ДЗЕ БЫЦЬ СЕННЕНСКАМУ ДЭНДРАПАРКУ? НЕ Ў МІХАЛПОЛЛІ, А Ў СЯННО.
На нашу публікацыю ў №73 за 17 верасня «Дзе быць дэндрапарку?» адгукнулася жыхарка г.Сянно Валянціна Гапеева.
Раз газета запрасіла да абмеркавання, хачу выказаць сваю думку, піша яна. Калі дэндрапарк зрабіць у Міхалполлі, як прапаноўвае В.П.Макарэвіч, хто будзе туды хадзіць? Далёка ж ад горада.
А вось у раёне новабудоўляў зялёнай зоны няма. Там наогул няма нічога акрамя саміх дамоў. А свабодная плошча ў тым раёне ёсць: «гуляе» цэлае поле.
Паблізу размешчаны катэджы вуліцы Заходняя, дзе ў асноўным, як і ў шматкватэрных новабудоўлях, жыве моладзь, якую дэндрапарк зацікавіў бы ў першую чаргу.
Упаўне магчыма, што цуда-парк будзе закладзены ў Багушэўску, таму што яго пасадка запланавана за дзяржаўныя грошы.
Але ж за грошы з раённага бюджэту, а таксама за сродкі ад суботнікаў і насельніцтва можна зрабіць зону адпачынку і ў цэнтры Сянно.
Цэнтральны сквер горада мае ўбогі выгляд. Адны дрэвы высеклі, а іншыя зрабілі «калекамі». Уваход у сквер і арка глядзяцца добра, а далей — недароблена.
А што будзе ў парку «Трох герояЎ»? Можа сродкаў хопіць толькі на тое, каб высекчы дрэвы ці «агаліць» іх да непазнавальнасці? Ранейшыя паны, людзі не дурныя, у сваіх парках так не рабілі.
Дрэвы прыгожыя ў натуральным выглядзе ў любую пару, нават зімой, калі стаяць у інеі. А «калекі» пакуль абрастуць зеленню, толькі псуюць выгляд. Можна ж проста ўбраць лішнія дрэвы, але не псаваць астатнія. Зрабіць дарожкі, лаўкі, пасадзіць дэкаратыўныя кусты, якія ў горадзе амаль усе павысечаны. На гэта не трэба вельмі вялікіх сродкаў.
Але пакуль што спробы зрабіць нешта добрае няўдачныя. Чаго не хапае: ці ўмення, ці сродкаў, ці таленавітых азеляніцеляў? Пажывём, убачым. Але будзем спадзявацца, што Сянно усё ж стане больш прывабным горадам. Толькі трэба берагчы тое, што дала прырода, і ўносіць нейкія элементы сучаснасці.
З пісьмом працавала
Таццяна Буракова.
Ад рэдакцыі: запрашаем да працягу размовы.