А ў нас госці!

Да гэтага дэвіза на днях далучыліся багданаўскія школьнікі. Вучні 1-6 класаў, выхаванцы школьнага летніка на чале з настаўнікамі Таццянай Анатольеўнай Курс і Нінай Рыгораўнай Кушняровай наведаліся ў рэдакцыю “Голасу Сенненшчыны”. Ды не проста так, а з экскурсіяй! Такім гасцям журналісты асабліва рады. Экскурсаводам выступіла галоўны рэдактар выдання Вольга Віктараўна Цапота.

 Найперш хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра гісторыю газеты: прачыталі старыя нумары “раёнкі”, пабачылі колішнія тэхнічныя сродкі, якімі карысталіся былыя супрацоўнікі рэдакцыі: фотаапараты, пішучыя машынкі, першыя камп’ютары. Зараз гэта ўжо рарытэты.

 Затым прыйшоў час знаёмства з працай рэдакцыі сённяшняй. Пра асаблівасці журналісцкай работы дзецям расказалі загадчыца аддзела пісьмаў Таццяна Віктараўна Буракова і карэспандэнт Вольга Васільеўна Бандарэвіч.

Юным багданаўцам пашанцавала самім паўдзельнічаць у стварэнні газеты. Разам з адказным сакратаром Аляксандрам Яўгенавічам Лазюком дзеці падлічвалі радкі ў журналісцкіх матэрыялах, падбіралі фотаздымкі, прыдумвалі загалоўкі і размяшчалі ўсё гэта на макеце газетнай паласы. У аператараў настольна-выдавецкай сістэмы вучні ўбачылі, як вярстаецца газета ўжо на камп’ютары.

 Акрамя працэсу стварэння папяровай версіі, госці даведаліся пра дзейнасць электроннага выдання, а менавіта сайта газеты.

 У выніку экскурсіі хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі асабіста пазнаёміліся з калектывам нашай установы, але і добра авалодалі адметнымі прафесійнымі тэрмінамі. Хто ведае, магчыма, для кагосьці гэты візіт стане вызначальным у выбары жыццёвага шляху. Прынамсі, у наступны раз галоўны рэдактар запрасіла багданаўцаў ужо ў якасці пазаштатных аўтараў з уласнымі матэрыяламі.

Тэкст і фота Вольгі Бандарэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *