Прыёмам каратэ навучаць у Сянно

Давялося патрапіць на трэніроўку ў гурток «Рукопашный бой», які не першы год дзейнічае пры Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. І, ведаеце, была ўражана тымі дзецьмі, якія наведваюць заняткі   Уладзіміра Санько.  З жывым бляскам у вачах выхаванцы сачылі за  кожным рухам свайго настаўніка. З вялікім стараннем выконвалі заданні. Па словах дзяцей, заняткі ў гуртку даюць магчымасць навучыцца прыёмам абароны, каб у небяспечных сітуацыях дапамагчы сабе і сваім блізкім.

Уладзімір Віктаравіч шмат  чаму  можа навучыць. Ён — кандыдат у майстры спорту па боксе, майстар спорту па класі­чнай барацьбе і каратэ.  Апроч таго — былы дэсантнік. Уладзімір Санько жыве ў в.Александрова, але адлегласць не перашкаджае прыязджаць да дзяцей не толькі ў Сянно, але і ў Студзёнку. «Дзеці — мая стыхія, — гаворыць трэнер. — я  вучу іх карыснаму.  Канешне, тых, хто гэтага хоча».  Дарэчы,  Уладзімір Віктаравіч яшчэ трэнер па  боксе і каратэ.

Дзеля дзяцей ён гатоў  падстроіцца і пад ўмовы надвор’я, і пад жаданні гурткоўцаў. Уладзімір Віктаравіч не абмяжоўваецца часам, які адведзены для трэніроўкі. Цэлае лета хадзіў з дзецьмі на возера, у паходы, падарожнічаў па раёне.

На занятках гурткоўцы не толькі вучацца спецыяльным прыёмам адзінаборства, яны  ганяюць мяч, гуляюць у шашкі. Трэнеру хочацца, каб яго выхаванцы былі моцнымі, спрытнымі, як у фізічным плане, так і ў плане мыслення.

У наш час складана чымсьці зацікавіць дзяцей. Тэлебачанне, камп’ютары, мабільныя тэлефоны дыктуюць правілы вольнага часу. Уладзімір Віктаравіч знайшоў сваю кагорту. Бу­дзем спадзявацца, што і дзеці не памяняюць абраныя прыярытэты.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.