СПОВЕДЗЬ СЕННЕНКІ, ЯКАЯ ПЕРАМАГЛА “ЗЯЛЁНАГА ЗМІЯ”

Жанчын з дыягназам «хранічны алкагалізм» у Беларусі з кожным годам становіцца ўсё болей.

 Іх жыццёвыя гісторыі падобныя адна на адну. Злоўжыванне спіртным, антысанітарыя… Не паспее маці азірнуцца, як дзеці аказваюцца ў сацыяльным прытулку, інтэрнаце, а жанчына кідаецца ва ўсе цяжкія грахі.

 Дзе шукаць выйсце? Як перамагчы «зялёнага змія»? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна шукаць бясконца, дыскутаваць і выказваць розныя меркаванні. Даць рэальную параду можа толькі той чалавек, які калісьці апынуўся ў падобнай сітуацыі. 

 Сёння мы прэзентуем новую рубрыку «Споведзь», у якой будзем знаёміць з людзьмі, што змаглі справіцца з жыццёвымі праблемамі.

Не заракайся

Кожны дзень у палове пятага Наталля Лукашова (на здымку) з’яўляецца на парозе сенненскай сярэдняй школы №2, каб забраць з заняткаў малодшую дачку, а потым ідзе ў дзіцячы садок па сына.  Яна — клапатлівая маці, гатовая рабіць усё для шчасця сваіх дзяцей. Але быў час, калі жанчына злоўжывала алкаголем…

 Два гады таму, як і сёння, Наталля працавала ў РУП ЖКГ рабочай па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў. Рупілася добрасумленна, але час ад часу «заглядвала» ў бутэльку.

 — Запояў у мяне не было, — расказвае яна, — вечарам магла кульнуць шклянку-другую. Так пакрысе і ўцягнулася. Вып’еш сто грамаў і пойдзеш рыхтаваць ежу ці мыць бялізну. Неяк прызвычаілася жыць з алкаголем і нават не заўважыла, што стала злоўжываць на рабоце, пакуль не трапіла на вочы начальству.

 У той жа дзень на Наталлю склалі пратакол і звольнілі па артыкуле. А праз некаторы час органы апекі забралі ў Лукашовай дзяцей і змясцілі іх у сацыяльны прытулак.

 — Што я адчувала ў той момант? Мне было сорамна выходзіць на вуліцу. Здавалася, быццам усе людзі тыкаюць на мяне пальцам і кажуць: «Яна ніколі не верне малых!». Але я была ўпэўнена, што ў мяне атрымаецца.

 Праз два тыдні Наталля паехала кадзіравацца. Пайшла на гэта свядома.

 — У мяне не было вялікай цягі да алкаголю. Я магла з лёгкасцю ад яго адмовіцца, але без даведкі, што я прайшла лячэнне, на працу мяне б ніхто не ўзяў, — працягвае жанчына.

З чыстага ліста

Наталля Лукашова зноў уладкавалася на працу ў РУП ЖКГ. Дзень яна шчыра працавала, а вечарам ішла ў сацыяльны прытулак.

 — Часам, у мяне не было грошай, каб купіць дочкам і сыну пачастункі. З зарплаты вылічвалі сродкі на ўтрыманне дзяцей. Сума на жыццё заставалася мізэрная. Але наведвала я іх штодня. Пасяджу гадзіну-другую і спяшаюся дадому.

 У кароткі тэрмін Наталля павінна была добраўпарадкаваць жыллё. Гэта была адна з абавязковых умоў.  Свайго вугла жанчына не мае, жыве разам з братам у яго хаце, а той злоўжывае спіртным і нідзе не працуе. Нічога не заставалася Наталлі, як пачаць рамонт у адным з пакояў старога будынку.

