ПРАЗ ТРЫ ВАЙНЫ І СТВАРАЛЬНУЮ ПРАЦУ. У дзень свайго 95-годдзя Мікіта Трафімавіч Шмуратка атрымаў ордэн «Вернасць», заснаваны КПРФ.

Удзельнік трох войнаў, ветэран працы, кадравы  афіцэр, жыхар Багушэўска, 68 гадоў застаецца верным камуністычным ідэалам.

Вучыцца, вучыцца, вучыцца

 Мікіта Шмуратка нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і. З ранняга дзяцінства дапамагаў бацькам у полі, даглядаў жывёлу і вучыўся ў школе. Пасля заканчэння сямігодкі юнак паступіў у Коханаўскі тэхнікум аграхіміі і глебазнаўства. Але сцены навучальнай установы хутка давялося пакінуць, бо грошай на ўтрыманне сына ў бацькоў не было.

 Тым не менш, мара атрымаць адукцыю не пакідала хлопца. Яна рэалізавалася, калі ў студзені 1933  года ў Віцебскім швейным тэкстыльным тэхнікуме пачало працаваць льнопрадзільнае аддзяленне. Мікіта Шмуратка паступае, здаўшы ў адзін дзень чатыры экзамены. Вучыцца з захапленнем. Часу хапае і на заняткі спортам. Асабліва вабіць гімнастыка. Ён двойчы становіцца чэмпі­ёнам вобласці, паспяхова выступае на спаборніцтвах у Мінску.

 Гады вучобы праляцелі хутка. Малады спецыяліст стаў працаваць на Віцебскай льнопрадзільнай фабрыцы (цяпер — дывановы камбінат). А праз 8 месяцаў яго прызываюць на службу РСЧА. Служыць Мікіта ў Ленінградзе,  спачатку  ў палкавой школе сувязі. Пасля заканчэння ён — камандзір аддзялення ўпраўлення сувязі палка.

Сувязь — ад Карэліі да Далёкага Усходу

 А хутка ваенную тэорыю давялося правяраць на практыцы — 30 лістапада 1940 года пачалася фінская вайна. Удзел у ёй прымае і полк, дзе служыць Шмуратка. На аддзяленне пад камандаваннем малодшага камандзіра ўскладзена задача забеспячэння правадной сувязі штаба з дывізіяй, наглядальнымі пунктамі і пяхотай. Яна была выканана паспяхова, а на грудзях камандзіра ад­дзялення з’яўляецца першая ўрадавая ўзнагарода — ордэн Леніна.

 Нядоўга адпачывалі ўдзельнікі фінска-савецкага канфлікту. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны полк зноў аказаўся на мяжы з Фінляндыяй, у Карэліі, дзе на наступны дзень пачаліся баявыя дзеянні, у выніку якіх ён аказаўся адрэзаным ад асноўных сіл. Застаўшыся без пяхоты, артылерысты былі вымушаны ўзарваць свае гарматы. Пачалося адступленне. У адной з сутычак з немцамі Мікіта Шмуратка быў паранены і аказаўся ў кузаве аўтамабіля. Вырвацца з акружэння не ўдалося нават ноччу, а раніцай вораг павёў агонь на знішчэнне. Пашанцавала 20 параненым, якія прарваліся на ваенна-марскую базу. Тут ужо знаходзілася каля ста аднапалчан. Маракі, артылерысты, пехацінцы на катарах перабраліся ў Ленінград, які ў верасні 1941 года знаходзіўся ў блакадзе.

 Ці ведаў сяржант Шмуратка, які пасля выхаду з акружэння быў прызначаны на пасаду памочніка камандзіра ўзвода, што давядзецца яму перажыць? Зразумела, не. Сувязісты імкнуліся, каб сувязь функцыянавала бесперабойна і высокаэфектыўна, нягледзячы на любыя цяжкасці. Узвод пракладваў сувязь ад штаба артылерыі да назіральнага пункта на Пулкаўскай вышыні, які знаходзіўся ў падвале абсерваторыі, у іншых «гарачых» месцах. Абстрэлы варожай артылерыі, бамбёжкі, жорсткія баі — нягледзячы ні на што сувязь працавала, хоць сувязісты неслі страты. Аднойчы Мікіта Шмуратка і начальнік сувязі дывізіі аглядалі назіральныя пункты. Наляцела фашысцкая авіяцыя, пачалася бамбёжка, у час якой сяржант атрымаў кантузію, а яго спадарожнік загінуў.

