але за ёлкай абавязкова выпраўляўся з дзецьмі, заўжды браў з сабой яе — Таню. Па-першае, дзяўчынка была самай малодшай у сям’і Мазго, а, па-другое, як не возьмеш, калі нарадзілася на Новы год.
У больш старэйшым узросце з’явілася іншая сямейная традыцыя. 31 снежня ў хаце накрывалі навагодні стол, у госці прыходзілі сяброўкі Таццяны. І пачыналіся танцы…
— Радыёпрыёмнік «Серенада» нам, сукрэменскім падлеткам, купіў калгас «Кастрычнік». Летам мы шмат працавалі ў гаспадарцы. І аднойчы старшыня калгаса паабяцаў, што за добрасумленную працу падаруе нам радыёлу, — з настальгіяй успамінае Таццяна Фёдараўна. — Мы не забыліся на абяцанне, напаміналі старшыні пра дадзенае слова. Радыёлу нам уручылі напярэдадні Новага года. Так нарадзілася наша традыцыя.
Прайшлі, праляцелі гады. Многае змянілася ў жыцці Таццяны Фёдараўны. Нязменны засталося толькі ўспрыняцце 1 студзеня — гэта Новы год, гэта дзень нараджэння. Дзе іх праводзіць — дома, на рабочым месцы — не так ужо і важна. Важна, з якім настроем.
Л.ІЎЕЎ.
Вядомы кінаакцёр Сямён Фарада аднойчы выказаў думку: «Няма нічога лепшага, чым справіць свята раніцай і скончыць яго на світанні наступнага дня».
Тыя, хто атрымлівае віншаванні з Днём нараджэння 31 снежня, па-рознаму адносяцца да гэтай даты. Для адных — гэта бяда, сапсаваны дзень, а для другіх, наадварот, апошні дзень каляндарнага года — адзіны,самы жаданы і непаўторны пярэдадзень Новага года.
Анастасія Бардзюкова, жыхарка Сянно, нарадзілася за дваццаць хвілін да пачатку новага года. Урачы нават пыталіся ў яе маці: якім чыслом запісваць нараджэнне дачушкі. Маці Насці не стала нічога мяняць. А таму сваё з’яўленне на свет дзяўчына адзначае 31 снежня. «Так распарадзіўся лёс, — гаворыць Насця, — пра што я ні колькі не шкадую».
Кожны раз раніца апошняга дня снежня для яе пачынаецца з віншаванняў бацькоў. Заканчваецца дзень таксама віншаваннямі ў адрас любімай дачушкі, толькі ўжо ў заключэнні гучыць «…і, канешне, з Новым годам!».
Нічога дрэннага ў тым, што дзень народзінаў супадае з Новым годам, Насця не бачыць. Наадварот, у гэтым супадзенні ёсць, нават, штосьці адметнае. Праўда, лічыць, што ў яе жыцці на адно свята стала менш, бо турботы адной падзеі неяк згладжваюць урачыстасць другой.
Затое ад віншаванняў 31 снежня тэлефон становіцца «чырвоным», бо ў цэнтры ўвагі яна — Насця. Тэлефануюць сябры, знаёмыя. Некаторым міжволі даводзіцца прызнавацца, што ў яе сёння двайное свята. А вось самыя блізкія сябры знаходзяць час, каб зайсці і павіншаваць, і, зразумела, уручыць свае падарункі. Прычым, падарункаў заўсёды шмат, бо віншуюць адразу з двума святамі.
Падчас пераднавагодняй мітусні, калі да ўрачыстага моманту застаюцца лічаныя гадзіны, усе людзі заняты сваімі справамі. Насця у гэтых турботах для сябе знаходзіць і прыемнае. «Усе адзін аднаму ўсміхаюцца, віншуюць з надыходзячым, — гаворыць дзяўчына, — і складваецца такое ўражанне, што ўсё гэта для мяне. Гучыць крыху ідэалізавана, але ў гэтым ёсць штосьці з дзяцінства — бесклапотнасць, радасць ад прадчування казачных сюрпрызаў».
Людзі лічаць: народжаныя ў перыяд навагодніх і калядных свят, адзначаны лёсам. Што тычыцца нашай гераіні, то пра яе можна сказаць — дзяўчына-разумніца. Яна вучыцца на чацвёртым курсе Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» на факультэце эканомікі і права. Паставіла перад сабой мэту скончыць з чырвоным дыпломам універсітэт і ў будучым стаць сапраўдным юрыстам. У вольны ад вучобы час Насця збягая ад гарадской мітусні да бабулі і дзядулі ў вёску Кавалі, што ў Лёзненскім раёне. Там адчувае сябе вальней: і на пасецы дзядулю дапаможа, і паляўнічых сабак яго выгуляе, і ў горад старых на машыне звозіць. Дарэчы, чароўнасць калядных і навагодніх свят неяк па іншаму дзяўчынай успрымаецца ў вёсцы, куды часта з бацькамі Насця ездзіць адзначаць свае святы.
Ала ЯКАЎЛЕВА.