У ПЕРШЫ РАЗ У ДЗІЦЯЧЫ САДОК.

Многія бацькі, аддаўшы свайго малыша ў дзіцячы садок, хвалююцца: з кім ён там будзе гуляць, чым зоймецца. І гэта зразумела. Чым жыве садзік, якія заняткі выхавацелі праводзяць з дзеткамі, расказвае загадчыца дзіцячага садка №1 «Солнышко» Святлана Панушкіна.

— Святлана Яўгенаўна, ведаю, што ёсць такія бацькі, якія першы раз прывёўшы сваё дзіця ў сад, яшчэ доўга будуць хадзіць пад вокнамі групы і перажываць: ці плача яно там? Што можна ім  параіць ?

 — Па-першае, не панікаваць. Па-другое, з разуменнем адносіцца да таго, што адбываецца. У дзіцяці мяняецца прывычны яму лад жыцця, яно трапляе ў калектыў. Зразумела,  бу­дзе капрызнічаць, але для бацькоў гэта не падстава для слёз. Ведаеце, перажыванні дарослых перадаюцца і дзецям. У нас добрыя педагогі, якія да кожнага выхаванца знойдуць падыход.

— Адаптацыя дзіцяці ў садку — натуральны працэс. Як дапамагаеце вы прызвычаіцца малышам?

— З 2008 года ў нас існуе адаптацыйная група, яна яшчэ называецца групай выхаднога дня. Кожную суботу па тры з паловай гадзіны псіхолаг і педагог працуюць з дзеткамі і іх бацькамі. Дзіця такім чынам  прывыкае да садка, а бацькі — да  разумення таго, што садзік — першая неабходная ступенька ў навучальным працэсе.  

 — Заняткі  дапамагаюць дзецям?

— Безумоўна, яны намнога хутчэй прывыкаюць да групы.

— Колькі ў садзіку ўзроставых груп?

— На пачатак вучэбнага года ў садзіку знаходзіцца 115 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сфарміраваны шэсць узроставых груп: чатыры садаўскага ўзросту, малодшая і ясельная групы.

— Апроч асноўнай праграмы навучання, якую вам рэкамендуе Міністэрства адукацыі, вы аказваеце і дадатковыя навучальныя паслугі на платнай аснове. Раскажыце пра іх падрабязней.

 — Усе навучальныя заняткі праходзяць у гульнёвай форме, таму што гульня —  вядучы від дзейнасці. У садку працуюць пяць гурткоў. Два — на бюджэтнай аснове: экалагічны гурток «Ромашка» і вакальны — «Солнышко». І тры гурткі на платнай аснове: «Хатха-йога» рэкамендуюць дзецям, якія часта хварэюць, «Фитнес клуб»— займаюцца гімнастыкай, вучацца выконваць практыкаванні пад музыку. У гуртку «Лоскуток» працуюць з паперай, тканінай, дзякуючы гэтым заняткам у дзяцей развіваецца маторыка рук, фантазія. Менавіта такім чынам педагогі дапамагаюць дзецям атрымліваць дадатковыя веды, уменні, развіваюць іх задаткі, здольнасці.

 Хацелася б адзначыць і той факт, што ў садзіку на платнай аснове для свайго дзіця бацькі могуць выкарыстаць паслугі настаўніка-дэфектолага, а таксама, калі гэтага патрабуюць абставіны, выхавальніка і памочніка выхавальніка на даму.

— Грошы, атрыманыя ад аплаты за гурткі, вы выкарыстоўваеце на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы?

— Так, грошы ідуць на гульнёвае абсталяванне. Дарэчы, ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ў гэтым годзе дапамог Юрый Удот, бацька трох нашых выхаванцаў. Ён вырабіў дзіцячую мэблю. Аляксандр Блізнюк, дырэктар РУП «Сенненская ПМК-64», дапамог з фарбай і завёз пясок. Аляксандр Мачульскі, фатограф, які заўсёды прыя­зджае да нашых дзетак, падарыў нам музычны цэнтр.

— Святлана Яўгенаўна, што б вы пажадалі тым бацькам, якія толькі яшчэ збіраюцца прывесці сваё дзіця ў садзік?

— Наведвайце наш клуб маладых маці, створаны пры садзіку. Прыходзьце да нас, пытайцеся, калі што не зразумела, мы заўсёды вам дапаможам.

 Ала Якаўлева.