 Хутка Шмуратка прызначаецца камандзірам узвода сувязі, атрымоўвае званне малодшага лейтэнанта. Ваяваць давялося на розных участках фронту — ад Лені­н­града да Шлісельбурга. Малады афіцэр не раз быў у легендарным горадзе. Пра жахі, якія бачыў на свае вочы, не хоча ўспамінаць нават зараз.

 У студзені 1943 года лейтэнат Шмуратка ўдзельнічае ў прарыве блакады Ленінграда. Ён — памочнік начальніка сувязі палка, якому праз некаторы час прысвойваецца званне «гвардзейскі». Мікіта Шмуратка за праяўленую мужнасць становіцца гвардыі капітанам, на яго грудзях з’яўляюцца новыя ўзнагароды: медаль «За абарону Ленінграда», ордэн  Чырвонай Зоркі».

Полк, у якім служыць Шмуратка, працягвае наступленне. Але з-пад Пскова вайсковае фарміраванне зноў перадыслацыравалі для ўдзелу ў баях з фінамі.

 Вайна набліжалася да канца. 9 Мая, калі ўся краіна святкавала Дзень Перамогі, Мікіту Шмуратку выклікалі ў штаб Леніградскага фронту. Праз Маскву, дзе ў штабе артылерыйскіх войскаў афіцэр атрымаў накіраванне, ён едзе ў горад Усурыйск, у штаб 1-га Далёкаўсходняга фронту, адтуль — у Градзекава, у 217-ую артылерыйскую брыгаду.

 І зноў вайна — на гэты раз з Японіяй. За ўдзел у ёй М.Т. Шмуратка быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За баявыя заслугі».

 Вайна скончылася. Толькі сваё жыццё без арміі афіцэр ужо не ўяўляў — ён працягвае служыць. У 1947 годзе Мікіту Шмуратку накіроўваюць на курсы ўдасканалення афіцэраў сувязі ў Арзамас. Пасля іх заканчэння, упершыню з даваенных гадоў, ён прыяз­джае ў водпуск на радзіму. І жэніцца на сястры свайго сябра, які загінуў у вайну. Разам маладыя заставалі­ся нядоўга. Афіцэр выехаў да месца службы. У 1949 годзе Мікіта Шмуратка стаў маёрам, праз год яго перавялі служыць у родную Беларусь. Не паспеў як след прызвычаіцца да новай пасады, а жыццё зноў давялося рэзка мяняць. У 1951 годзе Мікіту Шмуратку ў 35-гадовым узросце прызналі непрыгодным для службы ў арміі па стане здароўя.

                                      Педагогіка — як  сувязь пакаленняў

 Магчыма такі паварот лёсу некага  зламаў бы. А Мікіта Шмуратка на яго рэагуе адэкватна — паступае ў Віцебскі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт, працуе ў Багушэўскай СШ № 1. Чвэрць стагоддзя прысвяціў ён выкладанню матэматыкі. Аўтарытэт сярод вучняў і калег быў бясспрэчным, як і сярод таварышаў па партыі. Многія гады яны абіралі Мікіту Трафімавіча сакратаром школьнай арганізацыі КПБ.

 Папаўнялася сям’я. Нарадзіліся і выраслі тры сыны. Старэйшы — ужо пенсіянер, жыве ў Мінску, сярэдні — працуе ў Віцебску праграмістам, малодшы — навуковы супрацоўнік даследчага інстытута ў Падмаскоўі. Бацьку не забываюць: наведваюць, тэлефануюць. Асабліва часта пасля таго, як пайшла з жыцця іх маці. Ды і сам Мікіта Трафімавіч, нягледзячы на паважаныя гады, не застаецца ў баку ад грамадскіх спраў: сустракаецца з моладдзю, дзеліцца жыццёвым вопытам, успамінае былыя гады. Наведваюцца да яго ў хату былыя вучні, калегі па працы, таварышы па партыі. І яшчэ невядома, каму больш патрэбны гэтыя сустрэчы.

 Л. ІЎЕЎ.