СЕННЕНСКІ СПІРТ ПОЙДЗЕ Ў ГЕРМАНІЮ.

У філіяле «Багушэўскі спіртзавод» РУП  «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод  «Прыдзвінне» у апошнія гады адбыліся шматлікія якасныя змяненні.

  Рэканструкцыя апаратнага  аддзялення з укараненнем новай тэхналогіі брагарэктыфікацыі, аўтаматызацыя кіравання тэхналагічным працэсам, увя­дзенне ў  эксплуатацыю спіральных цеплаабменнікаў для расхаладжвання ацукраванага сусла дазволілі палепшыць якасць прадукцыі і павялічыць магутнасць завода. Самым дасканалым абсталяваннем аснашчана   лабараторыя. А набыццё збожжасушылкі дало магчымасць прымаць у гаспадарак збожжа з павышаннай вільготнасцю. У выніку тэхнічнага пераўзбраення аб’ем гатовай прадукцыі складае 653 тысячы далаў у год.  Высокую якасць прадукцыі  падцверджаюць дыпломы Маскоўскага міжнароднага конкурсу спірту, на якім прадпрыемства тры гады запар — 2009-2011 —  займае другое месца.

 Завод уваходзіць у  пяцёрку лепшых аналагічных прадпрыемстваў Беларусі. Прадукт  ідзе не толькі на  Віцебскі лікёра-гарэлачны завод, але і карыстаецца попытам медыцынскай, хімічнай і абароннай прамысловасці. Цікавяцца ёй і замежныя партнёры: Туркменістан, Малдова, Грузія. У мінулым годзе наладжана супрацоўніцтва з Германіяй. Сёлета  плануецца аб’ём экспартных паставак давесці да 160 тысяч далаў.

  Бліжэйшая задача — рэканструкцыя ўчастка вытворчасці спірту з укараненем энергазберагаючых тэхналогій.