“Я живу Беларусью ненаглядной своей». Рускі паэт прызнаўся сенненцам у каханні

Прыхільнасць да сваёй радзімы мы тлумачым праяўленнем патрыятызму. Яно і зразумела: дзе чалавек нарадзіўся, да таго месца вялікую ласку мае — гэтую ісціну яшчэ славуты Скарына прапісаў. А вось чуць прызнанні ў любові да тваёй краіны з вуснаў іншаземца — дзіўна і, тым не менш, вельмі прыемна.

Мікалай Траццякоў — карэнны расіянін, жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу. Палкоўнік запасу, кандыдат тэхнічных навук, сёння ён рупі­цца на пасадзе намесніка дэкана факультэта агратэхналогій і раслінаводства Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Праўда, у асяродку мясцовай творчай інтэлегенцыі Мікалай Афанасьевіч вядомы не толькі як навуковец, але і як паэт з больш чым 20-гадовым стажам. Ён уваходзіць у Санкт-Пецярбургскае гарадское таварыства  Саюза пісьменнікаў Расіі. На днях сустрэча з творцам прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яна сабрала супрацоўні­каў усіх бібліятэчных устаноў раёна, а таксама чытачоў.

Мікалая Траццякова ў адносінах да беларусаў нельга назваць чужынцам. З нашай краінай і,  у прыватнасці, Сенненшчынай яго звязваюць самыя блізкія сувязі. Жонка паэта — Ніна — родам з Дамашэва. Разам вучыліся ў тады яшчэ Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце (сёння  — універсітэт, дзе выкладае Мікалай Трэццякоў). Доўгі час Ніна Сямёнаўна працавала ва ўрадзе Ленінградскай вобласці. Але  малую радзіму ніколі не забывала. Праз жонку адбылося знаёмства з Беларуссю ў Мікалая Афанасьевіча. Штогод сям’я Траццяковых наведваецца ў «сінявокую» да сваякоў. «Беларусь стала светлай фарбай у маім жыцці! Я адпачываю тут душою! — прызнаецца паэт. — Дзіўлюся вашым засеяным палеткам, чысціні вуліц, добрым і спагадлівым людзям».  З першымі ўражаннямі на свет з’явіліся вершы, прысвечаныя Беларусі. У іх ён славіць прыроду, гісторыю, насельнікаў, у тым ліку,  беларусак . Так, напрыклад, паэма «Барвовая медзь», прысвечаная аперацыі «Багратыён», у нечым біяграфічная — бацька Мікалая Афанасьевіча вызваляў Мінск.

Байкі, казкі, гумарэскі, лірыка, паэмы і нават песні — у творчасці паэта Траццякова ёсць месца ўсім жанрам. Як чалавек ваенны,  ён , нярэдка, выступае з імі перад расійскімі і беларускімі вайскоўцамі. Як паэт,  цікавіцца творамі аўтараў абедзвюх краін. Сярод любімых — Лермантаў, Ясенін, Колас, Купала.

Яго паэтычная дзейнасць таксама атрымала прызнанне на высокім узроўні. Мікалай Траццякоў беражліва захоўвае Лісты за подпісамі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, у якіх выказваецца падзяка аўтару за прапаганду сяброўскіх адносін паміж Расіяй і Беларуссю.

У паэтычнай скарбонцы пецярбургскага паэта сем кніг, восьмая на падыходзе. Пазнаёміцца з творчасцю Мікалая Траццякова цяпер могуць і сенненцы. Некалькі паасобнікаў з аўтографам аўтара атрымалі шэраг бібліятэк раёна.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: удзельнікі сустрэчы з М.Траццяковым на прыступках цэнтральнай раённай бібліятэкі.