ПАМЯЦІ СЯБРА «РАЁНКІ»

 Пасля працяглай хваробы, на 63 годзе жыцця, перастала біцца сэрца Эдуарда Іванавіча Зелентава, да нядаўняга часу — начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 Нас пакінуў  таленавіты чалавек, кампетэнтны не толькі ў той справе, якую з адданасцю, апантана  рабіў, а чалавек-знаўца многіх граняў жыцця грамадства, цікавы субяседнік, які валодаў  шырокім  кругаглядам, аўтарытэтны і непадкупны кіраўнік,  для якога закон і існасць былі вышэй за ўсё.

 У яго дзейнасці арганічна спалучаліся  моцныя прафесіянальныя якасці з неабходнымі ў яго справе здольнасцямі ўмелага арганізатара. Творчы пошук новых ідэй, яркая папулярызацыя іх сярод шырокага кола зацікаўленай грамадскасці прыносілі поспех.

 Чалавек не знікае бясследна. Ён застаецца ў справах, ва ўчынках і светлай памяці тых, хто яго ведаў, паважаў і любіў. Не стала сярод нас Эдуарда Іванавіча Зелентава, але мы заўсёды будем успамінаць яго  ля  дзяржаўнага помніка прыроды «Капліца», наталяючы смагу з  крыніцы  «Песачанка». Ён стаяў ля вытокаў стварэння музея прыроды ў Алексініцкай сярэдняй школе, раённага краязнаўчага музея і інш. І быў упэўнены, што чалавек можа ператварыць у рай усю Зямлю, калі будзе насіць рай у сваёй душы.

 Тыдні са тры назад Эдуард Іванавіч Зелентаў у чарговы раз заходзіў у рэдакцыю, а рабіў ён гэта пастаянна, бо яму было што сказаць чытачу. Мы шчыра і зацікаўлена абмяркоўвалі праблему стварэння ў раёне  дэндрапарку. Ён упарта адстойваў сваё перакананне, што такі штучны прыродны аб,ект больш патрэбны жыхарам райцэнтра, а не багушэўцам, бо гарадскі пасёлак і так размешчаны ў курортнай зоне, толькі трэба навесці парадак у прыгарадных лясах.

 Няўзгод у жыцці Эдуарда Іванавіча было шмат, іх ён сустракаў з адкрытым забралам. Заўсёды адстойваў свой пункт гледжання смела і да канца, калі быў упэўнены ў яго праўдзівасці.

 І вось яго няма. Каварная хвароба, перад якой бяссільна нават сучасная медыцына, вырвала яго з нашых радоў. «Голас Сенненшчыны» ў асобе Эдуарда Іванаві­ча страціў дарадцу, пастаяннага пазаштатнага аўтара. Няхай сенненская зямля, пра чысціню якой ён нястомна рупіўся, будзе яму пухам.

 Калектыў рэдакцыі шчыра смуткуе разам з блізкімі, роднымі, сябрамі, калегамі Эдуарда Іванавіча Зелентава.

Эдуард Іванавіч Зелентаў 

Нарадзіўся Эдуард Іванавіч Зелентаў у лютым 1949 года ў вёсцы Прашчуны Панявежыскага раёна Літоўскай ССР, куды сям’я пераехала ў 1947 годзе з вёскі Кавалі Сенненскага раёна.  але ўжо ў 1951 годзе Зелентавы зноў вяртаюцца на Сенненшчыну і пасяляюцца ў вёсцы Казлоўка.

 Працоўную дзейнасць Эдуард Зелентаў пачаў у рай­прамкамбінаце рабочым цагельнага завода. Восенню 1968 быў прызваны ў  Савецкую Армію. У горадзе Адэса закончыў вучэбны пункт, пасля чаго працягваў служыць у Маскве кантралёрам асобнага кантрольна-прапускнога пункта «Масква» пагранвойскаў КДБ пры Савеце Міністраў СССР. У перыяд службы быў прыняты кандыдатам у члены КПСС.

 Пасля дэмабілізацыі ў лістападзе 1970 года, год працаваў інспектарам інспекцыі Дзяржстраха, затым выбіраецца старшынёй райкама ДТСААФ, далей працуе інструктарам райвыканкама, а таксама ў апараце райкама КПБ на пасадах інструктара аргаддзела, загадчыка кабінета палітасветы, загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі.

 Вучыўся завочна: закончыў Усесаюзны завочны фінансавы тэхнікум і Мінскую вышэйшую партыйную школу.

 З 1986 года па 1990 працаваў на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама, затым спецыялістам Сенненскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, а з 1993 года і амаль да апошняга дня свайго жыцця — начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 За час работы на розных пасадах  Эдуард Іванавіч Зелентаў  зарэкамедаваў сябе  дысцыплінаваным, старанным работнікам, здольным арганізатарам, настойлівым, прынцыповым кіраўніком. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці раёна, з’яўляючыся дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў.

 Асабліва ярка і шырока раскрыўся кіраўніцкі і арганізатарскі талент Эдуарда Іванавіча Зелентава на паса­дзе начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага  асяроддзя. Практычна ў раёне няма ніводнага помніка гісторыі культуры і прыроды, ля вытокаў стварэння якіх не стаяў бы гэты няўрымслівы чалавек.

  Менавіта шчырым, законапаслухмяным, адданым да канца служэнню справе, якую рабіў,  на­дзейным сябрам ён і застанецца ў памяці тых, з кім Эдуард Іванавіч Зелентаў побач жыў і працаваў.

 Смуткуем і помнім!

 В.У. Цапота, М.М.Вілюга, Г.Г.Сабыніч, З.С. Фаміна, Г.Г.Якаўлева, С.В.Пра­каповіч, А.А.Цяцюеў,­Ю.Г.Зязюліна, В.В. Мысліц­кая, М.І. Архіпаў,  С.С.Фарэйтараў, Л.Я.Трубека.