ЗАМАЛЁЎКІ З ВАНДРОЎКІ: ПІЛІПАЎСКІЯ НАПЕВЫ

  —Бабуля, ты што?.. — старэйшы ўнук адзінаццацікласнік Аляксей схапіўся за галаву,  выпадкова прачытаўшы на маім пісьмовым стале напісаны на чыстым аркушы паперы загаловак.

 — Як што? Будзе лірычная замалёўка.

 — Ба-а-буля! — у голасе ўнука здзіўленне пакрысе пераходзіць у роспач. — Хіба ты не ведаеш, што піліпаўскі спеў — гэта ж зацятае ваўчынае выццё! Якая ж тут можа быць лірыка? Табе за такую замалёўку  гатовы дыягназ могуць выдаць.

 Я толькі ўсміхаюся:

 — Спадзяюся, што не.

 І памалу вяду роздум пра тое, як мудра спланавана, акрэслена ўсё ў прыродзе і, наогул, у жыцці. Здаецца, зусім нядаўна шугала лісцёвай завеяй бабіна лета, аздобленае цвіценнем астраў усіх расфарбовак, гваздзікоў, вяргіняў. Крыху пазней туманы ахутвалі, выядалі наваколле, і мы ўглядаліся ў паднябессе, слухаючы шчымлівы развітальны крык журавоў.

 І вось усё памалу, пакрысе ўпала ў зімовую спячку. Усяму загадана часова адпачыць, і толькі Піліп у свой прысвятак дазволіў ваўкам спраўляць вяселлі, а ў начныя часы нястрымных вятроў і магнітных бур насіцца ў ашалелым карагодзе ведзьмам, усей нечысці спраўляць свой шабаш. Каб гнуліся ад ветру дрэвы, бура здзірала з будынкаў дахі, хваравітыя людзі хапаліся за лекі.

  Усю восень сёлета жыхароў Масораў узрушвалі расказы тых, хто ўвачавідкі бачыў, як вечарамі-начамі да самай вёскі падыходзілі ваўкі. Асабліва яркімі былі аповеды начных вартаўнікоў на фермах, якія баяліся, што нахабныя драпежнікі забяруцца ў хлеў, парэжуць маладняк…

 А гадоў дваццаць назад, памятаю, прыпазніліся мы з сынам: спяшаліся ў піліпаўскай цемрадзі дахаты. Тут выкаціўся месяц, барвовым святлом напоўніў прастрору. Самая поўня! Месяц  святкаваў сваю сілу, сваю ўладарную магутнасць, якую адчувалі нашы душы.

 Толькі выйшлі мы з лагчынкі — і аслупянелі. Не болей як за 300 метраў на вяршыні ўзгорку, на ўзбочыне ля самай дарогі, застыў воўк, якраз на фоне месячнага дыску. Горда ўзнятая галава, сілуэт — мацёры  драпежнік  дэманстраваў яго… Прыгажосць. Драпежніцкай, скажаце, прыгажосці не бывае? Бывае… Усякая бывае.

 І вось яшчэ што ў хвіліны роздуму прыходзіць мне ў галаву ў гэтыя піліпаўскія вечары, поўныя трывожнай самоты, калі нават прырода нашэптвае, выводзіць піліпаўскія напевы. Здаецца, калі б валодала я вядзьмарскімі сіламі  ўсе іх накіраваля б на тое, каб на ўсіх аднавяскоўцаў, на ўсіх, хто жыве побач са мною, зрабіць сонечнае насланнё. Усю моц душы ператварыла б у станоўчую энергію, цеплыню душэўную. І наслала б на акаляючы свет шмат-шмат дабрыні, каб усім было добра, светла, хораша.

  Піліпаўка мінецца, аглянуцца не паспеем, як закружаць нас калядныя карагоды, а там і Масленіца…

 І гэта цудоўна, што ў жыцці і прыродзе ўсё так акрэслена і спланавана.

Людміла ПРАЦЭНКА,

в.Масоры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *