ЧЫМ ЖЫВЕШ, НЯМОЙТАЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ?

  На тэрыторыі Нямойтаўскага сельсавета знаходзяцца  тры сельскагаспадарчыя арганізацыі: ААТ «Сенненскі райаграсервіс», ААТ «Пурплева», прыватнае прадпрыемства «Дружбінец». У адміністрацыйных межах сельсавета іх землекарыстаннне  складае звыш 15800 гектараў. Акрамя гэтага, дзейні­чае сялянска-фермерская гаспадарка «Раснянская».

  Землі грамадзян займаюць 817 гектараў, у тым ліку прадастаўленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў — 203,4 гектара (866 землеўладальнікаў), вядзення асабістай  падсобнай гаспадаркі — 385,4 гектара (622 землекарыстальнікі). Ёсць землі, выдзеленыя пад агародніцтва і агульнае карыстанне.

Прыярытэты

  Пытанні жыццязабеспячэння: матэрыальны дабрабыт, узровень культуры, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навя­дзенне парадку на зямлі, стварэнне прымальных і здаровых умоў працы, быту і адпачынку, санітарна-гігіенічныя, — былі і застануцца, прыярытэтамі ў дзейнасці сельскага Савета  дэпутатаў, сельскага выканаўчага камітэта.

 З мэтай актывізацыі работы па навядзенні парадку ў населенных пунктах, на вытворчых аб’ектах, вуліцах і дарогах, прылягаючых да іх тэрыторый, штогод сельскім Саветам дэпутатаў сумесна з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый распрацоўваюцца мерапрыемствы,  накіраваныя на вырашэнне тых праблем, з якімі сутыкаецца кожны чалавек у сваёй жыцця­дзейнасці. Гэта ў сваю чаргу павышае свядомасць людзей, працоўную актыўнасць, культуру і адказнасць.

Зямлі – парадак

  Вёска старэе. Гэта бачна нават няўзброеным вокам. Усе  больш незапатрабаваных зямельных участкаў, дзе раней былі агароды і сады сялян, скарачаецца колькасць свойскай жывёлы на  падворках. Старэюць не толькі людзі, але і пабудовы. Таму ўпарадкаванню структуры землекарыстання ўлада пярвічнага  ўзроўню надае вялі­кае значэнне. Ідзе работа па перадачы  невыкарыстоўваемых участкаў, што некалі належалі вяскоўцам, у палі севазваротаў сельгаспрадпрыемстваў. Толькі летась і сёлета такіх зямель  набралася 79 гектараў, якія далучаны да ААТ «Сенненскі райаграсервіс», «Пурплева», ПП «Дружбі­нец». Цяпер прыкладаюцца намаганні для прыцягнення ў севазварот зямельных масіваў паблі­зу пасёлка Праца і вёскі Сукрэмна.

   Пільнай увагі сельвыканкама патрабуе і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №70 «Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і спарахнелых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці». На пачатак гэтага года такіх дамоў было адпаведна 3 і 11. Нямала давялося патраціць часу, каб адшукаць уласнікаў, і пры наяўнасці апошніх, накіраваць прадпісанні па ўтрыманні і выкарыстанні пабудоў. У выніку адзін дом прыведзены ў парадак, чатыры — знесена, у тым ліку тры — за кошт бюджэту. Сёння працягваецца работа па двух пустуючых і сямі трухлявых дамах.

 Нават звычайны пералік таго, што рабілася на тэрыторыі сельсавета па добраўпарадкаванні ўражвае і дае ўяўленне аб маштабах гэтай работы, выкананай уласнымі сіламі і з прыцягненнем шэфаў арганізацый з Сянно і Першамайскага раёна г. Віцебска:  высечаны кустарнікі і агароджаны сельскія пагосты ў аграгарадку Нямойта і вёсцы Забор’е; ачышчаны і адрамантаваны тры калодзежы, добраўпарадкавана пяць могі­лак; зведзена сем аварыйных дрэў; упарадкаваны прысядзібныя зямельныя ўчасткі ў вёсцы Багданава; ліквідавана несанкцыяваная звалка бытавых адходаў у Будзішчы; абрэзаны дрэвы і высечаны кустарнік у Нямойце; праведзены месячнік па добраўпарадкаванні і паляпшэнні санітарнага стану населеных пунктаў (пабелка дрэў, уборка смецця, абрэзка дрэў і высечка кустоўя і г.д.).

