СЕННЕНСКИЕ КОЛБАСЫ БЕЗ “Е”

Чарговая дэгустацыя вырабаў каўбаснага цэха КПП  райспажыўтаварыства адбылася ў магазіне райцэнтра «Родны кут». Пакупнікі гэтага гандлёвага прадпрыемства і жыхары горада,  якія спецыяльна прыйшлі на дэгустацыю, маглі пакаштаваць 8 відаў каўбасных вырабаў.

На сталах з прыгожа аформленай выкладкай аматараў мясных дэлікатэсаў вабілі вароныя і вэнджаныя каўбасы, салямі, шпік і грудзінка ў абалонцы.

 Усе гэтыя прысмакі былі выраблены ў час выпрабавання новага сучаснага абсталявання, што  ўстаноўлена ў каўбасным цэху і  будзе ў хуткім часе запушчана ў пастаянную работу. Адной з навінак з’яўляецца ін’ектар, дзякуючы якому пачалі вырабляць уласную вэнджаніну: паляндвіцу па-дамашняму, балык дамашні, кумпячок класічны, расказала старшы майстар матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту Люся Мурашкевіч, якая разам з начальнікам сектара якасці Аленай Дарагакупец падрыхтавала «каўбасную» прэзентацыю.

 У асартыменце цэха больш за 50 найменняў прадукцыі. Сярод іх шпікачкі «Паходныя», паўвэнджаная каўбаса «Сяброўская», вароныя «Коласаўская», «Эстонская», «Беларуская з сальцам», сервілат «Крамлёўскі», фаршы «Дамашні» і «Без «Е».

 Увядзенне новага абсталявання дазволіць палепшыць якасць і асартымент вырабаў.

 Таццяна Буракова.

   На здымках:

на дэгустацыю запрашае Люся Мурашкевіч; фармоўшчыца Галіна Шафранская за зборкай шпрыца і клексатара для фармоўкі каўбасных вырабаў.