ЖЫХАР МАЛОЙ БЕЛІЦЫ ВЫНАЙШАЎ БУЛЬБАКАПАЛКУ

Знайсці ў Малой Беліцы падворак Мікалая Бельскага проста — на ім прыпаркаваліся некалькі незвычайных машын. З іх дапамогай можна выконваць транспартныя і пагрузачна-разгрузачныя работы, апрацоўваць зямлю, убіраць ураджай. Праўда, сказаць дакладна, што гэта — трактар, аўтамабіль  ці  пагрузчык, не бярэцца нават сам іх гаспадар і канструктар. Як ніяк — эксклюзіўныя вырабы.

«Знешне — гэта легкавы аўтамабіль «Масквіч», — тлумачыць Мікалай. — Але ў якасці рухавіка тут устаноўлены ЗІД, хуткасць  — 30 км у гадзіну па шашы.»

Але запрасіў у госці да сябе Мікалай Бельскі не дзеля гібрыднага «Масквіча».

«Я сканструяваў і вырабіў бульбакапалку, — тлумачыць ён. — Калі агрэгат заводскай вытворчасці вызваляецца ў час копкі ад зямлі з дапамогай руху транспарцёрнай ленты, то мой вытрасае глебу. Жорсткі металічны корпус абшыты знізу металічнай арматурай. Прыходзіць у рух з дапамогай двух валоў, падшыпнікаў і зубчатай перадачы. Працуе па прынцыпе «грохату» ў зерне­ўборачным камбайне. Галоўная перавага бульбакапалкі ў прастаце канструкцыі (бульбакапалку можна вырабіць у майстэрні любой сельгасарганізацыі), яе таннасці і надзейнасці.»

Мікалай Бельскі прадэманстраваў бульбакапалку ўласнай канструкцыі непасрэдна ў рабоце. Клубні агрэгат капае адразу з двух радкоў, выходзіць бульба на паверхню абсалютна не пашкоджанай. Праўда, некаторая частка яе ўсё ж застаецца ў зямлі.

«Калі глеба сухая, якасць копкі паляпшаецца, многае залежыць ад структуры зямлі, — тлумачыць беліцкі канструктар. — Можна паспрабаваць падоўжыць «стол», зрабіць большым прабел паміж арматурай. Экзэмпляр патрабуе, я згодны, дапрацоўкі. Але сам прынцып мае права на жыццё», —  упэўнены Мікалай Бельскі.

Наладзіць прамысловую вытворчасць бульбакапалкі Бельскага наўрад ці ўдасца. Не той час. Буйныя вытворцы аддаюць перавагу камбайнам, дзе бульбу можна адразу і перабіраць часткова. А вось фермерам, на прысядзібнай гаспадарцы селяніна яна прынесла б эканамічны эфект, тым больш, што вырабіць яе не праблема.

Аляксандр ЛАЗЮК.