АЗІРНУЦЦА НАЗАД, КАБ РУХАЦЦА НАПЕРАД. САЎГАСУ ІМЯ П.М.МАШЭРАВА – 25!

У агульным аб’ёме вытворчасці мяса, што вырошчваецца ў Сенненскім раёне на долю ДП «Саўгас імя Машэрава» за 10 месяцаў бягучага года прыходзіцца 45 %, свінакомплексу — 40. У 2010 годзе свініны ў жывой вазе было рэалізавана 3625 тон пры аб’ёме прадукцыі вырошчвання 3931 тона. На цэнтнер прываг расходавана 3,9 цэнтнера кармавых адзінак. Пры тым, што яшчэ ў 2006 годзе гэты лічба складала 4,8 цэнтнера кармавых адзінак пры тэхналагічным паказчыку 5,6.

 Лічбы больш чым красамоўныя. Асабліва, калі ўлічыць, што «фабрыка па вытворчасці мяса» працуе ўжо 25 гадоў.

Благаславіў Машэраў

 Ідэя будаўніцтва свінакомплексу ў саўгасе «Машканы» належыць М.Л. Цурану. Недзе ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя дырэктар гаспадаркі звярнуўся з такой прапановай непасрэдна да Машэрава. Як пазней успамінаў Мікалай Лявонавіч, прапанова была падтрымана, але не таму, што будаўніцтва меркавалася пачаць на радзіме кіраўніка БССР. У разлік была ўзята блізкасць Машканоў да транспартных камунікацый, месца перапрацоўкі і збыту мяса. Пачалося будаўніцтва ў жніўні 1981 года, ужо пасля смерці знакамітага земляка. Будаўнічыя работы вяла Віцебская ПМК-37. Дырэктарам будуемага комплексу стаў Мікалай Хурко. Дарэчы, цяпер ён  пенсіянер і жыхар райцэнтра. Здаваў аб’ект у эксплуатацыю Дзмітрый Смірноў. Пускавая яго чарга была прынята ў снежні 1985 года. А першае пагалоўе было закуплена і пастаўлена ў лютым наступнага года: 170 галоў рамонтных свінаматак, 44 галавы кныроў.

 Свінакомплекс — гэта не проста вялікая ферма, дзе вырошчваецца жывёла. Гэта вытворчасць на тэхналагі­чна новым узроўні, якую належыла засвоіць многім людзям:зоаветспецылістам, аператам, занятым доглядам жывёлы, — усяму персаналу, які абслугоўвае  ўвесь гэты комплекс будынкаў, абсталявання. Як у любой новай справе на асваенне патрэбны быў час.

 Усяго за першае паўгоддзе 1986 года саўгас імя ­П.М. Машэрава набыў для свінакомплексу 660 галоў свіней, 620 з іх давялося вярнуць назад ці прадаць на мясакамбінат. І толькі з чэрвеня на комплексе сталі ставіць жывёлу, якая адпавядала ўсім патрабаванням. У канцы года пачаліся першыя апаросы. На 1 студзеня 1987 года на свінакомплексе ўтрымлівалася 1632 галавы жывёлы.

 Да праектнай магутнасці было яшчэ далёка. Таму за год набылі яшчэ 1500 галоў свіней, пераважна свінаматак, на што  патрацілі 655 тыс. рублёў. Сума па тым часе  даволі значная. Зрэшты, комплекс пачаў даваць прадуцыю. Пры гэтым вытворчасць адпавядала праектным тэхналагічным параметрам. За год было атрымана 15693 галавы прыплоду ці 7,9 парасяці на адзін апарос у цэлым па комплексе і 8,7 парасяці — ад  адной асноўнай свінаматкі пры тэхналагічнай норме 8,5. 8200 галоў свіней паставілі на адкорм, 3400 галоў ці 390 тон да канца года прадалі дзяржаўным мясаперапрацоўчым прадпрыемствам. Сярэдняя вага адной галавы склала 114 кілаграмаў. У агульным аб’ёме рэалізаванага гаспадаркай мяса свініна дасягнула 51%. Гэта, безумоўна, быў поспех. 25 снежня 1987 года дзяржаўная прыёмная камісія падпісала канчатковы акт аб прыняцці свінаводчага комплексу на 20049 галоў жывёлы саўгаса імя П.М. Машэрава Сенненскага раёна ў эксплуатацыю.

