МЭТА – НІКОГА НЕ ЗАБЫЦЬ. На Сенненшчыне вернуць з забыцця імёны загінуўшых абаронцаў Айчыны.

У 2014-ым мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А следам за ім, у 2015-ым, і 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Пачынаць падрыхтоўку да юбілейных дат трэба ўжо зараз. Адна з галоўных задач на сённяшні дзень, што стаіць перад на-шчадкамі вызваліцеляў, — увекавечванне памяці загінуўшых савецкіх салдат і ахвяр вайны. Больш чым паўстагоддзе прайшло з тых падзей і, тым не менш, вайна падкідвае нам загадкі, у тым ліку і ў выглядзе невядомых брацкіх магіл… А гэта значыць, што пошукавым атрадам яшчэ надоўга хопіць працы.     

Нікога не забыць — такую мэту паставілі перад удзельнікамі занальнага семінара «Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў па выкананні Дзяржаўнай праграмы ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2014 гады». яго арганізатары — упраўленне па ідэалагічнай рабоце Віцебскага аблвыканкама і абласны савет ветэранаў. На мера-прыемства запрасілі дэлегацыі ў складзе начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы райвыканкамаў, раённых архіваў, кіраўнікоў моладзевых, ветэранскіх і афіцэрскіх аб’яднанняў, прадстаўнікоў біб­ліятэчных устаноў і рэгіянальных СМІ з 4 раёнаў вобласці — Віцебскага, Сенненскага, Бешанковіцкага і Гарадоцкага. 

 Сенненшчыну прадстаўлялі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца, загадчыца раённага архіва Любоў Архіпава, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аляксандр Абушкевіч, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Ула­дзімір Стук, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ Таццяна Крас­ноўская.

 У рабоце семінара прынялі ўдзел галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Валерый Марчанка, старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Генадзь Герасімовіч, член прэзідыума абласнога савета ветэранаў Міхаіл Ляшчынскі, кіраўнік Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання «Пошук» Ларыса Бруева, начальнік групы пашпартызацыі і аўтаматызаванага суправаджэння базы дадзеных Упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь Леанід Рыбін і галоўны спецыяліст гэтага ж упраўлення Вольга Ламейка.

 Па інфармацыі прадстаўні-коў ваеннага ведамства, за апошнія 10 год у Віцебскай вобласці ўстаноўлена больш за 72 тысячы імён загінуўшых ці 46,2% ад агульнай колькасці пахаваных на Прыдзвінскай зямлі. У прыватнасці, у Сенненскім раёне сёння значыцца 32 пахаванні з агульнай колькасцю пахаваных 2176. Насамрэч, загінуўшых, як мінімум, удвая больш. Але і з тых дзвюх тысяч вядома толькі 57%. У некаторых раёнах гэты паказчык не перавышае і 10 працэнтаў, падкрэсліў Генадзь Герасімовіч.

 Падзяліцца вопытам запрасілі Міхаіла Ляшчынскага. У свой час ён узначальваў Дубровенскі раён і быў адным з тых, хто ініцыіраваў і арганізоўваў даследча-пошукавую работу ў раёне. Сёння Дубровеншчына можа пахваліцца 90% адноўленых імёнаў сваіх абаронцаў. Па словах Міхаіла Аляксандравіча, каб дабіцца поспехаў у гэтай тытанічнай працы, трэба мяняць падыходы да яе. Нельга перакладываць увесь цяжар выключна на грамадскія аб’яднанні. Зацікаўленасць павінна ісці і з боку мясцовых улад.

 Ларысу Бруеву не выпадкова называюць генералам пошукавай працы. Гэтую невысокую жанчыну добра ведаць на прасторах СНД, дзякуючы яе дзейнасці. Яна ўваходзіць у склад міжнародных асацыяцый і аб’яднанняў пошукавых атрадаў, у тым ліку расійскіх. Нядаўна Ларыса Навумаўна атрымала ад апошніх Падзяку на агульнарасійскім форуме ў Маскве. «Ніхто не забыты і нішто не забыта» — гэта яе жыццёвы дэвіз. Ва ўзначалены ёю цэнтр штодзень паступаюць запыты з розных куткоў свету з просьбамі дапамагчы знайсці магілу родных, якія загінулі ў часы ваенных ліхалеццяў. Пішуць дзеці, унукі, праўнукі, неабыякавыя да сваёй гісторыі людзі. За 30 гадоў пошуку Ларыса Навумаўна і яе падначаленыя вярнулі імёны і месца перазахаванняў каля 3 000 «без вестак прапаўшых салдат». У сваю чаргу, яна таксама звярнулася да ўдзельнікаў семінара: «На месцах, безумоўна, больш ведаюць пра сваіх землякоў, а таму і магчымасцей для пошуку ў вас больш». За гады дзейнасці ў гэтай сферы выпрацаваліся і пэўныя практычныя рэкамендацыі па вядзенні пошукавай работы, з якімі Ларыса Бруева падзялілася з удзельнікамі семінара.

 У сучасны век на дапамогу прыходзяць найноўшыя камп’ютарныя тэхналогіі. Прадстаўнікі дэлегацый на практыцы азнаёміліся з магчымасцямі арганізацыі пошуку праз міжнародны аўтаматызаваны банк дадзеных «Мемарыял», а таксама яго айчынны аналаг — беларускі банк дадзеных «Кніга памяці». Яго папаўненне ў многім залежыць і ад той работы, што праводзіцца на месцах: у школах, бібліятэках, ваенкаматах, музеях, мясцовых органах заканадаўчай і выканаўчай улады.

 Яна павінна насіць пастаянны, сістэмны характар. І задача ўдзельнікаў семінара — каардынаваць работу па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны на месцах, падкрэсліў напрыканцы Валерый Марчанка.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: падчас заняткаў у камп’ютарным класе.