Зорны паход

Адарвацца ад працы, кабінета, штодзённай мі­тусні і трапіць на тры дні ў лес… Паставіць палатку, прыгатаваць на вогнішчы ежу, паспяваць песні і проста атрымаць асалоду ад лясной прыгажосці…  Хто не марыць пра гэта?

 Дваццаці нашым землякам пашанцавала пайсці ў “Зорны паход”, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі. І тры дні пажыць у палатачным лагеры.

 Арганізатарам выступіў Чыгуначны раён горада Віцебска, які не першы год праводзіць такія паходы.  Іх гісторыя   пачалася ў 1988 годзе. Тады былі праведзены раскопкі ў вёсцы Бабінічы Лёзненскага раёна. Гэту работу выконваў клуб “Пошук”. З таго часу і пачаліся рэгулярныя экспедыцыі папошуку і перазахаванні загінуўшых воінаў. Дзякуючы працы шукальнікаў, устаноўлены 46 імёнаў, усталявана пліта з прозвішчамі  людзей, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

 Цяпер раскопкі не праводзяцца. Але штогод моладзь з Віцебска з нецярпеннем чакае наступнага паходу, каб яшчэ раз прайсціся дарогамі нашых дзедаў і прадзедаў.

 На гэты раз турысты завіталі на Сенненшчыну — 10 моладзевых каманд прадпрыемстваў, арганізацый і калектываў абласнога цэнтра, да якіх далучылася і  каманда Сенненскага раёна. Дабіраліся да вызначанага месца пешшу,  кожная група сваім маршрутам. Турысты прайшлі  праз тэрыторыю Віцебскага, Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў, наведалі музеі баявой славы, памятныя месцы і брацкія магілы, на якія ўсклалі кветкі і вянкі. А сустрэліся  каля вёскі Навасёлкі Ходцаўскага сельсавета.

 На невялічкай палянцы размясціўся палатачны лагер, у якім на працягу трох дзён жылі больш за 250 чалавек. Адны расстаўлялі палаткі, другія збіралі дровы, трэція гатавалі ежу… Ужо бліжэй да вечара каманды пачалі рыхтавацца да спартыўна-забаўляльнай праграмы. Нягледзячы на дожджык, турысты з задавальненнем спаборнічалі ў гульнях па міні-футболе, летнім біятлоне, у дартсе.

 Але больш за ўсё спрытнасці спатрэбілася на паласе перашкод, калі прыйшлося перабірацца па канаце, пераходзіць з купіны на купіну і збіваць кеглі чаравікам. І рабіць гэта на хуткасць.

 Каманды паказалі свае веды па гісторыі роднага краю — адказалі на пытанні віктарыны. Давялося  ўдзельнікам паспрабаваць сябе і ў ролі мастакоў, адлюстраваць свае ўражанні ад паходу ў баявым лістку “Мы крочым дарогамі Перамогі”. Традыцыйным стаў конкурс ваенна-патрыятычнай пес­ні, дзе каманды прадставілі свае творчыя нумары.

 Прыемна тое, што сенненцы паказалі даволі нядрэнныя вынікі і занялі першыя месцы ў спаборніцтвах па летнім біятлоне і на  паласе перашкод. Яны ж сталі другімі ў міні-футболе і віктарыне. Пераможцы атрымалі дыпломы, салодкія прызы і памятныя падарункі ад БРСМ і арганізатараў “зорнага” паходу. Пасля святочных урачыстасцяў распачалася дыскатэка.

 Наведалі турыстычны лагер і старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка, яго намеснік Зоя Фаміна, старшыня Ходцаўскага сельскага Савета Вольга Шчарбакова, якія з задавальненнем назіралі за спаборніцтвамі і “балелі” за  сваіх. 

 Раніцай каманды рушылі ў аграгарадок Ходцы, дзе адбыўся святочны мітынг. З канцэртам перад мясцовымі жыхарамі выступілі салісты з Палаца творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна г.Віцебска. У завяршэнне “зорнага” паходу турысты ўсклалі вянкі да магілы воінаў, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны.

 Поўная сіл і энергіі, наша каманда вярталася дадому. “Зорны” паход падарыў ім не толькі добры адпачынак, новых сяброў, але і даў магчымасць прайсціся дарогамі вайны, па якіх ішлі нашы дзеды і прадзеды, а таксама атрымаць асалоду ад прыгажосці роднага краю. Мы з нецярпеннем будзем чакаць наступны год. І спадзяёмся, што Сенненскі раён яшчэ не раз стане ўдзельнікам гэтага цудоўнага мерапрыемства.

Кацярына КАРПОВІЧ.