КРАЯЗНАЎСТВА ПА НОВЫХ ТЭХНАЛОГІЯХ

У багушэўскай СШ №2 ужо колькі год існуе гурток краязнаўства, кіраўніком якога з’яўляецца Аляксандра Кузняцова. Па адукацыі жанчына бібліёграф-бібліятэкар, але гэта не перашкодзіла стаць сапраўдным краязнаўцам . У свой час Аляксандра Васільеўна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага. Да 1982 года працавала загадчыцай бібліятэкі ў Багушэўску. З 2000 па 2007 год узначальвала народны тэатр у пасёлку. А ў 2003-м жанчыну запрасілі ў школу. Чатыры гады даводзілася ёй сумяшчаць працу ў тэатры з працай з дзецьмі.

Аляксандра Кузняцова шмат ведае пра гісторыю пасёлка, пра лёсы сваіх землякоў, і заўсёды гатова падзяліцца сваімі ведамі.

 Сёння ў яе гуртку займаюцца 22 старшакласнікі. Выхаванне грамадзянскай пазіцыі вучняў на лепшых традыцыях рэгіёна, бадай, асноўная мэта, якой кіруецца Аляксандра Васільеўна пры арганізацыі заняткаў. «Дзеці атрымліваюць заданне, а потым самастойна шукаюць інфармацыю, — расказвае Аляксандра Кузняцова. — Знаёмяцца з рознымі людзьмі, працуюць з дакументамі, фотаздымкамі і інш. Работа вядзецца выключна ў межах Багушэўска».

 Такім чынам, адзін раз у тыдзень вучні збіраюць інфармацыю, на наступных занятках з дапамогай камп’ютара апрацоўваюць яе. Такі незвычайны падыход да краязнаўства падабаецца дзецям, бо тут можна ўбачыць вынік сваёй працы. А вынік — стварэнне невялічкіх зборнікаў, у якіх і пададзена сабраная інфармацыя пра землякоў, пра памятныя даты пасёлка і інш. На сённяшні дзень такіх зборнікаў усяго 27, самага рознага характару, напрыклад, «Богушевцы — ветераны Великой Отечественной войны», «Освобождение Богушевска», «Богушевский расстрел», «Путеводитель по еврейскому кладбищу в г.п.Богушевск» і інш. Кожная кніжачка — невялічкае дасягненне тых, хто прымаў удзел у яе стварэнні.

 У школе створаны і музей, дзе знаходзіцца не толькі сабраны матэрыял. Тут аформлены і выставы, прысвечаныя гісторыі Сенненшчыны, школе, тэатру і інш. Памяшканне музея невялікае, таму гурткоўцам даводзіцца перыядычна мяняць экспазіцыі.

 Аляксандара Кузняцова па натуры чалавек творчы, мэтанакіраваны. З ёй заўсёды цікава. І цікава не толькі дарослым, але і дзецям. Яна заўжды знойдзе пра што пагаварыць і што паказаць, калі раптам вы завіталі да яе ў школьны музей.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.