Што шукалі вадалазы на дне Сенненскага возера?
Сенненскае возера стала больш бяспечным для аматараў паплаваць у яго вадзе. Прынамсі, у раёне гарадскога пляжа. На гэтых днях дно ад берагавой лініі да абмежавальных буйкоў абследавалі і ачысцілі ад небяспечных для купальшчыкаў прадметаў вадалазы. Юрый Бадзяка і Сяргей Салаўёў працуюць пры абласным камітэце АСВОДа. У Сянно яны прыехалі па запрашэнні Уладзіміра Станкевіча, кіраўніка раённага савета таварыства выратавання на водах. Сродкі на ачыстку купальні выдаткаваў РУП ЖКГ.
— Спачатку хлопцы папрацуюць тут, у раёне гарадскога пляжа, а потым на купальні ля школы-інтэрната, — расказаў Уладзімір Станкевіч.
Зразумела, добра было б агледзець іншыя вадаёмы, месцы, дзе людзі летам бавяць вольны час. Толькі сродкаў на гэтыя мерапрыемствы ў прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі няма. Камунальнікі і Уладзімір Станкевіч небеспадстаўна разлічваюць на дапамогу іншых арганізацый і ўстаноў раёна, за якімі рашэннем райвыканкама замацаваны іншыя азёры. Няма грошай, каб аплаціць работу вадалазаў, можна было б правесці ачыстку іншымі даступнымі спосабамі і метадамі ці ўласнымі сіламі.
Праводзіць ачыстку азёр трэба абавязкова. Гэта засведчыла праца вадалазаў на возеры Сенненскае. Чаго толькі хлопцы не дасталі з вады: цэгла, драўляныя вырабы з цвікамі, жалезныя прадметы, якія нядаўна служылі людзям як прылады бытавога ўжытку, часткі машын. А найбольш з вады дасталі шкла ў выглядзе бітых бутэлек. Усе гэтыя прадметы, зразумела, самі ў возера не прыйшлі. Іх прынеслі людзі, якія адпачываюць на вадзе і ля вады.
Да летняга сезона падрыхтавалася і каманда выратавальнікаў. У яе склад сёлета ўваходзяць як людзі сталыя, з вялікім жыццёвым вопытам, — Леанід Станкевіч, Уладзімір Беляшоў — так і моладзь — школьнікі сенненскайСШ №1 Дзмітрый Камандышка, Антон Маргаўцоў. Пост выратавальнікаў размяшчаецца ў спецыяльным дамку, дзе захоўваецца неабходны інвентар. Людзям пры неабходнасці тут можна аказаць першую медыцынскую дапамогу. На пляжы ёсць іншыя патрэбныя для аматараў паплаваць і пазагараць аб’екты санітарна-бытавога прызначэння.
— Павольна, але ўсё ж нейкія станоўчыя змены на азёрах, у месцах летняга адпачынку, адбываюцца. Уплываюць на гэта рэалізацыя рэспубліканскай комплекснай праграмы “Выратаванне на водах”, пазіцыя органаў мясцовай улады, у першую чаргу, Сенненскага райвыканкама, — лічыць У. Станкевіч. — З людзьмі, якія прыходзяць адпачываць, не ведаем, што рабіць. Многія сенненцы не хочуць разумець, што вада і алкаголь не сумяшчальныя, што нават у цвярозым стане, нават маючы добрыя навыкі ў плаванні, нельга заплываць за буйкі, што купацца можна толькі ва ўстаноўленых месцах.
Зрэшты, што тут гаварыць. здабыча вадалазаў таксама аб’ектыўна сведчыць пра людзей, як мінімум, іх культуру.
Аляксандр Лазюк.
На здымках: вадалаз Сяргей Салаўёў з чарговай здабычай; выратавальнікі да сезона летняга адпачынку гатовы;