Вытворчасць —гэта людзі

  Мікалай Лявонавіч Цуран быў не толькі добрым стратэгам. Ён шмат увагі надаваў прыцягненню ў гаспадарку спецыялістаў, бо разумеў, што любая вытворчасць грунтуецца на людскіх рэсурсах, залежыць ад узроўню іх падрыхтоўкі. Таму адначасова з узвядзеннем вытворчых памяшканняў свінакомлпексу вялося будаўніцтва жылля, дарог, іншых аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На гэтыя мэты выкарыстоўваліся не толькі дзяржаўныя сродкі.

 Працаўладкавацца на свінакомплексе, атрымаць жыллё ў Машканах імкнуліся не толькі мясцовыя жыхары, якія вярталіся з сем’ямі на радзіму з іншых населеных пунктаў, пасля заканчэння вышэйшых  і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў. Людзі ехалі з усёй Беларусі, з усяго СССР. Першым дырэктарам свінакомплексу стаў Уладзімір Салаўёў. Пасля заканчэння Мінскага інтыстута механізацыі сельскай гаспадаркі ён вярнуўся ў Машканы з жонкай.

 Анатоль Дзенісюк, сённяшні начальнік прадпрыемтва, і яго жонка Фаіна, якая зараз працуе галоўным ветурачом комплексу, аселі ў Машканах таксама не выпадкова — Фаіна Карпаўна нарадзілася ў Ходцах.

 — На комплексе — шмат сямейных пар. Наталля Бохан працуе заатэхнікам-селекцыянерам, Пётр Бохан, яе муж, намеснік начальніка комплексу; Аляксандр Цыпляк — інжынер-механік, яго жонка Надзея — тэхнік-асемянатар; Галіна Лушчынская — ветфельчар, Сяргей Лушчынскі — слесар. Пералік сямейных пар можна працягваць.

— Праца на комплексе стала для нас не толькі сямейнай справай, яна — сэнс нашага жыцця, — разважае Фаіна Карпаўна.

 Свінакомплексу — 25 гадоў. Таму зразумела, што тут шмат ветэранаў працы. Сярод іх Мікалай Зіневіч. Ён — электрык. Некалі прыехаў у Машканы з сям’ёй, каб мець працу і жыллё. Прывабіла таксама блізкасць да Віцебска. Прыехаў ды так і застаўся тут. Не памяняў і месца працы. Хоць працы ў электрыка хапае. Асабліва ў апошнія гады, калі даводзіцца мяняць электралініі.

 — У электрыкаў на свінакомплексе два ворагі, — жартуе Міхаіл Мікалаевіч, — аміяк і пацукі.

 Сярод тых, хто адпрацаваў на адным месцы 25 гадоў, Таццяна Гарбацэвіч і Вольга Кабанава. Таццяна Мікалаеўна пачынала працоўную дзейнасць на комплексе аператарам, сёння яна — лабарант пункта штучнага асемянення. Вольга Міхайлаўна, па-ранейшаму, аператар па догляду  парасят-смактуноў. У яе адзін з лепшых паказчыкаў па захаванасці маладняку. Жанчына шчодра дзеліцца сваім багатым вытворчым вопытам з моладдзю.

 А працоўны калектыў свінакомплексу ў апошнія гады ўсё больш абнаўляецца. Пераважна за кошт машканцаў. Большасць прыходзіць на працу адразу пасля заканчэння школы.

 — У вытворчыя памяшканні яны трапляюць не адразу, — расказвае Фаіна Дзенісюк. — Як правіла, іх шлях пачынаецца з працы ў якасці санітараў, што дазваляе маладым работнікам засвоіць строгія патрабаванні, якія прад’яўляюцца да людзей, выкананне санітарных, тэхналагічных патрабаванняў.

 Вольга Тамашова на свінакомлексе працуе 9 гадоў. За гэты час паспела скончыць Лужаснянскі сельскагаспадарчы каледж, дарасці да ўчотчыка цэха апаросаў. Наталля Ільюшэнка даглядае свінаматак з парасятамі, Алеся Ляхоўская прымае апаросы. Работа ў дзяўчат адказная, але яна іх задавальняе. У першую чаргу тым, што маюць нарміраваны рабочы дзень, 5-ці дзённы рабочы тыдзень, нядрэнны заробак. Ёсць іншыя матэрыяльныя і сацыяльныя стымулы.

