АГРАНОМ З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ

У аграгарадку «Вусце», што на Аршаншчыне, нядаўна, да 100-годдзя з дня нараджэння Героя Сацыялістычнай працы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянера саюзнага значэння, заслужанага агранома БССР, кандыдата сельскагаспадарчых навук Захара Баркоўскага адкрыта мемарыяльная дошка. Ініцыятарамі  яе адкрыцця выступілі Аршанскі выканаўчы камітэт, Аршанскі раённы савет ветэранаў, адміністрацыя мясцовай гаспадаркі, якую Захар Іванавіч узначальваў з 1944 па 1981 гады.

А нарадзіўся ён у вёсцы Ліплянск Сенненскага павета, скончыў на выдатна багушэўскую школу сялянскай моладзі і без экзаменаў быў залічаны ў Смальянскі сельгастэхні­кум. У 1934 годзе дыпламаваны аграном прыехаў працаваць у саўгас  «Побалава» Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Ужо ў тыя далёкія 30-ыя Захар Баркоўскі імкнуўся весці даследчую работу. Праз некалькі гадоў яго прызначылі дырэктарам школы сярэдняй сельгасадукацыі ў Рагачове. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны малады аграном ажаніўся. Праз некалькі дзён паехаў у Маскву, на сельскагаспадарчую выстаўку, дзе і даведаўся пра пачатак вайны.

Захар Баркоўскі накіроўваецца ў воінскую часць, але трапляе ў акружэнне. Прабіцца за лінію фронта не ўдаецца, і ён вяртаецца дамоў, каб праз некаторы час стаць партызанам атрада «Мсцівец» Заслонаўскай брыгады. Разам з ім змагаліся з ворагам і яго малодшыя браты. І ўсе гэтыя гады, да самага вызвалення Беларусі, Захар нічога не ведае аб лёсе сваёй маладой жонкі Аграфены. У першы дзень вайны яму ўдалося звязацца з ёй па тэлефоне і сказаць літаральна некалькі слоў…

Як і муж,  Аграфена ваявала ў партызанскім атрадзе на Магілёўшчыне, была медыцынскай сястрой.

Пасля вызвалення Беларусі Захар Баркоўскі прызначаецца дырэктарам Вусцянскай сельскагаспадарчай станцыі пры Акадэміі навук БССР. У 1956 годзе яна была ператворана ў эксперыментальную базу «Вусце». Усё жыццё Захар Іванавіч шмат працаваў над сабой. У 1957 годзе ён завочна закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, больш актыўна стаў займацца навуковай працай. У 1966 годзе яму было прысвоена званне «Заслужаны аграном БССР», у 72-ім — вучоная ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. А незадоўга да гэтага Указам  Прэзідыума Вярхоўнага Савета за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана па продажы дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, Захару Баркоўскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы.

Высокія ўрадавыя ўзнагароды атрымліваюць  лепшыя работнікі эксбазы «Вусце», спецыялісты. Механізатар гаспадаркі А.Маціеўскі стаў лаўрэатам Прэміі Ленінскага камсамола. Яшчэ ў 50-ыя гады даяркі  прадпрыемства надойвалі ад каровы па 5000 кілаграмаў малака, ураджайнасць зерневых у 1973 годзе перавысіла 44 цэнтнеры з гектара, бульбы — 320.

Захар Баркоўскі шмат увагі ўдзяляе вырашэнню сацыяльных праблем. За кошт гаспадаркі і на грошы, заробленыя на суботніках,   будуюцца вадаёмы і плаціны, высадж­ваюцца ўздоўж  дарог   тысячы дрэваў. На тэрыторыі, што прылягае да Дняпра, былі закладзены два паркі. Вёска Вусце становіцца адным з самых прыгожых месцаў Аршаншчыны. Яе называюць беларускай Швейцарыяй. У пачатку 70-х гадоў у вёсцы працуюць Дом культуры, гасцініца, пабудаваны новы будынак для школы, трохпавярховы адміністрацыйны будынак Інстытута льна, дзіцячы сад, стадыён, адкрытыя плавальныя басейны.

Гаспадарка становіцца школай перадавога сельскагаспадарчага вопыту. Яе наведваюць шматлікія дэлегацыі з усіх рэгіёнаў былога СССР, з ГДР і, нават, з Фінляндыі. У 1973 годзе ў час рэспубліканскага семінара па насенняводству гасцямі прадпрыемства і сям’і Баркоўскіх сталі Пётр Машэраў, Уладзімір Лабанок, Фёдар Сурганаў, Ціхан Кісялёў. Чалавек высокай маралі і духоўнай культуры Захар Іванавіч знаходзіў агульныя тэмы з Якубам Коласам, Стэфаніяй Станютай, Галінай Макаравай.

У час адкрыцця мемарыяльнай дошкі прысутнічалі не толькі афіцыйныя асобы, але і родныя Захара Іванавіча, многія жыхары Вусця. Адна з дачок, успамінаючы пра бацьку, расказвала, як ён, нягледзячы на сваю занятасць, заўжды знаходзіў час, каб праверыць дзённік, пацікавіцца школьнымі справамі дзяцей. Нехта з саратнікаў Захара Іванавіча заўважыў, што для яго зямля стала і лёсам, і шчасцем. І з гэтым нельга не пагадзіцца, бо тое, што ён зрабіў за сваё жыццё ў сельскагаспадарчай вытворчасці, і сёння прымаецца як наватарства і навуковыя дасягненні.