ШУКАЕ МІЛІЦЫЯ, ШУКАЮЦЬ СУСЕДЗІ…

З болем гляджу на пустуючыя дамы, якіх у любым населеным пункце нашай Сенненшчыны знойдзецца ўдосталь. Зусім нядаўна ў іх жылі людзі. Сёння тут гуляе вецер ды зарастае пустазеллем падворак. Дбайныя гаспадары ведаюць: і года пуставання хопіць, каб дыхтоўны будынак ператварыўся ў закінутую халупу і стаў прытонам для мясцовых п’янчуг. Яшчэ можна зразумець, калі так сталася, што даглядаць дом няма каму. Былыя насельнікі памерлі, дзяцей-унукаў альбо няма, альбо яны разляцеліся далёка па свеце. Тады клопат пра сядзібу бярэ на сябе дзяржава, прынамсі, у вёсцы (Указ Прэзідэнта РБ «Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці»). А калі ў дома ёсць гаспадары, якія прынцыпова не жадаюць утрымліваць жыллё ў парадку? Разбірацца з такімі наймальнікамі павінен Закон. Праўда, на практыцы знайсці ўправу на нядбайных гаспадароў бывае, ой, як няпроста.

  «Дапамажыце адшукаць маіх суседзяў!» — у роспачы звярнулася ў рэдакцыю Галіна М. з Сянно. Кіраваў жанчынай страх не за іх лёс, а за ўласны дом, а дакладней, за палову блакіраванага «фінскага» дамка. 

 Ідучы па вуліцы Меліяратараў, не перастаеш радавацца за яе жыхароў. Да-гледжаныя дамы, шыкоўныя кветнікі, альтанкі — гаспадары быццам спаборнічаюць паміж сабой на самы добраўпарадкаваны падворак. На гэтым фоне адзін з участкаў выглядае як нешта супрацьлеглае агульнай прыгожай карцін-цы. Адна палова, што належыць спадарыне М., — чыстая, упарадкаваная; другая —  па самы дах зарасла бур’янам (на здымку на 4-й стар.). Пустазелле хуткімі тэмпамі захоплівае агарод Галіны. Пакутае ад безгаспадарлівасці і яе палова дома. «Дзякуючы» таму, што сумежная кватэра разбураецца, у пакоях ужо даўно «прапісалася» віль­готнасць. «Некалькі разоў даводзілася перасцілаць падлогу!» — кажа жанчына.

 Гаспадары другой паловы, між іншым, жывуць не так і далёка — у Віцебску. Але, па словах жыхароў вуліцы, яны не з’яўляліся тут гадоў пяць. Для Галіны М. газета стала апошняй інстанцыяй заклікаць суседзяў да сумлення.

 Частка дома, у якім яны зарэгістраваны, — не прыватызаваная. Кватэра лічыцца на балансе УП «Сяннобудмеліявадгас». Здаецца, што цяжкага? Наймальнік не выконвае свае абавязкі — выселіць! Аднак для юрыста прад-прыемства Сяргея Мяснікава «суседская» праблема ператварылася ў судовую цяганіну працягласцю 12 год: «За савецкім часам спадарам К. дадзеная кватэра была выдзелена на праве пастаяннага карыстання. Таму сёння мы не можам іх выселіць як са службовага жылля», — тлумачыць Сяргей Віктаравіч. Пражылі новыя кватэранаймальнікі зусім нядоўга, у 1982-м з’ехалі на заробкі на Поўнач. Больш чым дзесяцігоддзе сядзіба пуставала. За гэты час дом прыйшоў у заняпад. Вярнуўшыся з чужога краю, сужэнцы К. пачалі патрабаваць капітальнага рамонту. І ў рэшце рэшт вытрабавалі. У 1999 годзе за кошт прадпрыемства была праведзена поўная рэканструкцыя дома (прычым, на ўсёй вуліцы толькі ім адным): ад замены даху і падлогі да паклейкі шпалераў. Праўда, наймальнікам усё роўна не ўладзілі. Работу тыя не прынялі. «Хаця пэўных прэтэнзій па рамонце яны нам не прад’яўлялі, — расказвае юрыст. —  Не падабаецца і ўсё тут!» Засяліц-ца ў адрамантаваную кватэру К. адмовіліся. Як адмові-ліся яны і плаціць квартплату. Доўг з 2002 года дасягнуў каля паўтара мільёна руб­лёў. У сувязі з гэтым у 2007-м УП «Сяннобудмеліявадгас» падало ў раённы суд іскавую заяву, якая была цалкам задаволена. Суд пастанавіў спагнаць з неплацельшчыка суму запазычанасці, аднак судовыя выканаўцы прыйшлі да высновы, што канфіскаваць у адказчыка няма чаго —»гол як сакол!». Няўжо за ўсе гады працы людзі  нічога не нажылі!? Не плаціцца квартплата і па-сённяшні дзень.

