СЕННЕНСКАЯ “БЫТОЎКА” У РУКАХ БАГУШЭЎСКАГА “ПРЭСТЫЖА”

Камунальным унітарным прадпрыемствам бытавога абслугоўвання «Прэстыж» у студзені-ліпені мінулага года было аказана бытавых паслуг на 176,2 мільёна рублёў, а сёлета за адпаведны —  ужо больш чым на 248 мільёнаў, у тым ліку на 180,8 — у сельскай мясцовасці. Найбольшы аб’ём прыпадае на долю індывідуальнага пашыву вопраткі. У ліку самых запатрабаваных, на жаль, знаходзяцца рытуальныя паслугі, а потым ідуць паслугі цырульні. А ўсяго сёння «Прэстыж» іх аказвае 11 відаў .

 Павышаць якасць абслугоўвання жыхароў раёна дазваляюць комплексныя прыёмныя пункты, адкрытыя ў вёсках. Калі раней бытавым  абслугоўваннем насельніцтва займаўся і камбінат кааператыўнай  прамысловасці раённага спажывецкага таварыства, то цяпер яго ўчастак — таксама прэрагатыва «Прэстыжа».

 Аднак асноўнай крыніцай прыбыткаў прадпрыемства па-ранейшаму з’яўляецца цэх масавага пашыву, што выпускае спецвопратку для многіх вядучых прадпрыемстваў вобласці , у тым ліку РУП «Віцебскэнерга», ААТ «Віцебскдрэў», СООО «Белвест» і некаторых іншых.

  За апошнюю пяцігодку на прадпрыемстве практычна адбылося поўнае тэхнічнае пераўзбраенне: для швачак набыты 35 машын — як універсальных, так і тых, што адносяцца да спецабсталявання. Гэта дае магчымасць павышаць якасць і нарошчваць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі.

 Аб тым, што ў Багушэўску працуюць прафесіяналы, пацвярджаюць і перамогі на абласных конкурсах: восенню мінулага года занялі I месца ў абласным конкурсе мадэльераў дызайнераў вопраткі  «Модны сілуэт», а другое — па выніках    спаборніцтва сярод прадпрыемстваў Прыдзвіння сферы бытавых паслуг раённага звяна.