Класы народнай творчасці ў хуткім часе з’явяцца ў аграгарадках Машканы і Ходцы.

Перадаваць сакрэты рамяства малодшаму пакаленню будуць удзельнікі раённага клуба народных майстроў «Натхненне». У Машканах — Яна Лагунова (жывапіс, малюнак). У Ходцах — Сяргей Грунтоў (лазапляценне) і Галі­на Паражынская (вышыўка).

На сённяшні дзень у Сенненскім  доме рамёстваў працуе 8 гурткоў: «Залатая саломка», «Вышыўка», «Кераміка», «Ткацтва», «Роспіс па дрэве», «Народны пояс», «Народны касцюм» і гурток керамікі ў гарпасёлку Багушэўск. Агульная колькасць навучэнцаў у іх складае 71 чалавек.

Аднак з-за недахопу памяшканняў  займацца дзеткам проста няма дзе. З гэтай прычыны вымушаны былі скараціць  колькасць вучняў у гуртках «Кераміка» і «Ткацтва». Тым не менш выхад з сітуацыі быў знойдзены. У практыку ўвайшлі майстар-класы, якія супрацоўнікі   дома рамёстваў праводзяць, у тым ліку і падчас школьных канікулаў, у школах і ўстановах дадатковай адукацыі. У перспектыве —  адкрыццё класаў-аддзяленняў у сельскай мясцовасці. У Сенненскім  доме рамёстваў упэўнены, што яны стануць добрым месцам адпачынку для вясковай моладзі і паспрыяюць папулярызацыі нацыянальнага мастацтва.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.