У дзеючым Жыллёвым кодексе ёсць артыкул №39 «Высяленне без прадастаўлення жылога памяшкання». Згодна  з ім, калі наймальнік, члены яго сям’і ці іншыя асобы, якія з імі сумесна пражываюць, сістэматычна разбураюць ці псуюць жылое памяшканне, альбо выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні, альбо сістэматычным парушэннем правіл карыстання жылым памяшканнем робяць немагчымым для іншых пражыванне з імі ў адной кватэры ці доме, а меры перасцярогі і грамадскага ўздзейнічання аказаліся безвыніковымі, высяленне віноўных па патрабаванні наймадацель ці іншых зацікаўленых асоб праводзіцца ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылля. Аднак перад тым, як падаваць у суд на нядбайнага гаспадара, апошняга трэба, што называецца, схапіць за руку. Па-першае, неабходна скласці тры пратаколы, што выносяцца на падставе абследавання ўнутранага санітарна-тэхнічнага стану памяшканняў. У выніку наймальнік прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Пакуль жа патрапіць у кватэру спецыялістам УП «Сяннобудмеліводгас» перашкаджае вялізны замок на абшарпаных дзвярах. «Мы перыядычна наведваемся ў дом, складаем акты, але, зразумела, праз вокны ўсяго не ўбачыш. Ды і што акты, калі законную сілу маюць толькі пратаколы, падпісаныя, у тым ліку і наймальнікам».

 Адзін раз прадпрыемству ўдалося  скласці пратакол за парушэнне правілаў карыстання жыллём, наймальнік яго падпісаў. Раённы суд наклаў на адказчыка і членаў яго сям’і штраф у памеры 10 базавых велічынь (на кожнага). Аднак прадпісанне суда ў чарговы раз засталося нявыкананым. Па касацыйнай скарзе Віцебскі абласны суд адмяніў рашэнне сваіх сенненскіх калег па прычыне заканчэння тэрміну даўнасці.  Больш стасункаў са сваімі наймальнікамі прадпрыемства практычна не мела, бо першыя літаральна зніклі. «Калі б яны пераехалі на пастаяннае месцажыхарства ў іншы населены пункт і там зарэгістраваліся, то праблемы б не было. Яны аўтаматычна прызнаюцца згубіўшымі права карыстанне жылым памяшканнем.» — тлумачыць Сяргей Мяснікаў. Гэты аспект заканадаўства спадары К., напэўна, добра ведаюць, а таму выпісвацца  не спяшаюцца, хоць і даўно не жывуць  у доме па вул. Меліяратараў. Тым не менш, як ні спрабавала прадпрыемства іх знайсці, пошукі, у тым ліку і з дапамогай міліцыі, заканчваліся нічым. «Мы пасылалі запыты ў адміністрацыі ўсіх раёнаў Віцебска, лячэбныя ўстановы, а таксама ў Сенненскую ЦРБ (але там, бачна, адказаць не палічылі неабходным). Нашы наймальнікі нідзе не знайшліся. Іх проста няма! — кажа юрыст і дадае.— Яны, быццам бы, здымаюць жыллё, аднак, па маіх дадзеных, у Віцебску ў іх есць і кватэра, і дача. Праўда, даказаць гэта немагчыма, бо ў БТІ яны не зарэгістраваны».

 Новая кватэра — гэта камень спатыкнення паміж УП «Сяннобудмеліяводгас» і спадарамі К.. У сваім патрабаванні апошнія дайшлі нават да Адміністрацыі Прэзідэнта. І ўсё ж задаволіць яго не бачыцца ніякай магчымасці па той простай прычыне, што будаўнічая арганізацыя не мае ўласнага жыллёвага фонда, акрамя савецкай спадчыны — гэтых самых блакіраваных дамоў па Меліяратараў. Яны не перадаюцца на баланс ЖКГ. Адзіны сродак для наймальнікаў палепшыць жыллёвыя ўмовы, на думку юрыста, —  прывесці ў належны стан свой дом. Сёння няма праблемы яго прыватызаваць, як гэта зрабіла большасць жыхароў вуліцы. Толькі прыслухацца да  парады гаспадары не спяшаюцца. Навошта, калі ў 1980-х яны бясплатна атрымалі дом, пасля ў 1999-ым ім бясплатна зрабілі рамонт, то чаму б зараз бясплатна (за чужы кошт) не атрымаць кватэру? Пры гэтым, давёўшы  старое жыллё да аварыйнага стану. «Нежылы барак» (як называюць яго наймальнікі) сапраўды стаў адпавядаць гэтай назве. Праз дзесяць год дом зноў патрабуе капітальнага рамонту. Толькі хто яго будзе рабіць і, галоўнае, для каго — падаецца рытарычным пытаннем.

 Прычыну шматгадовай валакіты Сяргей Мяснікаў бачыць у недапрацоўцы існуючага заканадаўства. Магчыма, сітуацыю выправіць новы Жыллёвы кодекс. У прыватнасці, ён прадугледжвае большую адказнасць гаспадароў і наймальнікаў жылля. Хопіць аднаго факта наяўнасці  доўгу па квартплаце, каб выселіць злосных парушальнікаў у памяшканне з горшымі ўмовамі пражывання, і неабавязкова ў тым жа населеным пункце. Прымаць рашэнне змогуць мясцовыя ўлады. А закінутых кватэр у нашых аграгарадках хопіць на ўсіх.

 Пакуль жа ўласнік і наймальнік «гразнуць» у судовай цяганіне, «крайняй» у праблеме застаецца наша чытачка. З суседскай «ласкі» яе прыватызаваная кватэра прыходзіць у непрыгоднасць. З каго жанчыне па­трабаваць кампенсацыю? Як варыянт, падаць на суседзяў у суд згодна артыкула №39 Жыллёвага кодекса. Магчыма, тады яны нарэшце ўспомняць не толькі пра свае правы, але і пра абавязкі наймальніка.

 

Анастасія Воранава.

Фота аўтара.