У СЯННО АДКРЫЛІ ПОМНІК САЛДАТАМ БУЙНЕЙШАЙ ТАНКАВАЙ БІТВЫ.

Тое, пра што марылі, чаго дабіваліся на працягу многіх гадоў сенненскія ветэраны, краязнаўцы, улады, грамадскасць, адбылося. Увекавечана памяць пра буйнейшую ў гісторыі Другой сусветнай вайны танкавую бітву, якая праходзіла  пад Сянно ў ліпені 1941 года. Удзел у ёй прымалі больш за 2000 танкаў, дзесяткі тысяч салдат і афіцэраў. Многія з іх назаўжды засталіся ляжаць у сенненскай зямлі безымяннымі. Менавіта ў гонар тых, хто, ахвяруючы сабой, стаў на шляху ворага, і ўстаноўлены на пастаменце ў цэнтры горада танк ІС-3.

Мітынг з нагоды перадачы яго ад Узброеных Сіл мясцовым уладам прайшоў  у Сянно ў мінулы аўторак. Акрамя гараджан, жыхароў раёна, на яго прыйшлі, прыехалі госці. Расказваючы пра падзеі 70-гадовай даўніны Віктар Цапота, старшыня раённага выканаўчага камітэта, параўнаў супрацьборства танкавых гармат з ударам «стальных кулакоў». Міністр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Юрый Жадобін падкрэсліў, што бітва пад Сянно, «гэтыя гераічныя і адначасова трагічныя старонкі гісторыі Чырвонай Арміі, на жаль, не заслужана былі забыты летапісцамі Вялікай Айчыннай вайны».

І вось справядлівасць адноўлена, вяртаюцца з небыцця імёны ўдзельнікаў тых падзей. Па словах Генадзія Герасімовіча, старшыні Віцебскага абласнога Савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, за апошнія паўтара года  ўдалося аднавіць імёны 58 воінаў-танкістаў, якія загінулі на Сенненчшыне. Картачкі на 10 лётчыкаў, якія не вярнуліся з заданняў пасля вылету на тэрыторыю Сенненскага раёна, ён перадаў старшыні райвыканкама.

Абсыпаліся старыя акопы. Узараны палі, па якіх ішлі ў атаку танкі. Усё менш застаецца  жывых, удзельнікаў тых падзей. Таму так важна данесці да пакаленняў,  не ведаўшых вайны, праўду пра яе. Якая б яна не была горкая.

Аляксандр ЛАЗЮК.

У СЯННО АДКРЫЛІ ПОМНІК САЛДАТАМ БУЙНЕЙШАЙ ТАНКАВАЙ БІТВЫ.: 1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *