“КАЛЯДНЫЯ ЎЗОРЫ” СЕННЕНСКІХ МАЙСТРОЎ

Традыцыйна ў перадкалядны тыдзень народныя ўмельцы з усёй краіны збіраюцца ў Мінску. У бібліятэцы імя А.С.Пушкіна Беларускі саюз майстроў народнай творчасці ладзіць рэспубліканскую выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

З 15 па 21 снежня госці і жыхары сталіцы змогуць пабачыць работы выбітных творцаў — членаў узгаданага згуртавання. Сярод удзель­нікаў і майстры Сенненскага Дома рамёстваў — Тамара Кучынская і Іна  Стычынская. У кастрычніку гэтага года нашы майстрыхі былі прыняты ў саюз і атрымалі пасведчанне народнага майстра Беларусі.

 На выставу яны прадставілі сумесны праект — «Калядоўшчыцы». Ён увасабляе сабой тры сувенірныя лялькі-грэлкі ў выглядзе святкуючых дзяўчат. У якасці матэрыялаў і тэхнік выкарыстоўваліся гліна, натульная аўчына, роспіс, вышыўка, кераміка, ткацтва. Майстры ўпэўнены, што іх калядоўшчыцы не толькі падораць святочны настрой, але і сагрэюць доўгімі зімовымі вечарамі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: лялькі «Калядоўшчыцы».