Дзень сённяшні

 Па стану на 1 лістапада на свінакомплексе ДП «Саўгас імя Машэрава» працавалі 138 чалавек. Вытворчасць, якой яны заняты, мае бесперапынна-цыклічны характар і павінна адпавядаць некаторым параметрам. Кожныя 4 дні на свінакомплексе павіны даваць прыплод не менш 33 свінаматак, на дарошчванне перадавацца 532 галавы маладняку. Перыяд дарошчвання складае 74 дні. Штомесячна на дарошчванні знаходзіцца ў сярэднім 4921 галава жывёлы. Праз кожныя 8 дзён на адкорм перадаецца 512 галоў. Перыяд адкорму складае 136 дзён. Колькасць свіней на адкорме штомесячна павінна складаць 8704 галавы. На рэалізацыю свіней адпраўляюць ва ўзросце 190 дзён. Вызваленыя памяшканні апрацоўваюцца. Перыяд санацыі складае 4 дні.

Праблемы

 Тэхналагічная ўмяшчальнасць прадпрыемства склада 19049 месцаў, паказчык па вырошчванні і адкорму — 19262 галавы ў год. У апошнія 4 гады ён стабільна расце і перавышае 23000. Зрэшты, як і іншыя паказчыкі. Каб не пералічваць іх усе, назавём толькі асобныя: рэалізацыя прадукцыі да тэхналагічнага паказчыка летась склала 134 %, прадукцыі вырошчвання —146 %. Фактычна дасягнуты максімум магчымага. Каб нарошчваць вытворчасць далей, свінакомплексу патрэбна рэканструкцыя. Каб яе правесці, частку памяшканняў на некаторы час трэба вызваліць ад жывёлы, а гэта значыць давядзецца зніжаць аб’ём вытворчасці. Пайсці на такі крок адміністрацыя свінакомплексу можа толькі з дазволу кіраўніцтва гаспадаркі, раёна. У Беларусі, на Віцебшчыне, працуюць свінакомплексы і з большым тэрмінам эксплуатацыі, але колькасць жывёлы на адзінку вытворчай плошчы ў іх меншая. Гэта дазваляе весці рэканструкцыю памяшканняў не зніжаючы аб’ёмаў вытворчасці.

 — Наш свінакомлпекс можна параўнаць з напоўненым да краёў вядром вады. Працягваць яго напаўняць — толькі несці неабгрунтаваныя затраты, — лічыць Фаіна Дзенісюк. І яна, безумоўна, мае рацыю. Эксплуатацыя магутнасцей у такім рэжыме доўга працягвацца не можа, памяшканні патрабуюць рэканструкцыі, капітальнага рамонту. А для гэтага на некаторы час у рэшце рэшт усё ж давядзецца пайсці на зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці. Могуць быць і іншыя варыянты развіцця сітуацыі. Скажам, перанос вытворчых магутнасцей у іншыя, прыстасаваныя памяшканні — такі вопыт у машканцаў ёсць. Або будаўніцтва новых будынкаў па тыповым праекце, што дазволіла б захаваць рабочыя месцы для падрыхтаваных спецыялістаў, тэхналагічныя напрацоўкі.

 Вось з такімі вытворчымі вынікамі, клопатамі, думкамі сустракаюць юбілей работнікі свінакомплексу  ДП «Саўгас імя Машэрава». Ацэньваючы тэндэнцыі, развіццё аграпрамысловага комплексу краіны за апошнія гады, можна спадзявацца, што будучыня ў комплексу ёсць, што сённяшні юбілей не апошні ў гісторыі прадпрыемства. І для гэтага ёсць рэальныя падставы. Згодна з рашэннем абл­выканкама саўгас імя П.М. Машэрава далучаецца да ААТ «Віцебскі мясакамбінат», для чаго рыхтуюцца неабходныя дакументы. А адміністрацыя акцыянернага прадпрыемства ў асобе Віктара Пазняка ўжо вядзе кансультацыі з кіраўніцтвам і спецыялістамі саўгаса па ўкладаннях сродкаў у вытворчасць, каб узняць яе на больш высокі ўзровень.

НА ЗДЫМКАХ:  Фаіна Карпаўна Дзенісюк — галоўны ветэрынарны урач свінакомплексу; Алеся Ляхоўская — майстар па прыёму апаросаў, Наталля Ільюшэнка — даглядчыцца свінаматак з парасятамі, Вольга Тамашова — учотчык цэха апаросу;  Вольга Міхайлаўна Кабанава — аператар па догляду парасят.

Падрыхтаваў  Аляксандр ЛАЗЮК.