  У выкананні гэтых работ больш актыўна, чым раней, прымала ўдзел насельніцтва. Трэба адзначыць, што такая актыўнасць была выклікана не столькі ўзросшай свядомасцю грамадзян, колькі той работай, якую правёў сельвыканкам сярод насельніцтва. Быў зроблены падворны абход грамадзян сельсавета з мэтай азнаямлення іх з правіламі супольнага пражывання, утрымання жылых дамоў і прыдамавых тэрыторый. Яшчэ раз былі прыгаданы санітарныя нормы і правілы па добраўпарадкаванні, меры адміністрацыйнай адказнасці за іх парушэнне, выдадзенны папярэджанні па ліквідацыі выяўленных недахопаў.

На сёлетні год на добраўпарадкаванне сельскаму Савету выдзелена 9 мільёнаў 905 тысяч рублёў. Па выніках васьмі месяцаў з іх на рахунку засталося 305 тысяч рублёў. Па лініі ­а­дзела занятасці ўпраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне  асвоена 18 мільёнаў рублёў. На мэты добраўпарадкавання і рашэнне сацыяльных праблем жыхароў сельсавета расходаваны таксама сродкі самаабкладання ў памеры 1522 тысячы рублёў.

 Работай па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні вытворчых і сацыяльных аб’ектаў трэба займацца пастаянна. Дом знёс — і яго няма. А бур’ян сёння выкасіў, кустоўе высек, а яны праз пэўны час зноў буяюць. Таму толькі рэгулярна падтрымліваючы парадак, можна  дасягнуць чакаемай мэты.

Добраахвотныя памочнікі

Сельвыканкам у рашэнні сацыяльных праблем мае добраахвотных памочнікаў — старэйшын вёсак. Гэта, як правіла, паважаныя жыхары, да думкі і парад якіх прыслухоўваюцца вяскоўцы. Імі арганізуюцца санітарныя дні, суботнікі па навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях,  могілках, ажыццяўляецца догляд помнікаў, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, брацкіх і грамадзянскіх могілак, кантралюецца стан міні-палігонаў, спыняюцца спробы арганізацыі несанкцыяваных звалак і інш.

  Старэйшыны словам і справай вядуць за сабой аднасяльчан. Напрыклад, прыцягвае ўвагу падвор’е дэпутата сельскага Савета дэпутатаў і старэйшыны вёскі Будзішча Галіны Мяцеліца. Тут чысціня і парадак, усё зроблена з густам, па-гаспадарску. Аднавяскоўцы бяруць з яе прыклад. Таму Будзішча — адна 

 з самых   добраўпарадкаваных вёсак сельсавета. Па ініцыятыве Галіны Мікалаеўны сіламі  вяскоўцам абсталявана месца адпачынку.

 Пад кіраўніцтвам старэйшыны вёскі Рай (ААТ «Пурплева») Галіны Чарновай аднасяльчанамі ўпарадкаваны мясцовыя могілкі. Яна здолела пераканаць лю­дзей: калі  жадаеце, каб вашы магілы не зараслі кустоўем і быльнягом, трэба клапаціцца , аб  месцы пахавання продкаў.

 Старэйшына вёскі Папоўка Ала  Шмурадка арганізавала ачыстку двух шахтавых кало­дзежаў, грэйдзіраванне пад’езда да населенага пункта і вуліц, актыўна ўплывала на свядомасць  аднасяльчан, у выніку — рэгулярна абкашваюцца прыдамавыя тэрыторыі.

 Сельскім выканаўчым камітэтам зацвер­джана палажэнне аб аглядзе-конкурсе на лепшую сядзібу, установу сацыяльнай сферы па добраўпарадкаванні. А галоўнае, тут ніколі ні забываюць падвесці вынікі і заахвоціць пераможцаў.

 Аб тым, што вопыт работы Нямойтаўскага сельскага Савета дэпутатаў і сельвыканкама заслугоўвае ўвагі, гаворыць і нядаўняе выяздное пасяджэнне прэзідэума раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося тут у канцы жніўня.

НА ЗДЫМКАХ: фота на памяць ля помніка прыроды  «Чортаў камень»,  што непадалёк  ад вёскі Вароніна; члены выязнога прэзі­дыума райсавета знаёмяцца з работай клуба-музея ў вёсцы Расна; гасці­нна сустракаюць прадстаўнікоў сельскіх выканкамаў удзельніцы міні-праекта «Мы разам» з вёскі Папоўка.