БІБЛІЯТЭКАР – ДУШ НАШЫХ ЛЕКАР! Сёлета работнікі бібліятэчнай сістэмы Сенненшчыны шырока адзначылі сваё свята.

На сустрэчу прадстаўнікі  прафесіі сабраліся ў раённым Доме культуры.

 З прывітальным словам да віноўнікаў урачыстасці звярнулася начальнік аддзела культуры райвыканкама Ларыса Новікава. Яна пажадала ветэранам бібліятэчнай справы здароўя і аптымізму, падзякавала за адданасць прафесіі. Галоўная мэта бібліятэк, зазначыла прамоўца, выхоўваць дастойнага грамадзяніна краіны. Нягледзячы на папулярнасць камп’ютараў, дзяцінства павінна пачынацца з кнігі. Таму задача бібліятэкара — навучыцца ў новых умовах працаваць па-новаму, падкрэсліла Ларыса Яўгенаўна.

Ад вытокаў

Вядучыя свята, супрацоўні­цы цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Красноўская і Вікторыя Паляшчук прапанавалі ўдзельнікам сустрэчы «пагартаць» старонкі гісторыі бібліятэк Сенненшчыны.

 На пачатку 20 ст. у павятовым горадзе Сянно не было ніводнай культурна-асветніцкай установы, але мелася невялікая колькасць кніг для чытання пры Гарадскім сходзе і народнай чайной. Працавала прыватная бібліятэка Янкеля Левітана, дзе за карыстанне кнігамі трэба было плаціць 15 капеек у месяц.

 Першыя бібліятэкі на Сенненшчыне з’явіліся ў 1918 годзе. У наступным іх колькасць значна ўзрасла. У той час дзейнічала 14 бібліятэк-чытальняў, 258 хат-чытальняў і адна цэнтральная павятовая бібліятэка. У пачатку 1921 года працавалі 3 бібліятэкі ў Сянно, 15 валасных і 273 хаты-чытальні. У 1939-ым дзейнічала ўжо 96 бібліятэк.

 У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі кніжныя фонды былі знішчаны. Пасля Вялікай Айчыннай вайны бібліятэчная справа  пачала аднаўляцца. У 1968 годзе працавалі  раённая, 2 дзіцячыя, 22 сельскія, 26 пры­клубных, 12 калгасных, 4 прафсаюзныя і 42 школьныя бібліятэкі.

Пачыналі з 800 экзэмпляраў

У дакументах Віцебскага губернскага і Сенненскага павятовага палітыка-асветніцкіх камітэтаў, датаваных 1 студзеня 1922 года, было ўказана, што цэнтральная бібліятэка горада Сянно адкрыта ў маі 1918 года. Першай загадчыцай бібліятэкі была Раіса Ліфшыц.

 У кніжным фондзе ўстановы культуры было тады ўсяго 800 экземпляраў. Праз чатыры гады гэта лічба павялічылася да 8000 . 600 кніг былі на польскай і французскай мовах, 150 — на яўрэйскай. Дарослую і дзіцячую  бібліятэкі абслугоўвалі 5 бібліятэкараў і 1 кур’ер.

 У 1924 годзе бібліятэку перавялі ў Народны дом (былы дом ксяндза). Загадчыкам працаваў Іван Старыковіч. У 1936-ым у райцэнтры пабудавалі двухпавярховы Дом культуры. У ім для раённай бібліятэкі выдзелілі два вялікія пакоі на другім паверсе.

 У Пастанове Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 2 сакавіка 1939 года адзначалася:»Прыкладам добрай работы могуць служыць Аршанскі, Віцебскі Дамы кнігі, Сенненская раённая бібліятэка, якія арганізоўваюць лекцыі, даклады, выставы».

 У пасляваенныя гады ў практыку работы ўвайшлі вечары сустрэч. Гасцямі сенненцаў былі Н.Гілевіч, А.Вялюгін, М.Бялевіч, М.Калачынскі.

 У 1968 годзе пры бібліятэцы сумесна з Домам культуры і райкамам камсамола быў створаны клуб аматараў кнігі «Рамантык».

 Асобны будынак раённы храм кнігі атрымаў у 1993 годзе. Тут бібліятэка знаходзіцца і цяпер.

 Поспех любога калектыву пачынаецца з   кіраўніка, які ўмее ўбачыць новае, перадавое, накіраваць калектыў на выкананне задачы.

 У розныя гады Сеннен­скую раённую бібліятэку ўзначальвалі Зінаіда Камандышка, Ганна Хомчанка, Рэгіна Зязюліна, Тамара Платонава, Анастасія Кукшынава, Надзея Шаўлюк…    

 З 1987 года на пасадзе дырэктара працуе Ніна Паляшчук, якая  на ўрачыстасці ад­з­н­а­чыла, што адна з галоўных задач сучаснай бібліятэкі — забяспечваць жывую повязь пакаленняў, з цеплынёй звярнулася да ветэранаў.

 Па выніках работы Сенненская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма неаднаразова займала першыя месцы ў вобласці. Дырэктар узнагароджвалася граматамі Міністэрства культуры БССР, Віцебскага абл­выканкама, упраўлення культуры абласнога выканаўчага камітэта, Сенненскага райвыканкама і раённага аддзела культуры. Ніна Рыгораўна Паляшчук двойчы была занесена на раённую Дошку гонару, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі Беларускага фонду культуры. дзейнічае  ў Сянно з мая 1918 года. Фонд літаратуры на той час складаў 520 экземпляраў, абслугоўвалася 450 чытачоў.

 У 1949 годзе, пасля перапынку, дзіцячая бібліятэка адкрылася зноў. Загадвала  ёй Галіна Тарасава.

 З 1981 года да нашых дзён бібліятэка знаходзіцца ў будынку, пабудаваным ў 1915 годзе для земскай управы.

 Вялікая ўвага надаецца прапагандзе чытання. Праводзяцца ўрокі культуры чытання, бібліяграфіі, агляды навінак літаратуры, кніжныя выставы.

 У 70-ых гадах пры бібліятэцы працаваў клуб аматараў паэзіі «Данка». Пасяджэнні праводзіліся сумесна з літаратурным аб’яднаннем «Верасы» раённай газеты «Ленінская іскра». У 80-ых пачалі дзейнічаць клубы «Хачу ўсё ведаць» і «Крывічы». Прадаўжальнікам клуба «Данка» цяпер з’яўляецца паэтычны клуб «Ліра». Яго ўдзельнікі друкуюцца ў рэспубліканскіх часопісах.

 Сенненскую раённую дзіцячую бібліятэку з 1982 па 2003 год узначальвала Ніна Зюзькова, якой прысвоена званне «Жанчына года-99» у намінацыі «Жанчына ў сістэме культуры». У 2001 годзе Ніна Данілаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

 Пятнаццаць гадоў дзейнічае створаны ў дзіцячай бібліятэцы лялечны тэатр кнігі «Пятрушка», кіруе якім Валянціна Цярэнцьева. Самай вялікай узнагародай для калектыву тэатра стаў дыплом за лепшае ва­джэнне лялек, атрыманы на першым абласным свяце лялечных тэатраў. Цяпер тэатр бібліятэкі прэтэндуе на званне «народны».

Багушэўскага гарпасялковая

У пачатку ХХ стагоддзя з’явілася першая хата-чытальня пры клубе чыгуначна-дарожнай станцыі Багушэўская. У 1931 годзе­ пры Нардо­ме­ была адкрыта бібліятэка, якая ў часы вайны згарэла.

 Раённая бібліятэка ў Багушэўску пачала працаваць з 1946-га. Знаходзілася яна ў прыватным доме па вуліцы Вакзальнай. Кніжны фонд налічваў менш за тысячу экземпляраў. Загадчыцай была Аляксандра Краева. Праз дзесяць гадоў установу ўзначаліла Лідзія Куксёнак. У 1951-ым для бібліятэкі пабудавалі памяшканне. 38 гадоў нязменным  кіраўні­ком установы культуры была Клаўдзія Казлова.

 У 1960-ым Багушэўскі раён увайшоў у склад Сенненскага.  Бібліятэку рэарганізавалі ў гарпасялковую.

 Сорак два гады аддала бібліятэчнай справе Галіна Шумарова. Дваццаць дзевяць з іх яна ўзначальвала Багушэўскую гарпасялковую бібліятэку. У 2008 годзе дзіцячая бібліятэка гарпасёлка аб’ядналася з дарослай. Тады   ж  яна атрымала новае памяш­канне.

Неслі кніжную мудрасць

  У аснове прафесіі бібліятэкара ляжыць любоў да кнігі, да бібліятэкі. Вы­біраюць гэту прафесію менавіта тыя, хто парадніўся з ёй з самага дзяцінства. Шмат гадоў неслі кніжную мудрасць да людзей бібліятэкары-ветэраны, якія былі запрошаны на свята, Т.І.Сапроненка, Р.К.Зязюліна, А.Д.Кукшынава, ­Я.П.­Дзедунова, В.В.Дземчанка, К.П.Казлова, ­Г.Я.Валуева, Л.А.Шылько, Т.І.Лясун, Л.В.Шэйма, В.А.Румо, В.Ф.Аляксеенка.

*   *     * 

 Свята суправаджалася паказам слайдаў з фотаздымкамі, на якіх захаваны для нашчадкаў непаўторныя моманты сустрэч з цікавымі, знакамітымі людзьмі, пасяджэнняў аматарскіх клубаў, іншых бібліятэчных мерапрыемстваў.

 Музычнымі нумарамі, добрымі словамі павіншавалі работнікаў бібліятэчнай сістэмы  педагогі Сенненскай школы мастацтваў, вучні гарадскіх агульнаадукацыйных школ, супрацоўнікі раённага Дома культуры, удзельніцы клуба «Наедине» Паліна Гендзік і Вольга Рацькова, супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея і іншыя госці свята.

 Таццяна Буракова.

 На здымках: выступае дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ніна Паляшчук; на сцэне вакальная група Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў; канферэнцыя па кнізе Рыжыкава і Прахарэнкі «Грозна шумела пушча» ў Багушэўскай бібліятэцы;  у час святкавання 70-годдзя Сенненскай раённай бібліятэкі.