БЛІЦ-АПЫТАННЕ: Я ВЫБІРАЮ СЕННЕНШЧЫНУ

На гэтых днях у рэдакцыі сустрэнуцца ўдзельнікі «круглага стала», каб выказацца па тэме «Моладзь для жыцця і працы выбірае Сенненшчыну». Абмеркаваць актуальную праблему запрошаны маладыя спецыялісты, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, работнікі аддзелаў райвыканкама. На сайце нашай газеты арганізаваны форум, дзе можна выказацца, што прываблівае маладых людзей у Сянно і Сенненскі  раён, што іх не задавальняе ў жыцці і працы. Мы спадзяемся пачуць і канструктыўныя прапановы аб мерах, якія неабходна прыняць мясцовым уладам, каб маладым спецыялістам на Сенненшчыне жылося і працавалася камфортна, каб не пакідалі яны першае месца працы.

 А пакуль мы правялі бліц-апытанне на вуліцах горада і задалі сенненцам сталага ўзросту наступныя пытанні: «Чаму вы абралі Сянно для жыцця і працы?», «Дзе жывуць вашы дзеці і чым яны кіраваліся ў сваім выбары?».

 Валянціна Пятроўна, пенсіянерка.

— Родам я з Сенненскага раёна. Скончыла тэхнікум, атрымала размеркаванне ў Сянно. Так што выбіраць мне не давялося. Працавала ў гандлі, іншых сферах. Жыллё з мужам будавалі за ўласныя сродкі, і з дапамогай родзічаў.

 Дзяцей у нас двое — дачка жыве ў Віцебску, сын асеў у Сянно, хоць некаторы час працаваў у Мінску. Свой шлях яны выбіралі самі. Але атрымалася добра і для нас, бо падтрымка маладых на старасці патрэбна.

 Марыя Сямёнаўна, настаўніца.

 — Чаму я выбрала Сянно для жыхарства? Муж родам з Сянно. Пасля заканчэння ВНУ прыехалі сюды працаваць, хоць маглі атрымаць іншае размеркаванне. У вялікім горадзе шмат тлуму, мітусні, а тут — возера, лес — тое, што трэба.

 Дзеці так не лічаць, таму жывуць у Мінску. Там вышэйшыя зарплаты, праца па душы, з дастойнай аплатай. Зноў жа — сфера паслуг больш шырокая, тавары, прадукты больш танныя. Ёсць дзе адпачыць, у выхадны дзень цябе не адправяць на сельгасработы, у сям’ю алкаголікаў, бо іх сын другі дзень у школу не прыходзіць…

 Алег Пятровіч, спецыяліст сельскай гаспадаркі.

 — Прафесію выбіраў свядома. Калі стаў працаваць, рэаліі аказаліся крыху іншымі. Тым не менш, аднойчы абранай спецыяльнасці не здрадзіў, не паехаў у Расію, хоць запрашалі на працу па спецыяльнасці зусім нядаўна, абяцалі добрыя грошы. Лічу, што трэба помніць, хто ты, адкуль ты.

 Сённяшняй моладзі якраз гэта  бракуе. Ім абавязаны ўсе, яны — нікому. Галоўнае, хочуць мець усё і адразу. Вучацца, а потым па спецыяльнасці не працуюць. Нешта падобнае атрымалася з маім старэйшым сынам. Можа таму, што чаго не хоча ён я ведаў — паўтарыць шлях бацькоў, але не ведаў, кім хоча стаць. І гэта, лічу, не толькі яго асабістая праблема.

 Мікалай, будаўнік.

 — У Сянно я нарадзіўся, на сенненскай дзяўчыне ажаніўся. Сын працуе побач са мной. Што шукаць за светам, калі праца ёсць?!