 — Я, нават, не ведаю, як мне ўдалося самастойна адрамантаваць падлогу, за­шкліць вокны. Раней, я ніколі гэтага не рабіла. Сродкаў, каб наймаць будаўнікоў, не было. Цікавілася ў знаёмых мужчын, як выконваць тую ці іншую справу і смела бралася за яе. Аднойчы да мяне завіталі супрацоўнікі РАНС і выпісалі прадпісанне, у якім загадалі ў кароткі тэрмін адрамантаваць печ. І калі яны зноў з’явіліся на парозе, здзіўленню іх не было канца — жанчына, а так умела выканала  работу. Я не выхваляюся. Я хачу, каб людзі зразумелі, якое ў мяне было вялікае жаданне вярнуць сваіх дзяцей.

 Пакуль мы сядзім з Наталляй на школьным стадыёне і гутарым, яна час ад часу глядзіць на га­дзіннік. Вось-вось скончацца заняткі ў дачкі і яе трэба своечасова сустрэць. Інакш, пачне тэлефанаваць настаўніца.

 — Я спатыкнулася аднойчы, але людзі яшчэ доўгі час будуць прыглядацца да мяне, «прынюхвацца», ці не запіла я зноў… Я не крыўдую на іх. У нечым, нават, удзячная. Цяпер я ведаю да чаго імкнуся і чаго хачу. Магчыма, хтосьці не верыць мне. Але я ніколі не вярнуся да былога жыцця. Я хачу «паставіць» сваіх дзяцей на ногі і даць ім усё лепшае. Многія здзіў­ляюцца: як мы жывём на маю невялікую зарплату і дзіцячую дапамогу. Дзякуй богу, ёсць яшчэ на свеце добрыя людзі, якія разумеюць маё становішча і дапамагаюць: хто адзеннем, хто абуткам.

Мары павінны збывацца!

Сёння  Лукашовы жывуць адной марай — пра ўласнае жыллё. Наталля, як маці-адзіночка, прэтэндуе на сацыяльную кватэру. Свае квадратныя метры яна павінна была атрымаць напрыканцы лета. Так ёй абяцалі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

 — І што мне рабіць? Як дзецям у вочы глядзець? Калі старэйшыя разумеюць сітуацыю, то сын што­дня пытаецца: «Мама, ну калі ў нас будзе свой дом?» Сэрца крывёй абліваецца, калі прыходзіцца нешта прыдумваць. Што будзе далей, невядома. Наперадзе зіма, трэба ці не трэба купляць дровы… Выкідваць грошы на вецер таксама не хочацца, — працягвае гаворку жанчына.

 Да пераезду сям’я ўжо даўно гатова: нядаўна набылі мэблю ў крэдыт. Але ў вільготным доме, дзе яны жывуць цяпер, мэбля пачынае псавацца, пакрываецца цвіллю.

Жыццёвая філасофія

  Наколькі змянілася жыццё Наталлі ў апошні час, мяркуйце самі. Яна, у адрозненні ад многіх жанчын, якія трапілі ў падобную сітуацыю, не апусціла рукі. Наадварот, усімі сіламі змагалася за сваіх дзяцей.

 Не засталося ў яе і крыўды на ўладу, грамадства, школу.

 — Праз гэта, напэўна, трэба прайсці, каб зразумець, наколькі ты любіш жыццё і сваіх дзяцей. Я не хачу нават слухаць, калі мае знаёмыя пачынаюць скардзіцца на лёс. Кожны сам выбірае сваю жыццёвую сцяжынку. І той, хто не жадае апусціцца на дно, ніколі не зап’е. Ніякая кадзіроўка не дапаможа чалавеку бязвольнаму. Усе нашы праблемы ад распушчанасці, ляноты і абыякавасці, — дзеліцца сваімі думкамі Наталля.

 У апошні час яна стараецца паўплываць на жанчын, якія  злоўжываюць алкаголем, ці вось-вось пакоцяцца па нахільнай, бо добра ведае, як гэта адбываецца.

 Хочацца спадзявацца, што атрыманы ўрок Наталля засвоіла на ўсё астатняе жыццё. А галоўнае, застанецца самым дарагім і любімым чалавекам для сваіх дзяцей, прыкладам для жанчын, якія яшчэ не ўзяліся за розум.

Кацярына КАРПОВІЧ.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *