РОМАНТИКА ТАНЦА И ПРОЗА ЖИЗНИ. ПО ИНИЦИАТИВЕ МОЛОДОГО СПЕЦИАЛИСТА МНОГИЕ СЕННЕНЦЫ ОСВОИЛИ ЛАТИНОАМЕРИКАНСКИЕ ТАНЦЫ.

Вытанчаная, пластычная фігурка Вольгі звіваецца ў зграбных па. Мы стараемся паўтарыць за ёй усе рухі. Праўда, адлюстраванню нашых целаў далёка да «выкладчыцкага». «Малайцы! Усё атрымаецца!» — падбадзёрвае Вольга. Дзякуючы ёй, у маім жыццёвым графіку з’явілася месца для… дзіцячай мары. З дзяцінства захаплялася мастацтвам бальных танцаў, каб у дарослым жыцці пачаць асвойваць палымяныя сальсу, румбу, самбу.

 Адкрыць групу для заняткаў лацінаамерыканскімі танцамі — іні­цыятыва маладога харэографа Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Вольгі Кузьміч. Раней дзяўчына вяла ў якасці платных паслуг заняткі па фітнэсу. «Аднак чысты спорт далёка не ўсім падабаецца. А танцы — іншая справа. Прыгожая музыка, пластыка, грацыя — усё гэта дастаўляе задавальненне, а не адчуванне фі­зіч­най стомы пасля практыкаванняў. Пры тым, што нагрузкі тут зусім немалыя».

 Вольга — адданая служ­ка яе вялікасці тэрпсіхоры. Танцамі ўраджэнка Лепельшчыны займаецца з сямі год, як толь­кі патрапіла ў клас харэаграфіі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. А яны толь­кі на першы погляд — вытанчанае і лёгкае мастацтва. Гледачам няўцям, што за ім стаіць цяжкая паўся-дзённая праца. І, тым не менш, думкі кінуць заняткі ніколі не ўзнікала. «Я такі чалавек, калі за нешта бяруся, то мэтанакіравана дабіваюся вы­нікаў, а не распыляюся на мноства іншых спраў», — расказвае дзяўчына.

 У складзе дзіцячага калектыву яна шмат выступала, з гастролямі пабывала нават за мяжой. І калі па заканчэнні дзевятага класа агульнаадукацыйнай школы паўстала пытанне працягнуць вучобу ці пайсці на студэнцкі хлеб, Вольга вы­брала апошняе, бо звязаць сваю будучыню збіралася менавіта з танцамі. Родныя адгаворвалі. Аднак яна настаяла на сваім: не паступлю — вярнуся ў школу. У Ві­цебскім каледжы культуры і мастацтваў таленавітую абітурыентку адразу прыкмецілі і ўзялі.

 «Пасля такой

вучобы ў жыцці

нічога не страшна!»

 Вучыцца на аддзяленні харэаграфічнага мастацтва было няпроста. Высокія патрабаванні, штодзённыя, да сёмага поту, рэпетыцыі. Але ахвота да вучобы была куды большая: «Мы вывучалі розныя танцы, у тым ліку і народныя. Я ж па спецыяльнасці народніца!». На народныя танцы Вольга ішла мэтанакіравана. «Сучасны, эстрадны, танец — не маё. Ён ламае ўсе каноны харэаграфіі. Я ж «законапаслухмяная» тан­цорка! — смяецца яна. — Заняткі народнымі танцамі не абмяжоўваюцца выключна беларускімі. У каледжы я вывучала і малдаўскія, і цыганскія, іспанскія — ад-крываеш для сябе са-праўднае танцавальнае багацце чалавецтва!». Разам з сяброўкамі самастойна асвоіла нават складаную мужчынскую тэхніку грузінскіх танцаў. Каледж Вольга скончыла з «чырвоным» дыпломам. Як выдатніцы ёй далі права выбіраць сабе першае працоўнае месца. І яна выбрала — СЯННО. «У першую чаргу таму, што заяўка была пададзена ад школы мастацтваў. А працаваць хацелася выключна па спецыяльнасці», — тлумачыць свой выбар Вольга. Ужо па прыездзе адзначыла: гарадок падобны на яе родны Лепель — таксама стаіць на беразе маляўнічага возера, толькі меншы напалову.

 Няма дзе жыць

і куды хадзіць

 Рэчаіснасць падалася не такой прыгожай, як распісвалася ў заяўцы, у тым ліку і пункту «забяспечанасць жыллём». Жыл­­лёвае пытанне ле­дз­ьве не стала прычынай ад’езду. Знайсці больш-менш нармальную кватэру па прымальным кошце ў невялікім райцэнтры аказалася справай не з лёгкіх. Давялося змя­ніць некалькі адрасоў. Цяпер Вольга здымае аднапакаёвую кватэру за 30 долараў плюс аплачвае ўсе камунальныя. На зарплату асаблі-ва не скардзіцца. Шыкаваць не даводзіцца, але для маладога спецыяліста, кажа, нядрэнна.

 Сёння танцавальную навуку яна дапамагае асвоіць першакласнікам і трэцякласнікам. Выкладчык з яе строгі, дысцыпліну на ўроках трымае. Інакш у свеце тан­цаў нельга. Баць­кі яе выхаванцаў адзначаюць — дачушкі і сыночкі сталі больш адказнымі. А Вольга радуецца іх вынікам: «Дзеткі вельмі добрыя, старанныя. Хутка пераймаюць новыя рухі».

  Па-за працай патрабавальны выкладчык — рамантычная дзяўчына, якая захапляецца гістарычнай літаратурай. Гэта, бадай, адзіны від яе адпачынку. Прызнаецца, што ў Сянно ёй не хапае магазінаў, культурных устаноў, таго ж кафэ, утульнага парку, дзе можна было б адпачыць і прагуляцца. Па першасці, выхадныя ў 4-х сценах здаваліся бясконцымі. За год з’явіліся сябры, знаёмыя. Паціху абжылася. І мужа, таксама лепельца, на Сенненшчыну перацягнула. Зараз Андрэй праходзіць службу ў войску. А па вяртанні не выключана, што і жыць застануцца тут. «Калі праца задавальняе, ча­му б і не». Прызнае: у вялікіх гарадах магчымасцей для самаразвіцця куды больш. І ім­клівы гарадскі рытм ёй таксама па духу. Разам з тым, і ў маленькіх мястэчках, на яе погляд, можа знайсці свае выгоды: чыстае паветра, адсутнасць транспартных праблем: «Выдатнае месцажыхарства для сям’і». А вось для моладзі хацелася б боль­шага.

 Многае з гэтага «боль­­шага» зрабіць у маладых сілах. Для нас, шасцярых прадстаўніц прыгожай паловы, такой аддушынай сталі заняткі лацінаамерыканскімі танцамі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: В.Кузьміч і яе вучні.